— А ты не тут жывеш?
— Не, жыву я ў Смаленску, працую настаўнікам, а да маці прыязджаю на вакацыі ці на святы.
— Зразумела, — Кухар пачакаў, накуль Грышка разалье па кубках кіпень і толькі потым запытаўся:
— А дзе вы ўчора сустрэліся з..., — ён на імгненне сумеўся, — з чалавекам, які пакінуў у вас свае рэчы?
— З Максімам? Мы з ім адным аўтобусам ехалі ў Дубоўну. Разгаварыліся. Аказалася, што яго цікавіць наша Гіблая затока, таму я і прапанаваў яму яе паказаць.
— На чым вы прыехалі ў Лядава?
— У Дубоўне на аўтастанцыі нанялі нейкага прыватніка і ён за дзесяць рублёў прывёз нас сюды. Я паказаў Максіму затоку, і мы пайшлі да мяне. Я думаў, што Максім тут пераначуе, а ўжо раніцай пачне свае даследаванні, аднак ён узяў ласты, маску і гарпун і пакрочыў да рэчкі, сказаў, што хоча паплаваць.
— А аб чым вы размаўлялі? Што зацікавіла Максіма ў Гіблай затоцы, месцы, якое абыходзяць усе мясцовыя жыхары?
— Я не ведаю, якія дзівосы прывабілі яго да нашай рэчкі, аднак з гісторыі нашай дзяржавы ён ведае шмат займальнага, пазнавальнага, нам невядомага. Ды і суразмоўца ён цікавы, — Грышка асцярожна падштурхнуў бліжэй да госця пернікі і прадоўжыў:
— Мы з ім шмат пагаварылі аб сэнсе жыцця, іншапланецянах, сусветным розуме, НЛА.
— І вы, настаўнік, верыце ў кантакты з іншапланецянамі? Азірніцеся — на двары восемдзесят пяты год дваццатага стагоддзя!
— А вы не верыце? — Грышка хітра ўсміхнуўся, і Кухар адчуў, што знянацку зачапіў любімую тэму гаспадара. Аднак адступаць было позна, ды і сам капітан, неаднойчы перад сном, часта разважаў на падобныя тэмы. — Вы ж не думаеце, што іншапланецянін будзе размаўляць з вамі так, як гэта тут робім мы? Не, кантакт будзе адбывацца тэлепатычна, праз абмен думкамі. А зараз скажыце, Вы размаўляеце самі з сабой?
— Здараецца размаўляю, нават спрачаюся.
— А ў вас што, унутры жыве нехта гэткі ж разумны, як і вы? Не, гэта вы сам. А вы ў гэтым упэнены? Чаму вы раіцеся самі з сабой, чаму не робіце так, як задумалі адразу? А раптам вы пытаецеся парады не ў сябе, а ў некага іншага, якога проста не бачыце з-за недасканаласці нашага вока? Памятаеце, колькі пісьменнікаў апісвалі свае дыялогі з чортам ці д’яблам? Аднак вы ж разумееце — тое, што кажа чорт, нараджаецца ў галаве пісьменніка, а гэта зусім не азначае, што ў ёй чорт і жыве. Таму я веру, што ў Сусвеце існуе адзіная логіка і адзіны розум, і згодна ім, знешняя сіла не павінна ўздзейнічаць на падзеі на нашай планеце. Аднак тыя людзі, якія вырашаюць гісторыю зямлі, зусім не цікавяцца парадамі з космасу. Больш таго, напрошваецца вывад аб змове вялікіх краін, якія замоўчваюць або скажаюць факты прысутнасці на нашай планеце прадстаўнікоў іншага розуму.
— Я прадстаўнік сілавых структур, — Кухару пачала надакучваць такая гутарка ні аб чым, — і якія факты я перад вамі скажаю? Я прашу вас расказаць мне пра канкрэтнага чалавека, а вы расказваеце мне пра сусветны розум.
— Мы жывём не ў вялікай краіне, а вы — усяго толькі малюсенькі вінцік у яе механізме. Аднак вы пыталіся ў мяне, чаму Максіма зацікавіла наша Гіблая затока. Вы не верыце агульным словам, тэорыі, верыце толькі фактам. Што ж, даю факты. Мой бацька ў сорак трэцім годзе быў дзесяцігадовым смаркачом і ён мне расказаў, што ў верасні таго года да гэтай затокі на дзвюх машынах фашысты прывезлі нейкіх палонных людзей, мабыць, чалавек дзесяць-дванаццаць. Фашысты адразу пачалі нешта вымяраць ля рэчкі, забіваць у зямлю калкі, чарціць нейкія планы, а палонныя прыняліся капаць траншэю ўздоўж берага. Мой бацька тады вудзіў непадалёку і, заўважыўшы чужынцаў, схаваўся ў кусты, пачаў назіраць за імі. Ён бачыў, як раптам над затокай заклубіўся туман, як з гэтага туману з’явілася здань у вобразе чалавека і як яна пачала доўгім мячом сячы тых, хто знаходзіўся ля рэчкі. Фашысты крычалі ад жаху, стралялі па здані з аўтаматаў, аднак яна не звяртала на кулі ўвагі і секла людзей, пакуль не пазабівала ўсіх. Потым яна знікла, растварылася ў рачной вадзе разам з туманам. А самае цікавае — на целах забітых не было ні крыві, ні нават глыбокіх драпін. Праз тры тыдні вёску вызваліла савецкая армія і пра тое здарэнне бацька больш не ўспамінаў.
Магчыма, Максім у архівах знайшоў нейкую інфармацыю пра той выпадак і яго ён зацікавіў, не ведаю, ён мне аб сваёй рабоце нічога не расказваў. Гучыць неверагодна, праўда? Мне аб ім расказаў бацька перад сваёй смерцю, аднак я ўсё роўна недзе ў глыбіні душы сумняваюся ў яго праўдзівасці, спадзяюся, што тады яму гэта падалося са страху.
Читать дальше