— Яны ішлі ў Плавуны да сваіх знаёмых, каб там разам вудзіць рыбу.
— Зразумела, — прагаварыў участковы і павярнуўся на шум матора — проста па полі да іх набліжаўся міліцэйскі уазік у суправаджэнні «хуткай дапамогі». — А вось і пракуратура едзе.
— Мне зараз можна ісці? — і такая надзея гучала ў голасе жанчыны, што Кухару стала яе шкада.
— Я думаю, што следчы вас надоўга не затрымае і хутка адпусціць.
Следчы, капітан Міклашэвіч, за руку павітаўся з Кухарам, строга, быццам
першага падазронага, агледзеў Веру Мікалаеўну і павярнуўся да двух аператыўнікаў і маладзенькай жанчыны-эксперта:
— Вы, хлопцы, пакуль агледзьце месца злачынства, а я пагутару са сведкай.
— Я нічога не бачыла, — адразу адгукнулася загадчыца бібліятэкі. — Я тут па просьбе Андрэя Сяргеевіча, сачыла, каб ніхто не наблізіўся да памерлага.
— Хто такі Андрэй Сяргеевіч і ад каго ён даведаўся пра труп?
— Андрэй Сяргеевіч — гэта я, — уступіў у гутарку Кухар, — а Вера Мікалаеўна загадвае мясцовай бібліятэкай. Раніцай два хлопчыкі з Лядава ішлі ў суседнюю вёску да сваіх сяброў, убачылі на беразе рэчкі нябожчыка і паведамілі пра гэта ёй. Яна патэлефанавала мне, і я папрасіў яе падзяжурыць да майго прыезду.
— З гэтым разабраліся, — палагоднеў следчы. — А дзе зараз тыя хлопчыкі?
— Я іх адпусціла дахаты, бо яны і так вельмі перапалохаліся.
Следчы хітнуў галавой, нешта памеціў у сваім нататніку, зірнуў на высокае ўжо сонца, уздыхнуў:
— Зноў дзень будзе спякотным.
— Мне можна ісці? — не падтрымала перажыванняў Міклашэвіча Вера Мікалаеўна. — У мяне рабочы дзень у самым разгары.
— Можаце быць свабоднымі, — не задумваючыся дазволіў следчы і адразу забыўся на жанчыну. — Пайшлі, капітан, паглядзім на нябожчыка.
Калі работнік пракуратуры і ўчастковы падышлі да берага Мірэі, эксперт ужо заканчвала агляд кішэняў вопраткі незнаёмца. Сам нябожчык, даволі малады і прыгожы хлопец, ляжаў на спіне на беразе, а яго ногі амаль поўнасцю амываліся рачной вадой. Па ўсім было бачна, што памёр ён раптоўна і хутчэй за ўсё ад сардэчнага прыступу. Гэта пацвердзіла і эксперт:
— Труп на сто працэнтаў не крымінальны, — бясколерным голасам прагаварыла яна. — Памёр чалавек учора вечарам, слядоў барацьбы няма, аднак што дзіўна — ні пашпарта, ні грошай, ні аўтобуснага квітка ў яго кішэнях я не знайшла. Ну не могуць быць поўнасцю пустымі столькі кішэняў, — жанчына патрэсла ў паветры новым джынсавым касцюмам. — Толькі ў адной з кішэняў я знайшла гузік ад абмундзіравання польскага жаўнера, ды і той чамусьці прышыты. Вы бачылі, Павел Казіміравіч, каб нехта насіў у кішэні прышыты гузік ад ваеннай формы?
— Я многа што бачыў, — сур’ёзна адказаў Міклашэвіч і павярнуўся да аператыўнікаў:
— Што ў вас?
— Чалавек вечарам вырашыў паплаваць з маскай, папаляваць на шчупака, аднак не разлічыў, што тут вада вельмі халодная і як вынік — інфаркт.
— Чаму менавіта тут? — больш у сябе, чым у прысутных, запытаўся Кухар.
— Ну памёр бы ён вунь у той затоцы, тады б ты пытаўся чаму там, а не тут, — пажартаваў адзін з аператыўнікаў. — А вось чаму ён без грошай і без дакументаў — гэта ўжо і сапраўды цікава і з гэтым трэба разбірацца.
— Вось і разбірайцеся, — Міклашэвіч выцягнуў з кішэні цыгарэты, закурыў і, убачыўшы, што аператыўнікі не зрушыліся з месца, а таксама стаяць і кураць, павысіў голас:
— Хопіць паліць! Бярыце з сабой участковага і ідзіце апытваць калгаснікаў, а ў першую чаргу пагутарце з дзецьмі, якія знайшлі гэтага небараку.
3
Бліжэй за іншых да Гіблай затокі жыў Іван Хлястоў. Яго двор размяшчаўся на пагорку і быў абнесены старым, высокім парканам. Побач з парканам знаходзіўся невялікі, яблынь на шэсць, сад і гэткі ж невялічкі гародчык.
— Бы ў крэпасці жыве, — адзначыў адзін з аператаўнікаў. — Значыць, ёсць што хаваць ад суседскага вока.
— Наконт дабра не ведаю, а вось сам Іван — чалавек прыжымісты, крыху дзікаваты, нелюдзімы і неразгаворлівы. Да пенсіі працаваў у калгасе конюхам, стасункаў з людзьмі практычна не меў і адносін ні з кім так і не наладзіў, а таму сяброў не мае.
— А родныя, жонка, дзеці?
— Пра родных нічога не чуў, а жонка збегла ад яго, не вытрымаўшы і трох гадоў сумеснага жыцця, пакінуўшы яму немаўля-сына.
— І дзе зараз сын?
— Шафёрыць на аўтабазе.
Зблізку двор Івана выглядаў не так злавесна, як ад рэчкі. Старая, пачарнелая ад часу і дажджоў брама, была яшчэ даволі моцнай. Брамка, якая размяшчалася побач, нядаўна рамантавалася і зараз надзейна бараніла свайго гаспадара ад няпрошаных гасцей. Дошкі паркана хоць і былі чорныя, але сярод іх не відаць ніводнай трухлявай ці падгнілай. Яблыні саду ахайна падрэзаны і пабелены, у гародчыку таксама панаваў парадак.
Читать дальше