Аднак вяртацца адразу на сваё месца было неразумна — яна можа сустрэць па дарозе доктара Цынера. Тут яна нагадала Куіна Сейвары, у якога збіралася ўзяць інтэрв'ю на вакзале. Твар яго быў ёй добра вядомы па фатаграфіях у «Татлеры», па карыкатурах у «Нью-Йоркеры», па накідах алоўкам у «Меркурыі». Блізарука прыплюснуўшы вочы, яна крадком глянула ўздоўж калідора, потым хутка пайшла па вагоне. У першым класе Куіна Сейвары шукаць не было чаго, але яна знайшла яго ў спальным вагоне другога класа. Уткнуўшыся падбароддзем у каўнер паліто, абхапіўшы рукою люльку, ён сачыў маленькімі бліскучымі вочкамі за тымі, хто праходзіў па калідоры. У кутку насупраць драмаў святар.
Міс Мейбл Уорэн адчыніла дзверы, увайшла ў купэ і села з упэўненым выглядам, не чакаючы запрашэння. Яна ведала, што прапануе гэтаму чалавеку тое, чаго ён сам прагне, — папулярнасць, а сама не атрымлівае нічога раўнацэннага ўзамен. Не было патрэбы звяртацца да яго лісліва, завабліваць яго намёкамі, як яна старалася завабіць доктара Цынера, бо яна магла абразіць Сейвары беспакарана, бо ад прэсы залежаў продаж яго кніг.
— Вы містэр Куін Сейвары? — спытала яна і краем вока ўбачыла, што святар глянуў на свайго суседа з павагай і цікаўнасцю. «Ну і ёлуп няшчасны, — падумала яна, — яго ўразіў тыраж у сто тысяч, а мы прадаём два мільёны — у дваццаць разоў болей людзей прачытаюць заўтра пра доктара Цынера». — Я карэспандэнт газеты «Кларыён». Хачу ўзяць у вас інтэрв'ю.
— Мяне гэта неяк застала неспадзеўкі, — сказаў містэр Сейвары, высунуўшы падбароддзе з-пад каўнера паліто.
— Не трэба хвалявацца, — звыкла вымавіла міс Уорэн. Яна выцягнула з сумачкі блакнот і адкрыла яго. — Толькі некалькі слоў ангельскім чытачам. Падарожнічаеце інкогніта?
— О не, не, — запярэчыў містэр Сейвары. — Я не належу да каралеўскай сям'і.
Міс Уорэн пачала пісаць.
— Куды вы едзеце?
— Ну, перш-наперш, у Канстанцінопаль, — сказаў містэр Сейвары з прамяністай усмешкаю, усцешаны цікавасцю да яго асобы. Але яе цікаўнасць ізноў перакінулася на «Бедэкер», на нядбайна накрэсленыя геаметрычныя фігуры. — Потым, магчыма, у Анкару, на Далёкі Ўсход, у Багдад, у Кітай.
— Пішаце кнігу падарожжаў?
— Ах, не, не! Мае чытачы чакаюць рамана. Ён будзе называцца «Паехалі за граніцу». Прыгода аднаго вясёлага кокні. Гэтыя краіны, іх цывілізацыі, — ён акрэсліў рукой кола ў паветры. — Германія, Турцыя, Аравія, яны будуць толькі фонам галоўнаму герою, уладальніку тытунёвай крамы ў Лондане. Разумееце?
— Вядома, разумею, — адказала міс Уорэн, хутка запісваючы: «Доктар Рычард Цынер, адзін з буйнейшых рэвалюцыйных дзеячаў пасляваеннага часу, у дарозе на радзіму, у Белград. Пяць гадоў усе лічылі яго забітым, аднак увесь гэты час ён жыў і працаваў настаўнікам у Ангельшчыне, чакаючы спрыяльных абставін». — «А якіх?» — разважала міс Уорэн.
— Ваша думка пра сучасную літаратуру? — спытала яна. — Пра Джойса, Лоўрэнса і ўсіх іншых?
— Усё гэта мода, а яна, як вядома, мінае, — экспромтам адказаў містэр Сейвары, нібыта стварыў эпіграму.
— А як наконт Шэкспіра, Чосера, Чарльза Рыда [14] Ангельскі пісьменнік (1814–1884), аўтар гістарычных раманаў.
і іншых?
— А вось яны будуць жыць, — урачыста вымавіў містэр Сейвары.
— А багема? Што вы пра яе думаеце? Таверна Фіцроя? [15] Папулярная ў 20-30-х гадах кавярня пісьменнікаў у Лондане, у арыстакратычным раёне Соха.
— «Быў выпісаны ордэр на яго арышт, — пісала яна, — але яго нельга было выкарыстаць да заканчэння судовага працэсу. Калі суд закончыўся, доктар Цынер знік. Паліцыя арганізавала назіранне за ўсімі вакзаламі і спыняла кожны аўтамабіль. Нічога дзіўнага, што неўзабаве пайшлі чуткі, нібыта доктар Цынер быў забіты агентамі ўрада».
— Вы не прыхільнік эксцэнтрычнага адзення, чорнага брыля, аксамітнай курткі і г. д.?
— Думаю, што такія экстравагантнасці губяць пісьменнікаў, — сказаў містэр Сейвары. Цяпер ён адчуваў сябе ў сваёй талерцы і, працягваючы гаворку, крадком пазіраў на святара. — Я не паэт. Паэт — індывідуаліст. Ён можа апранацца як хоча, ён залежыць толькі ад сябе самога. Празаік залежыць ад іншых людзей, ён звычайны чалавек, які здольны выказваць свае думкі. Ён — назіральнік, — працягваў містэр Сейвары, усё болей уваходзячы ў ролю папулярнага пісьменніка. — Ён павінен усё бачыць навокал, а сам мусіць заставацца непрыкметны. Калі ж людзі пачынаюць яго пазнаваць, то яны нізавошта не будуць з ім шчырыя, а пачнуць несці рознае глупства, расказваць байкі, і ніякай карысці з гэтага яму не будзе.
Читать дальше