Пачынь кмотръ а кмотра жона лайно псіно з вопю і людожртм до сурм ала агела агні довеку АМАНЪ».
Нельга было сказаць, каб і гэта было так ужо зразумела. Але тут хаця можна было скласці слоўнічак і падставіць пад незразумелыя словы сучасны сэнс. І я пачаў лазіць па ўсіх выпісках, па ўсіх сваіх картатэках, па слоўнічках у «Гісторыі кнігі», у Карскага, у іншых кнігах.
Пакон — закон. Кгмах — гмах. Ложніца — спальня. Контрафект — малюнак, вобраз. Окрут — карабель. Плінфа — старажытная вельмі пляскатая цэгла. Дубасны — з яловай кары. Заваланых — закліканых. Завора — завала, засаўка. Еда — мабыць, егда — хіба, няўжо, інакш. Павкапь, капь — два і чатыры пуды. Скоецъ — манета. Кустод — вартаўнік. Невісно, нявісны — гэта архаічнае сляпы, невідушчы. Значыць, і тут нешта «слепа», «нябачна», а можа, і проста «не знойдзеш». Кмотр — кум. Лайно — ну, гэта слова з лексікона Зізанія і азначае нечыстоты, адкіды, гной, памёт. Калваріе — месца кары, лобнае месца, галгофа, могільнік (ад лацінскага calva — чэрап).
А што такое людожртм? Мабыць, «людажэрствам». Хітрыў, зараза, цітлы не ў належных словах ставіў, не там, дзе трэба.
Падставім цяпер тое, што зразумела. Перакладзем.
«Як лаціняне кажуць: Finis (канец)! Ані суд, ані падсудак (чыноўнік, або пісар земскага павятовага суда), ані закон не ўзышчуць, і што маю, то маетнасцю (маёмасцю) маёю будзе, і (тое), што не валадзеў, а падскарбім (дзяржаўным казначэем) нажыў.
А шукаць тут гмах кутні, спальня ключавая, пустая. А трэцяя, ад куту, там, глыбей малюнка карабля, восем ступ цэглаю, бо заклаў (абы?) клець (паверх ніжні), ложа з яловай кары, спальня каменная, і тым пасля жыцця закліканых за завалаю не дачакацца, хіба (што) бог устр(у)бе (уструбіць). Паверх верхні — паўкаць золата, каць срэбра, камення не (об)мал(ь) (нямала), сыкгнеты, макеты (ускрыты?), універсалы я(го) к(аралеўскае) м(о)сці, а вартаўнік лобнага месца відаць, а не знойдзеш, бо Z і N (?) пад хамараю (?) гэтай.
Спачні, кум і кумава жонка, гной сабачы, з лямантам і людажэрствам да сурмаў анёла (і ў) д'яблавым агні давеку».
Такі прыблізна быў сэнс гэтага страшнаватага ў чымсьці дакумента. Але што такое «хамара» і што такое «Z і N»?
Хамара. Слова гучала не па-славянску, хаця і нагадвала наша «камора». Падобна на старажытнаяўрэйскае? Ці арабскае? Ці грэчаскае? Але ў першых дзвюх мовах я разбіраўся, як… А трэцюю ледзь ведаў. І, аднак, палез у слоўнік. І, дурням шанцуе, знайшоў:
Што азначае «скляпенне».
Але што такое Z і N? Што гэта мне нагадвае? Хімічную формулу? Але адкуль у тыя часы хімія і яе формулы? Алхімія — гэта так. То што гэта, што?… Алхімія… Алхімічны знак?
Я пачаў пакутліва ўспамінаць усё, яшчэ не забытае мною, з тых часоў, калі вывучаў вядзьмарскія працэсы, алхімічныя знакі. — золата або сонца. А як беларускі алхімік абазначаў рэторту? Ага, А спірытус?… Т-так… — нягашаная вапна.
Што ж такое Z і N?
І тут раптам нібы ўсплыло нешта з самага дна памяці. Ну так, так. Z і N — знак замазвання. Знак, які ставілі, калі нейкае рэчыва замазвалі на, на гадавы або і большы тэрмін.
І, значыць, сказ гэты трэба было чытаць прыблізна так:
«…вартаўнік лобнага месца. Відаць, а не знойдзеш, бо замазана пад скляпеннем гэтым».
Сэнс быў малазразумелы — аўтар пагарджаў усякай граматыкай, нават склонамі, але ад гэтага не менш страшны. А можна было, іначай расставіўшы знакі прыпынку, зразумець усё гэта і так:
«Лобнае месца відочнае, а не знойдзеш, бо замазана пад скляпеннем гэтым».
Але нават пры такім, усё яшчэ цьмяным, хаця і больш зразумелым, прачытанні было ў гэтым запісе нешта трывожнае, нешта страшэнна змрочнае, падступна-вытанчанае і гнюснае. Я скураю адчуваў гэта. І ведаў, што цяпер я не кіну гэтай загадкі, які ні быў бы адказ.
Загадкі, схаванай пад нейкім невядомым скляпеннем. Загадку, якую я павінен быў вырашыць у памяць майго сябра, была яна прычынай яго смерці або не была.
РАЗДЗЕЛ VІІІ ЗНОЎ ГАСНЕ НЕБА
Я адарваўся ад папер. Вочы гарэлі, быццам засыпаныя пяском, ва ўсім целе была млявасць, нібы нехта добра адмалаціў мяне валікам ад канапы.
Калі я адхінуў шторы, за акном пачынала днець. Вельмі павольна, каламутна і непрытульна. Значыць, я працаваў цэлую ноч. Нездарма так страшэнна балела галава. Так балела, што цяпер я не здатны быў бы ўспомніць табліцу множання на пяць.
Я ненавіджу лекі, прымаў іх, не лічачы тых разоў, што сур'ёзна хварэў, усяго разоў пяць за жыццё (гэта таксама адзін з маіх дурацкіх комплексаў), але тут я не вытрымаў. Праглынуў таблетку папаверыну, паляжаў хвілін пятнаццаць, і калі боль прытупіўся, толькі тады выкінуў дзве попельніцы недакуркаў, адчыніў усе вокны, умыўся халоднай вадой, узрэзаў пачак цыгарэт, закурыў і стаў думаць, што ж мне рабіць з таямніцай, якая дасталася мне ў рукі.
Читать дальше