— А што вы зрабілі?
— Нічога. Я моцна спаў. Гэта выглядала жахліва. З таго часу я нават на адну ноч не магу заставацца тут.
— «Ідзіце сюды. Ідзіце сюды».
— Якая яна была з сябе?
— Я нічога пра яе не памятаю.
— Вы не ўяўляеце, як мне абрыдла жыць з жанчынай, — ціха сказала Джанет Пардаў.
Іх рукі выпадкова сустрэліся на стале і так і засталіся побач. Праекцыйныя ліхтарыкі, якія віселі ў кустах, адбіваліся ў яе каралях. У самым канцы саду, за яе плячыма, Майет убачыў Стэйна, які прабіраўся паміж столікамі з люлькай у руцэ. Гэта была масіраваная атака. Яму трэба было б толькі нахіліцца да яе і зрабіць ёй прапанову, і тады будзе ўладкавана не толькі яго сямейнае жыццё, але і нешта большае: ён купіць фірму Стэйна за прапанаваную ім цану, і той будзе цалкам задаволены, — бо яго пляменніца будзе членам праўлення. Стэйн падышоў бліжэй і памахаў яму люлькай: яму давялося абысці п'яніцу, які валяўся на зямлі, і ў час гэтай перадышкі ў Майета не ўзнікла ніякай іншай думкі, якая б пярэчыла яго будучаму сямейнаму шчасцю. Ён згадаў Корал і іх нечаканую дзівосную сустрэчу: тады ён не думаў, што ўсё гэта так звыкла, як дым цыгарэты, але яе твар ён памятаў цьмяна, магчыма, таму што ў цягніку было амаль цёмна. Яна была бландзінка, яна была тоненькая, але ён не мог успомніць рысаў яе твару. «Я зрабіў для яе ўсё, што змог, — запэўніваў ён сябе, — і, прынамсі, мы ўсё адно рассталіся б праз некалькі тыдняў. А мне ўжо час заводзіць сям'ю».
Стэйн ізноў памахаў люлькай, а «Дзяўчаты Дана» тупнулі ножкамі і засвісталі ў свісткі.
Памятаю, на вакзале
Мы нашу цётку сустракалі.
Фью, фью, фью.
— Не вяртайся да яе. Застанься са мной, — сказаў Майет.
Падышоў экспрэс Стамбульскі,
Нам насустрач брылі, блузкі.
Фью, фью, фью.
Яна кіўнула галавой, і рукі іх з'ядналіся. «Цікава, кантракт ужо ў кішэні ў Стэйна?» — падумаў Манет.
Жыд, жыд (фр.).
Вось бачыце (фр.).
Лонданскую «Таймс». Што такое? Няма нічога? «Матэн» і «Дэйлі Мейл». Добра. Дзякуй (фр.).
Колькі каштуе? Тры франкі. Ну і ну! (фр.).
«Жыццё» (фр.).
Першая змена, першая змена (фр.).
Па-талейранску (фр.).
Вуліца ў Лондане.
Марка дарагога аўтамабіля кампаніі «Ролс-ройс».
Карэнны жыхар Лондана.
Універсальная крама ў Лондане, дзе гандлююць таннымі таварамі.
Рубі М. Эйрэс (1883–1962) — папулярная ў 20-я гады ангельская пісьменніца, аўтар бульварных раманаў.
Папулярныя і шырока распаўсюджаныя ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў даведнікі па розных краінах Эўропы, якія выдаваліся серыямі ў Германіі; названыя па імені пачынальніка серыі.
Ангельскі пісьменнік (1814–1884), аўтар гістарычных раманаў.
Папулярная ў 20-30-х гадах кавярня пісьменнікаў у Лондане, у арыстакратычным раёне Соха.
Кава з малаком (ням.).
Добры вечар (ням.).
На дапамогу! На дапамогу! (ням.)
Паліцыя (ням.).
Эдмунд Бэрк (1729–1797) — ангельскі дзяржаўны дзеяч і пісьменнік. Выказванне, на якое спасылаецца міс Уорэн, на самай справе належыць другому ангельскаму пісьменніку Оліверу Голдсміту (1728–1774).
Білет, калі ласка (ням.).
Добры дзень (ламаная фр.).
Я не гавару па-ангельску (ням.).
Рэстаран, пошта, бюро даведак (скаж. эсперанта).
Тэатры і кабарэ (скаж. эсперанта).
Югаслаўская манета, адна сотая дынара.
Я не размаўляю па-ангельску (ням.).
Вады (ням.).
Ангелец? (ням.)