Паклаў мне руку на плячо.
— А на Клепчу, хлопец, не сярдуй. Ён яшчэ малады, дурны, жарсткаваты ад маладосці. Зарываецца, як шчанюк-выжал. Жыццё яго не біла, не ламала. Вось ламане, як нас з Адамам, будзе ведаць цану дабрыні і даверу да таго, каго трэба. Пераканаецца, якая гэта палёгка, калі ніхто ў другі раз не б'е цябе доўбняй па галаве.
РАЗДЗЕЛ VІ КАРОТКІ. АБ СІВЫМ АНТЫКВАРУ І «БАРЫГУ»
Мне ўсё ж давялося яшчэ зайсці да Клепчы, хаця я не жадаў гэтага горай за смерць. Здарылася так, што вечарам наступнага дня ён пазваніў мне і ласкава праінфармаваў, што ні ў адным камісійным магазіне горада тых карцін — прабачце — няма і што, значыцца, меў месца крадзеж. Значыцца, усё было проста.
— Не, не проста, — сказаў я ў трубку. — Не ведаю, як з ягонай смерцю, але ён не паехаў бы на Романь, чакаючы звестак ад жонкі. Маглі скарыстацца адсутнасцю. Бо нехта, скажам, абяцаў за Евангелле вялікія грошы. Шукалі яго, не знайшлі, прыхапілі, што трапілася пад руку, ды і ўсё. А маглі і забіць у нейкі невядомы спосаб.
— То што б вы параілі, шаноўны Антон Глебавіч?
— Я ведаю? Я стаў бы шукаць таго, хто ўмаляў прадаваць яму кнігу, мо ён і падгаварыў узломшчыкаў.
— А можа, сапраўды схапіла сэрца, упаў, захлынуўся? А кватэру абрабавалі пасля?
— Вашы гіпотэзы, вы і правярайце.
Я паклаў трубку. Я цярпець яго не мог за адно толькі падазрэнне.
У гэтыя дні я зрабіў адно адкрыццё. Круціў кнігу і так і гэтак і знайшоў у дзвюх мініяцюрных чырвоных літарах нібы ўплеценыя ў завіткі лісцікі, кветкі і візэрункі — ініцыялы. Можа, мне гэта і здалося, але як часам бачыш у пляме на сцяне партрэт або пейзаж, так бачыў я ў дзвюх мініяцюрах ініцыялы ПДА — Пятро Давыдавіч Альшанскі — і ВХА — Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі. Гэта, здаецца, сцвярджала той факт, што Евангелле належала ім, але я не ведаў, чым гэты так званы факт можа мне дапамагчы. Ну, скажам, мог быць такі пабуджальны матыў, як выкраданне фамільнай каштоўнасці. Але дзе там, да д'ябла, члены той фаміліі? Хутчэй за ўсё, што матыў быў адзіны: спекуляцыя.
І вось праз два дні шаноўны пан Клепча пазваніў мне і ветліва запрасіў да сябе. Самі разумееце, што гэта было не тое запрашэнне, якое можна ігнараваць. Я з'явіўся і ўбачыў у прытульным такім кабінеціку дзве карціны, прыхіленыя да сценкі.
— Яны?
— Ясна, што яны. Унь, бачыце, на адваротным баку «Кромвеля» зацыраваны след пашкоджання.
— Ягоны почырк? — ён працягнуў мне квітанцыю.
— Почырк не ягоны. Подпіс ягоны.
Ён пачырванеў. Людзі ягонага тыпу не любяць, калі ім заўважыш, што яны няправільна гавораць. Мне і памаўчаць бы, але занадта ён мне абрыднуў.
Пасля я меў яшчэ два прыемныя знаёмствы. Адно — з сівенькім дзядком — антыкварам, гэткай сабе дзюбатай птушачкай з надзіва элегантнымі і рухавымі ручкамі. Другое — са здаравенным, выпешчаным бамбізам, такім фацэтам у шэрым гарнітуры з мяккай дарагой воўны. І гальштук да гэтага гарнітура пасаваў, і срэбны стары сыкгнет, менавіта сыкгнет, а не пярсцёнак. Не пасавалі толькі вышыбайлавы вусікі, але гэта ўжо ад густу кожнага чалавека.
— Дык я вам і кажу, — гарачыўся дзядок, — што тут і графічнай экспертызы не трэба. Гэта Пташынскага рука — мне ўжо і не ведаць.
— Словы, — сказаў Клепча.
— Што словы?! Што?!
— Словы, кажу, надта спецыфічныя, ведаеце.
Тут ён мне ўпершыню спадабаўся. Але дзядок узвіўся:
— Крымінальныя раманы пішаце?! Дэтэктывы друкуеце!! То што вы хочаце, каб людзі не ведалі спецыфічных выразаў? Што?! А што датычыцца, што вы карцін не бачылі, то я галоўны антыквар, то я такі быў у ад'ездзе і квітанцыі схаваў, а карціны на складзе былі. І вось іх выставілі, што?! Вы ж бачыце, калі здаў.
— За два дні да смерці, — сказаў Клепча, — вось чаму было шмат грошай. Слухайце, а вы гэта дакладна ведаеце, хто званіў Пташынскаму наконт кнігі?
— Ну, хіба я што? Я дакладна! Спыталі б з самага пачатку ў мяне, і не спатрэбілася б тых дурных падазрэнняў, так? І ён рады быў сам сказаць з пачатку. Вось ён хацеў купіць, Барыс Гутнік! Ужо я што, Бору не ведаю, каб не ведаць, хто хацеў купіць.
— З якой прычыны хацеў купіць?
— Кнігалюб. А што, нельга?
— Гандлюе кнігамі.
— Дык я ж не чуў. Часам мяняе.
Прывялі і Бору, таго самага выпешчанага бамбізу.
— Я званіў, — спакойна прызнаўся ён, разглядаючы дагледжаныя пазногці. — Толькі ніякага шантажу не было. І ніякага «чалавека вясковага выгляду», што быў на выстаўцы кнігі, не ведаю… Так, разы тры званіў. Усё думаў, што перадумае… Ну, проста хацеў гэтую кнігу.
Читать дальше