Але хіба пераканаеш у гэтым дурненькае дзяўчо? Таму я з важным выглядам спытаў:
— А хто ён такі, які ён, гэты Малы Чалавек Балотных Ялін?
— Я яго бачыла тройчы і ўсё наводдаль. Аднойчы гэта было перад самай смерцю бацькі. Двойчы — нядаўна. А чула, можа, сотню разоў. І я не спалохалася, толькі апошні раз, можа… трошкі. Я пайшла да яго, але ён знік. Гэта сапраўды малы чалавек, можа, па грудзі мне, ён худы і нагадвае заморанага дзіцёнка. У яго сумныя вялікія вочы, надта доўгія рукі і ненатуральная выцягнутая галава. Апрануты ён, як дзвесце год таму, але на заходні манер. Вопратка зялёная. Ён звычайна зварочваў ад мяне за паваротку калідора і, пакуль я дабягала, знікаў, хоць гэты калідор зусім глухі. Там ёсць толькі пакой з даўно закінутым рызманом. Але ён забіты дзюймовымі цвікамі: мы назнарок пасля спрабавалі адчыніць — нельга.
Мне стала вельмі шкада яе. Няшчасная, напэўна, проста была на шляху да вар'яцтва.
— І гэта яшчэ не ўсё, — насмелілася яна. — Можа, трыста год не было ў гэтым палацы Блакітнай Жанчыны — бачыце, вось той, што на партрэце. Сямейныя паданні казалі, што яна задаволіла прагу помсты, але я не верыла. Гэта была не такая асоба. Калі яе ў 1501 годзе цягнулі на страту, яна крыкнула мужу: «Косці мае не супакояцца, пакуль не здохне апошняе змеяня гэтай пароды». І пасля амаль сто год ад яе не было паратунку: то чума, то невядома кім падкінутая ў кубак атрута, то смерць ад невядомага начнога жаху. Яна кінула помсціць толькі прапраўнукам… Але зараз я ведаю, што яна трымае слова. Не так даўно яе пабачыў Берман на забітым балконе, бачылі і другія. Не бачыла адна толькі я, але гэта яе звычай, спачатку паказвацца іншым, а таму, каму трэба, толькі ў часіну смерці… Мой род знікне на мне, я гэта ведаю. Нядоўга засталося чакаць. Яны будуць задаволены.
Я ўзяў яе руку і моцна сціснуў, жадаючы прывесці яе да прытомнасці, чымсьці адцягнуцть ад гэтых слоў, якія яна казала, быццам у сне.
— Вы не павінны непакоіцца. Калі на тое пайшло, я таксама зацікавіўся гэтым. Зданям не месца ў век пары. Я клянуся вам, што тыя два тыдні, што мне засталося тут быць, я прысвячу гэтаму. Ч-чорт, бязглуздзіца нейкая! Толькі не бойцеся.
Яна ўсміхнулася слабай ціхай усмешкай.
— Што вы… я прывыкла. Такое тут робіцца кожную ноч.
І той самы незразумелы для мяне выраз на твары, які так псаваў яе аблічча. Толькі тут я зразумеў яго. Гэта быў жах, застарэлы цёмны жах. Не той жах, які прымушае на хвіліну ўстаць дыбарам валасы, а жах, які настойваецца гадамі, які становіцца нарэшце звыклым станам для арганізма, ад якога не пазбаўляюцца нават у сне. Нябога была б, можа, і нядрэнная сабою, каб не гэты ўстойлівы цёмны жах.
А яна, нягледзячы на тое,што я быў блізка, аж насоўвалася бліжэй да мяне, толькі каб не бачыць спіною чакаючай цемры.
— Ах, пан Беларэцкі, гэта жахліва. Чым я вінаватая, што павінна адказваць за грахі дзядоў? А на гэтыя слабыя плечы лёг увесь цяжар без астачы. Ён ліпкі і цёмны. Каб вы ведалі, колькі крыві, забойстваў, сірочых слёз, звычайнага бруду на кожным шляхецкім гербе! Колькі забітых, зашмаганых да смерці, пакрыўджаных! Мы не маем права на існаванне, нават самыя сумленныя, самыя лепшыя. У нашых жылах не блакітная, а брудная кроў. Няўжо вы думаеце, што ўсе мы, да дваццатага калена, не павінны адказваць за гэта, адказваць жахам, галечай, смерцю? Мы былі такія абыякавыя да народа, які пакутаваў з намі поруч і ад нас, мы лічылі яго быдлам, мы лілі віно, а яны лілі кроў. Яны не бачылі нічога, акрамя дрэннага хлеба. Пан Дубатоўк, мой сусед, аднойчы прыехаў да бацькі і распавёў анекдот пра тое, як маці-сялянка прывяла сына да пана і той пачаставаў іх калдунамі з мясам. Дзіцёнак спытаў, што гэта такое. Маці, па вясковай далікатнасці, штурхнула яго нагою і шапнула: «Маўчы!» Дзіцёнак з'еў тое, што было на талерцы, пасля ўздыхнуў і ціха сказаў: «А я дзесяць маўчоў з'еў». Усе, хто слухаў анекдот, смяяліся, а я здатная была даць Дубатоўку ляпасу. Гэта не смешна, калі дзеці ніколі ў вочы не бачылі калдуноў, ніколі-ніколі не елі мяса. У іх рэдкія валасы, крывыя ногі, у чатырнаццаць год гэта зусім дзеці, а ў дваццаць пяць — дзяды са зморшчанымі старэчымі тварамі. Як іх ні гадуй — яны народзяць такіх самых дзяцей, калі наогул народзяць. Яны адказвалі нам паўстаннямі, лютавалі ў гэтых паўстаннях, бо да гэтага цярпелі цэлае стагоддзе нечуваную крыўду. І мы пасля страчвалі іх. Вось гэты, на сцяне, у бабровым футры, закатаваў нават свайго стрыечнага брата, які стаў на бок вашчылаўцаў. Прозвішча брата было Агей Грынкевіч-Яноўскі.
Читать дальше