Калі пачалася вайна, Сымон хацеў падацца ў партызаны, але дзядзька Мірон адгаварыў яго. Ён даручыў лесніку зрабіць у сваёй хаце так званы кантрольна-перасадачны пункт. Калі партызаны вярталіся з задання, яны заходзілі да дзядзькі Сымона, мыліся ў лазні, адпачывалі.
Але аднойчы зімой стары ляснік прастудзіўся і памёр. Яшчэ больш пазмрачнела, пажаўцела леснічыха. Аднак хату сваю не пакінула, хоць яе сястра не раз угаварвала перабрацца ў вёску. Цяпер Тэкля пачала выконваць абавязкі свайго мужа: паліла ў лазні і часам хадзіла ў атрад з якім-небудзь важным паведамленнем, перададзеным ёй сувязнымі.
У вольны час восенню і зімою яна вязала цёплыя шкарпэткі і шалікі для партызан і вельмі сумавала, калі да яе доўга ніхто не прыходзіў.
У гэты летні вечар цётка Тэкля сядзела адна і латала партызанам бялізну. У галаве яе варушыліся цяжкія думы. Чым бліжэй падыходзіў фронт, тым больш неспакойнай рабілася старая. «Ці ўдасца ўбачыць сыноў? Ці жывыя яны? Каб толькі даведацца, што жывыя, і паглядзець на іх хоць адзін раз, тады можна спакойна і паміраць», — думала яна.
На дварэ было ціха, нават заўсёды неспакойная асіна, што расла пад акном, не шапацела лісцікамі. Лес стаяў у напружаным маўчанні, быццам да нечага прыслухоўваўся. Толькі начныя матылі і розныя лясныя жучкі раз-пораз стукаліся ў аконныя шыбы — вельмі ўжо вабіў іх агеньчык газоўкі.
Раптам старой здалося, што быццам нешта зашкрэбала па сцяне. Старая выйшла ў сенцы, прыслухалася. Так, шкрэбаюць па дзвярах.
— Хто там? — запытала леснічыха.
— Гэта я, Таня, — пачуўся слабы дзіцячы голас.
— Чаго ты так позна? — занепакоілася старая і, адкінуўшы тоўсты жалезны крук, асцярожна прачыніла дзверы.
Дзяўчынка ляжала на ганку.
— Таня, Танечка, што з табой? — замітусілася цётка Тэкля, дапамагаючы дзяўчынцы ўстаць. Таня і цётка Тэкля ў апошні час моцна пасябравалі. Калі Таня прыходзіла да леснічыхі перадаць ёй звесткі для атрада дзядзькі Мірона, яна падоўгу затрымлівалася ў старой. Яны неаднойчы разам хадзілі па ягады і грыбы. Леснічыха расказвала дзяўчынцы пра сваіх сыноў, пра лесніка Сымона, пра тое, як яны гаравалі пры панах. Таня ўважліва слухала, ёй было ўсё гэта цікава, а старая была рада, што знайшла сабе слухачку.
— Цётка Тэкля, — ціха загаварыла Таня. — Вам трэба зараз жа занесці ў атрад дзядзькі Мірона сакваяжык.
— Які сакваяжык?
— Вось гэты, — паказала Таня. — Тут знаходзіцца праца доктара Долахава. Фашысты яго застрэлілі…
— Карнея Пракопавіча забілі? У-ух, гады… Каб ім свету не бачыць… Забойцы… — У старой задрыжэлі губы, гнеўна запалалі вочы.
Леснічыха добра ведала доктара Долахава і любіла яго. Па просьбе Карнея Пракопавіча яна не раз збірала для партызанскага шпіталя розныя лекавыя травы.
— Так, забілі…— пацвердзіла Таня. — Але засталіся яго паперы, вельмі важныя паперы, за імі фашысты ганяюцца. Таму іх трэба занесці зараз жа.
— Ну добра, пойдзем…
Цётка Тэкля ўважліва паглядзела на дзяўчынку.
— Э-э, дык ты паранена?..
— Так, у руку, але гэта нічога… Дайце мне піць…
Леснічыха прамыла цёплай вадой рану, перавязала яе, напаіла дзяўчынку кіслым малаком.
— Ну вось, цяпер да мяне сілы вярнуліся, можам ісці,— сказала Таня.
Цётка Тэкля ахінула плечы вялікай чорнай хусткай, узяла Таню за руку, і яны выйшлі з хаты.
Хоць на небе свяціў месяц, але шпарка ісці было немагчыма. З балота ў лес наплыў белы туман. Ён быў такі густы, што за тры крокі перад сабой не было нічога відаць. Леснічыхе і Тані вельмі цяжка было знаходзіць шлях, і яны часта вымушаны былі спыняцца, каб пераканацца, што ідуць правільна. На шчасце, паласа туману скончылася, і можна было паскорыць хаду. Раптам цётка Тэкля і Таня пачулі далёкі брэх сабак.
— Пагоня! — ускрыкнула Таня і спынілася. Спынілася і цётка Тэкля. Прыслухаліся.
— Яны ўжо, здаецца, у маёй хаце, — сказала леснічыха. — Нам трэба хутчэй бегчы.
Аднак бегчы ноччу па лесе было не так лёгка. Пачаўся гушчар, балюча драпаліся галінкі. Па дарозе часта трапляліся вываратні, пад імі ў ямах стаяла вада. Таня ледзь не трапіла ў такую яму. Другі раз яна ў цемры ўзлезла на мурашнік. З кожным крокам яна адчувала ўсё большую стомленасць.
— Ой, цётка Тэкля, — цяжка дыхаючы, спынілася Таня. — Замарылася я зусім… Давайце крыху перадыхнем.
— Гаў-гаў-гаў!.. — сабачы брэх пачуўся бліжэй.
— Чуеш? — замест адказу спытала леснічыха. — Яшчэ трошачкі пратрымайся, дачушка, зараз мы выберамся з гушчару, там далей лягчэй будзе…
Читать дальше