— Я ні разу не сядзеў у турме. Вы, напэўна, здзіўляецеся, але гэта праўда. У маім узросце мне гэта зусім непатрэбна. Ды яшчэ збіраюцца выслаць мяне ў Аўстрыю.
— А вас там шукаюць?
Ёзеф Грунліх аправіў камізэльку, пры гэтым яго срэбны крыжык варухнуўся.
— Вам, прынамсі, я магу прызнацца. Мы ж з вамі заадно, га? — ён крыху нахіліў галаву, нібыта ад прыліву сціпласці. — Я забіў чалавека ў Вене.
— Значыць, вы — забойца? — з жахам спытала Корал.
«Мне б дужа хацелася расказаць ім усё, як было: я ж так спрытна ўсё зрабіў, навошта трымаць у сакрэце? — разважаў Ёзеф Грунліх. — Як хутка ўсё адбылося! «Зірніце туды, гер Кольбер!» Тузаю за шнурок, цэлюся, страляю двойчы, перадсмяротная сутарга, чалавек забіты — і ўсё за нейкія дзве секунды. Але ж лепей не расказваць». Ён згадаў перасцерагальны дэвіз сваёй прафесіі — непарушнае правіла, якое стрымлівае занадта самаўпэўненых: «Ніколі не ведаеш, што цябе чакае наперадзе».
Ён засунуў палец за каўнер і бесклапотна сказаў:
— Я мусіў быў пайсці на гэта. Пытанне гонару. — Грунліх крыху павагаўся. — Ён… Як бы вам сказаць? Ён зрабіў пуза маёй дачцэ.
Ён ледзь стрымаўся ад смеху, калі прыгадаў Кольбера, маленькага і хударлявага, і яго раззлаваны вокліч: «Зрабіць з маёй кватэры бардэль!»
— Вы на самай справе забілі яго толькі таму, што ён зняславіў вашу дачку? — здзіўлена спытала Корал.
Ёзеф Грунліх рассеяна падняў рукі ўгору, паглядаючы ўверх на акно і прыкідваючы, ці высока яно ад падлогі.
— А што мне заставалася рабіць? Яе гонар, мой гонар…
— Божухна, якое шчасце, што ў мяне няма бацькі!
— А шпілька ў вас ёсць? — раптам спытаў Грунліх.
— Якая шпілька?
— Ці сцізорык?
— Няма ў мяне ніякіх шпілек. Навошта яны мне?
— У мяне ёсць ножык для паперы, — прапанаваў доктар Цынер. Падаючы яго Грунліху, ён спытаў: — Вы не скажаце, колькі часу мы тут ужо сядзім? Мой гадзіннік спыніўся.
— Гадзіну, — адказаў Грунліх.
— Значыць, засталося яшчэ дзве гадзіны, — задуменна сказаў доктар Цынер.
Двое іншых не пачулі яго. Ёзеф на дыбачках падышоў да дзвярэй з нажом для паперы ў руках, а Корал назірала за ім.
— Хадзіце сюды, паненка, — сказаў Ёзеф і, калі яна падышла да яго, шэптам спытаў: — Ёсць у вас які-небудзь тлушч?
Яна выцягнула з сумачкі бляшанку з крэмам, і ён густа памазаў ім замок у дзвярах, пакінуўшы чыстым толькі невялікую частку замка. Ён ціхенька засмяяўся, сагнуўся амаль удвая, разглядаючы замок.
— Вось гэта замок! — радасна шапнуў ён. — Вось так замок!
— А навошта вам крэм?
— Каб не было шуму. Крэм дапаможа мне дзейнічаць без шуму. — Ён вярнуўся да астылай печы і махнуў ім рукой, падзываючы да сябе. — Калі б мы змаглі адцягнуць увагу вартаўніка, нам удалося б уцячы.
— Нас бы застрэлілі, — сказаў доктар Цынер.
— Яны не могуць застрэліць усіх адразу, — запярэчыў Грунліх і ў адказ на іх маўчанне дадаў толькі два словы: — Цемра. Снег. — І адышоў на крок, чакаючы іх рашэння.
Яго мазгі працавалі дакладна. Ён першы выйдзе за дзверы, першы пабяжыць — яму бегчы значна лягчэй, чым пажылому чалавеку і дзяўчыне, вартаўнік будзе страляць па бліжэйшым ад яго ўцекачы.
— Я параіў бы вам заставацца тут, — сказаў доктар Цынер, звяртаючыся да Корал. — Вам тут нічога не пагражае.
Грунліх разявіў быў рот, каб запярэчыць, але не сказаў нічога. Усе трое глядзелі праз акно на вартаўніка, які хадзіў узад і ўперад з вінтоўкай цераз плячо.
— Колькі вам спатрэбіцца часу, каб адчыніць дзверы? — спытаў доктар Цынер.
— Пяць хвілін.
— У такім разе пачынайце.
Доктар Цынер пагрукаў у акно — падышоў другі вартаўнік. Яго вялікія зычлівыя вочы наблізіліся да шкла і ўважліва глянулі ў залу чакання. У пакоі было цямней, чым знадворку, і ён нічога не ўбачыў, акрамя няясных фігур, якія безупынна сноўдаліся туды-сюды, каб сагрэцца. Доктар Цынер наблізіў рот да акна і загаварыў з ім на яго роднай мове:
— Як вас завуць?
Нож для паперы скрыпеў: «скрытч», «скрытч», «скрытч», — але, калі ён саскокваў з замка, яго віск заглушаўся крэмам.
— Нініч, — адказаў скрозь шкло няясны голас.
— Нініч, — павольна паўтарыў доктар Цынер. — Нініч. Я, здаецца, ведаў вашага бацьку ў Белградзе.
Гэтая прымітыўная хлусня не выклікала ў Нініча ніякага сумнення, ён прыціснуўся носам да шкла, але нічога не ўбачыў у зале чакання: яму засціў твар доктара.
— Бацька памёр шэсць гадоў таму.
Доктар Цынер рызыкаваў вельмі нямногім, бо ён добра ведаў жыццё беднякоў у Белградзе і яму было вядома, як яны харчаваліся.
Читать дальше