За гэты час яна павінна шмат што разведаць, каб прымусіць яго загаварыць.
Спачатку плашч. У кішэнях нічога не было, акрамя пачка запалак і цыгарэт «Голд Флейк». Яна ўзяла брыль і прашчупала стужку і паглядзела за падшыўкаю. Ёй ужо даводзілася часам знаходзіць вельмі патрэбную інфармацыю, схаваную ў брылі, але ў доктарскім нічога не аказалася. Зараз наступіў самы небяспечны момант вобыску — бо брыль і нават кішэні плашча можна агледзець непрыкметна, а сцягнуць чамадан з сеткі, узламаць замок сцізорыкам і падняць века — гэта ўжо надта падводзіла яе пад пагрозу быць абвінавачанай у крадзяжы. Дый яшчэ адно лязо сцізорыка зламалася, калі яна корпалася з замком. Кожны, хто пройдзе міма купэ, адразу здагадаецца, чым яна тут займаецца. З пакрытым потам ілбом яна ўсё болей шалела ад спешкі. «Калі мяне заспеюць тут, звальнення не пазбегнуць. Самая танная газеціна ў Ангельшчыне не даравала б такога, а калі мяне выганяць, я страчу Джанет і шанцы займець Корал. А калі дасягну сваёй мэты, — думала яна, тузаючы, піхаючы, абдзіраючы пазногці, — мне дадуць усё, што захачу, у абмен на такі матэрыял можна будзе патрабаваць надбаўку, прынамсі, чатыры фунты ў тыдзень. Я змагу наняць большую кватэру. Калі Джанет даведаецца пра гэта, яна вернецца да мяне, тады ўжо яна мяне не кіне. За такія грошы я куплю сабе шчасце і спакой», — мільганула ў галаве, і замок, нарэшце, падаўся, века паднялося, і яе пальцы дабраліся да тайнікоў доктара Цынера. І першым такім тайніком быў шарсцяны бандаж.
Яна асцярожна падняла яго і знайшла пашпарт. Ён быў на імя Рычарда Джона, прафесія — настаўнік, узрост — пяцьдзесят шэсць год. «Гэта яшчэ нічога не значыць, — думала яна. — Усе яны, падазроныя чужаземныя палітыкі, добра ведаюць, дзе купіць пашпарт». Яна паклала пашпарт туды, дзе знайшла, і пачала мацаць рукамі адзенне, прабіраючыся да сярэдзіны чамадана, да таго месца, куды не даходзяць звычайна мытнікі, — яны заўсёды правяраюць багаж знізу і збоку. Яна спадзявалася адшукаць якую-небудзь брашуру ці пісьмо, але там аказаўся толькі стары «Бедэкер» [13] Папулярныя і шырока распаўсюджаныя ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў даведнікі па розных краінах Эўропы, якія выдаваліся серыямі ў Германіі; названыя па імені пачынальніка серыі.
выдання 1914 года — «Канстанцінопаль, Малая Азія, Балканы, Архіпелаг, Кіпр», загорнуты ў штаны. Аднак Мейбл Уорэн рабіла ўсё старанна і дакладна: мяркуючы, што яшчэ каля хвіліны ёй нічога не пагражае. Калі аглядаць ужо болей нічога не засталося, яна раскрыла «Ведэкер» — дзіўна было, чаму ён так старанна схаваны. Яна паглядзела на форзац і з расчараваннем прачытала імя Рычарда Джона, напісанае дробным няроўным почыркам — кончык пяра крэмзаў паперу. Але пад прозвішчам быў напісаны адрас: Скул Хаўс, Грэй Берчынгтан-он-Сі — яго варта было запомніць. «Кларыён» можа паслаць туды супрацоўніка ўзяць інтэрв'ю ў дырэктара школы. Пэўна, з гэтага можа атрымацца неблагі матэрыял.
Даведнік, відаць, быў куплены ў букініста, вокладка была вельмі пашарпаная, на форзацы наклейка з імем прадаўца на Чарынг-Крос-роўд. Яна разгарнула кнігу на раздзеле, прысвечаным Белграду. Там была схема горада памерам на старонку, яна была ададраная ад карашка, але ніякіх паметак на ёй не было. Міс Уорэн прагледзела кожную старонку, прысвечаную Белграду, потым кожную пра Сербію, кожную пра дзяржавы, якія цяпер уваходзяць у склад Югаславіі, — нічога там не было асабліва прыметнага, апроч чорнай кляксы. Яна кінула б пошукі, калі б не знайшла кнігу ў такім месцы. Упарта, не давяраючы сваім вачам, яна ўпэўнівала сябе, што кніга была схавана нездарма, значыцца, у ёй павінна быць тое, што трэба было схаваць. Бегла праглядаючы старонкі і прытрымліваючы іх вялікім пальцам — яны клаліся няроўна з-за мноства складзеных карт, — яна ўбачыла на адной старонцы нейкія лініі, кружочкі і трохкутнікі, накрэсленыя чарнілам паверх тэксту. Але ў тэксце ішла гаворка толькі пра нейкае невядомае мястэчка ў Малой Азіі, лініі ж маглі быць накрэмзаны няўмелай рукой дзіцяці з дапамогай лінейкі і цыркуля. Вядома, калі гэтыя лініі — нейкі код, толькі эксперт змог бы іх расшыфраваць. «Ён мяне перамог, — з нянавісцю падумала яна, прыводзячы ў парадак усё, што было ў чамадане, — тут нічога няма». Але ёй не захацелася класці «Бедэкер» назад на месца. Калі ён яго схаваў, у гэтай кнізе нешта не так. Рызыка ўжо і так была даволі вялікая, таму яна, не раздумваючы доўга, вырашыла яшчэ крыху рызыкнуць. Зачыніўшы чамадан, яна паклала яго назад на сетку, а «Бедэкер» засунула пад кофтачку і заціснула пад пахай — там можна было прытрымліваць яго збоку рукой.
Читать дальше