Прабачце мне, шаноўныя чытачы, што я не магу прайсці міма ніводнага пакоя, каб не распавясціць пра яго. Што паробіш, на старасці год чалавек робіцца балбатлівы. І, да таго ж, вы такога ніколі не бачылі і не пабачыце. Магчыма, камусьці будзе цікава.
Бібліятэка была пад стыль перадпакоя. Высокія скляпенні, вокны на калонках, крэслы, абабітыя рудой ад старасці скурай, вялізныя шафы моранага дубу і кнігі, кнігі, кнігі.
Ну, як прайсці паўз іх і не сказаць вам хаця пару слоў! У мяне сліна цячэ ад адных успамінаў. Даўнія пергаментныя кнігі, кнігі на першай порыстай паперы, кнігі на жоўтай ад старасці, гладкай ільснянай паперы. Кнігі ХVІІ стагоддзя, якія адразу адгадаеш па гатунку скуры на вокладках. Рудая скура вокладак ХVІІІ стагоддзя; драўляныя дошкі, абцягнутыя тонкай чорнай скурай, на вокладках кніг ХVІ стагоддзя.
І назвы, Божа, якія назвы! «Катэхізіс роускі», «Сапраўдная хроніка Яна Збароўскага», «Варлам-індзеянін», «Прытча пра славія», старыя шастадневы, «Пчала працавітая», рукапісныя зборнікі старых легенд, «Gesta Romanorum» з двухсот апавяданннў, «Трышчан і Ізота», «Бава» ў беларускім варыянце, «Анафегмы», «Прамова Мялешкі» — гэта быў скарб. А больш новыя манерныя кнігі з доўгімі назвамі накшталт: «Плаценне амурнае, або тысяча спосабаў, якімі адарыраваны кавалер свой прадмет да згоды з амурнай пажадлівасцю сваёй прывесці можа». Але хопіць, іначай я рызыкую ніколі не скончыць свайго апісання.
Я так захапіўся кнігамі, што не адразу заўважыў у пакоі другога чалавека. А ён між тым узняўся з крэсла і чакальна глядзеў на мяне, трохі нахіліўшы галаву. На вуснах ягоных была прыемная ўсмешка, вялікія вочы ласкава ўсміхаліся. Адной рукою ён сарамліва прытрымліваў на жываце халат. Мы адрэкамендаваліся.
— Андрэй Беларэцкі.
— Ігнась Берман-Гацэвіч, упраўляючы, — сказаў ён ціхім ветлівым голасам.
Мы селі. Я глядзеў на гэтага чалавека, зацікаўлены. Што магло трымаць яго ў жахлівых Балотных Ялінах? Грошы? Іх не было. А ён, як быццам імкнучыся адказаць на мае думкі, сказаў:
— Бачыце, якія кнігі. Дзеля іх і трымаюся тут. Кнігалюб.
Кнігалюб быў невысокі, дрэнна збіты чалавек. Твар яго, мяккі і пяшчотны, занадта мяккі для мужчыны трыццаці пяці год, быў румяны нежывым румянцам, як на фарфоравай ляльцы. І наогул ён быў занадта «лялечны». Вялікія шэрыя вочы, доўгія вейкі, роўны прамы носік, тонкія, прыемна складзеныя вусны. Пастушок з табакеркі. І барада ў яго расла слабая, як у многіх беларусаў з нездаровых балотных мясцін.
— Вы, напэўна, з паўночнай Меншчыны? — спытаў я.
— О, пан не памыляецца, не, — сказаў ён. — Да гэтага жыў у губернскім горадзе. А зараз тут.
Калі б у мяне спыталі, якая рыса гэтага чалавека перш за ўсё кідаецца ў вочы, я б сказаў: «Старамодная галантнасць». Ён быў цудоўна выхаваны, гэты лялёныш, выхаваны ў духу правінцыяльнай шляхецкай гжэчнасці, якая смяшыць нас. Калі глядзіш на такіх людзей — так і здаецца, што ў іх сям'і дзеці, гуляючы ў схованкі, хаваліся пад шырачэзную, у шэсць полак, шарсцяную сукню бабулі, якая — бабуля, а не сукня — вязала панчохі або цыравала новыя шкарпэткі, каб не так хутка прадзёрліся.
І, аднак, гэта ўражанне хутка рассейвалася. Нешта пурытанскі-чапурыстае, жарсткавае было ў гэтых вачах, у падціснутых вуснах.
Але таго, што дадзена, не адбярэш. Гэта быў сапраўды абазнаны ў кнігах чалавек. Праз дваццаць хвілін размовы я зразумеў гэта, мала таго, пераканаўся, што гэты самавук ведае старажытную літаратуру не горш, як я, чалавек з універсітэцкай адукацыяй.
Таму я навёў размову на дзікае паляванне. У Бермана вусны склаліся, як курыная дупка.
— Чаму пан цікавіцца гэтым?
— Я этнограф.
— О, тады вядома, вядома. Але мая сціплая асоба не можа расказаць гэтага так, як трэба для высокага госця. Мы лепей дамо слова пажоўклым старонкам кніг. Пан разбіраецца ў літаратурнай мове ХVІІ стагоддзя?
Ён адчыніў адну з шафаў артыстычным рухам (пальцы ў яго былі тонкія і ў два разы даўжэй за нармальныя), узняўшы воблачка пылу.
І вось на маіх каленях ляжаў вялізны том, спісаны каліграфічна дробнымі, рудымі ад старасці літарамі.
«Року цісеча шэсць сот першага не было спакою на гэтай зямлі. Толькі што копны суддзя Балвановіч справу разгледзеў пра забіццё і атрутны морд праз хлопаў пана літасцівага іхняга Янука Бабаеда. І ў іншых мясцінах такаждзе спакою не было. Дубіна да места Віцебскага падыходзіў, пад Крычавам і Мсціславам і ў нас хлопы морд, і забойства, і шкоду чынілі. Чатырнаццаць паноў забілі. Іж без бытнасці нашае, казалі, яшчэ траіх білі так, што ад таго біцця не ведалі, яко жывы будуць».
Читать дальше