Прайшло яшчэ чвэрць гадзіны. Люка пачуў званок і паклікаў камісара.
— Звоніць тэлефон. Мэр хоча падысці, але слухаўку здымае Луі.
Яны не чулі, што гаварыў Луі, але было абсалютна ясна, што ён задаволены.
— Скончыў?
— Зноў пачалі гуляць.
— Заставайся тут.
Мэгрэ рушыў да шынка. Там, як звычайна ў гэты час, некалькі партавікоў гулялі ў карты. Убачыўшы камісара, яны пачалі запрашаць яго выпіць з імі.
— Не цяпер. Дзяўчына, у вас ёсць тэлефон?
Апарат вісеў на сцяне ў кухні. Там сядзела старая — чысціла рыбу.
— Алё, гэта пошта? Я з паліцыі. Будзьце ласкавы, скажыце, адкуль толькі што тэлефанавалі мэру?
— З Кана, пан.
— Які нумар?
— Сто дваццаць два… Гэта вакзальны шынок…
— Дзякую…
Нейкі час ён так і стаяў пасярод шынка, нічога не прыкмячаючы вакол сябе.
— Адсюль да Кана дванаццаць кіламетраў, — прашаптаў ён раптам.
— Трынаццаць! — паправіў капітан Дэлькур, які толькі што ўвайшоў у шынок. — Як справы, камісар?
Мэгрэ нічога не чуў.
— Інакш кажучы, паўгадзіны на ровары, — зноў прашаптаў ён.
Ён успомніў, што партовыя рабочыя, якія амаль усе жылі ў гарадку, прыязджалі ў порт на роварах і пакідалі іх на цэлы дзень каля шынка.
— Праверце, калі ласка, ці ўсе ровары на месцы!
І з гэтага моманту ўсё пайшло, нібы ў зладжаным механізме. Думка Мэгрэ працавала, быццам шасцярня, рух якой дакладна адпавядаў развіццю падзей.
— Чорт! Няма майго…
Камісар не здзівіўся, не задаваў пытанняў. Ён зноў прайшоў на кухню і зняў слухаўку.
— Дайце мне паліцэйскі камісарыят Кана… Так… Дзякуй… Алё! Гэта галоўны камісарыят? З вамі гаворыць камісар Мэгрэ з крымінальнай паліцыі. Калі адыходзіць цягнік на Парыж?.. Як?.. Не раней адзінаццаці?.. Не!.. Слухайце!.. Будзьце ласкавы, занатуйце… Першае. Праверце, ці праўда пані Гранмэзон… але, жонка суднаўладальніка… паехала на аўтамабілі ў Парыж. Другое. Даведацца, ці не з'яўляўся ў іх у доме або ў канторы хто-небудзь незнаёмы. Але, гэта проста! Толькі гэта яшчэ не ўсё. Вы натуеце? Трэцяе. Абысці ўсе гаражы горада. Колькі іх?.. Каля дваццаці?.. Чакайце! Мяне цікавяць толькі тыя, што даюць машыны напракат… Пачніце з раёна вакзала… Высветліце таксама, ці не браў хто напракат машыну да Парыжа, з шафёрам ці без… Даведайцеся, ці не купіў хто старую машыну… Алё! Чакайце, я вам кажу!.. Магчыма, ён пакінуў у Кане ровар… Але, гэта ўсё!.. У вас хопіць паліцэйскіх, каб зрабіць гэта ўсё адразу ж?.. Добра, дамовіліся!.. Як толькі хоць пра што-небудзь даведаецеся, тэлефануйце мне ў «Марацкі прытулак» у Вістрэаме…
Партавікі, якія пацягвалі патроху аперытыў у горача натопленай зале, чулі ўсё. Калі Мэгрэ вярнуўся з кухні, твары ў іх былі сур'ёзныя, устрывожаныя.
— Вы думаеце, мой ровар… — пачаў быў шлюзаўшчык.
— Грогу! — суха загадаў Мэгрэ.
Гэта быў ужо не той чалавек, які яшчэ ўчора зычліва ўсміхаўся і чокаўся з кожным з іх. Цяпер ён ледзь бачыў наведнікаў шынка, амаль не пазнаваў…
— «Сэн-Мішэль» не вярнуўся з Кана?
— Яны занялі чаргу на вячэрняе шлюзаванне. Але надвор'е не дазволіць ім выйсці ў мора.
— Шторм?
— Ва ўсякім разе, вецер будзе вялікі. Ды яшчэ паўночны, а з гэтым лепш не жартаваць. Вы чуеце мяне?
Напружыўшы слых, можна было пачуць, як б'юцца аб палі пірса хвалі. Дзверы ў шынку аж дрыжалі — так усхадзіўся вецер.
— Калі мне раптам будуць тэлефанаваць, паклічце мяне. Я буду на дарозе… Метраў сто адсюль…
— Насупраць мэравага дома?
На вуліцы Мэгрэ з вялікаю цяжкасцю распаліў люльку. Густыя хмары праплывалі так нізка, што, здавалася, закраналі вершаліны таполяў уздоўж дарогі. Нават за пяць метраў было амаль немагчыма разгледзець інспектара Люка, які па-ранейшаму стаяў на карнізе.
— Нічога новага?
— Больш не гуляюць. Луі раптам абрыдла, і ён змяшаў шашкі.
— Што цяпер робяць?
— Мэр сядзіць у крэсле, выцягнуў ногі. Луі паліць цыгары і п'е грог. Разламаў ужо з дзесятак цыгар. Робіць гэта з іранічным выглядам, каб больш раззлаваць мэра.
— Колькі ён грогу выпіў?
— Пяць або шэсць шклянак…
Мэгрэ бачыў толькі вузкую палоску святла. Міма праехалі на роварах да гарадка муляры — вярталіся з працы. Потым з'явілася нейкая павозка. Разгледзеўшы ў цемры постаці людзей, селянін пачаў паганяць каня — аддаляючыся, колькі разоў з трывогаю азірнуўся.
— А што служанка?
— Яе больш не відаць. Мабыць, на кухні. Мне яшчэ доўга тут стаяць?.. Прынясіце ўжо хоць яшчэ колькі камянёў, а то ж на дыбачках стаю…
Мэгрэ прынёс камяні. Мора ўсё больш раз'юшвалася. Хвалі каля берага падымаліся, пэўна, метры на два і разбіваліся на пяску ў белы шум.
Читать дальше