«Каб хоць паспець дабегчы да прасекі», — думала цётка Тэкля, а там, яна ведала, пачынаюцца партызанскія пасты. Да прасекі было больш за паўкіламетра.
— Не адставай, ужо недалёка, — падбадзёрвала старая Таню.
Нарэшце дрэвы пачалі радзець, кусты таксама быццам некуды разышліся: месяц, які быў схаваўся за хмару, асвятліў вялікую паляну.
— Ну вось! — з палёгкай уздыхнула цётка Тэкля. — Выбраліся. Як ты адчуваеш сябе, Танечка?
Цётка Тэкля павярнулася і не адразу ўбачыла дзяўчынку. Яна ляжала тварам уніз у высокай сухой траве.
— Што з табой? Змаглася? — нахілілася над ёй старая.
— Цётка Тэкля… Вы бяжыце… пакіньце мяне… я больш не магу, — ціха зашаптала Таня.
Леснічыха асцярожна падняла дзяўчынку на рукі і пайшла з ёй. Але старэчае сэрца цёткі Тэклі не магло ўжо спраўляцца з такой нагрузкай, і яна час ад часу вымушана была спыняцца, каб перадыхнуць.
Сабачы брэх, які быў заціх, зараз узнік амаль побач.
— Няўжо не паспеем? Дагоняць, заб'юць і мяне, і дзіця, паперы забяруць… Патрымайся, Тэкля Антонаўна… яшчэ патрымайся… Ужо недалёка, — шаптала сама сабе леснічыха.
— Гаў-гаў-гаў!.. — вялізны сабака выскачыў з-за куста і схапіў Тэклю за хустку. Тады леснічыха скінула яе. Сабака, відаць, заблытаўшыся, крыху адстаў… А вось і прасека. Святло месяца вольна гуляе тут, нішто яму не перашкаджае — ні галінкі дрэў, ні туман.
«Та-та-та-та!» — застукала недзе ззаду.
«Та-та-та-та!» — адгукнулася і спераду.
«Страляюць!» — здагадалася леснічыха і спынілася, не ведаючы, што рабіць. У гэты момант нехта падбег да яе, збіў разам з Таней з ног і прыціснуў да зямлі.
— Не варушыцеся, цётка Тэкля, — пачула яна голас Сцёпы. І ён здаўся ёй такім родным, такім блізкім, што старая не то ад перажытага хвалявання, не то ад радасці заплакала.
Вярнуўшыся ў раён, Антак адразу накіраваўся да ваеннага каменданта маёра Брунера… Маёр Брунер, маленькі, шчуплы мужчына гадоў пад сорак пяць, заўсёды чыста паголены і акуратна апрануты, сядзеў у сваім кабінеце і нешта пісаў. Ён загадаў начальніку паліцыі пачакаць, але калі Антак сказаў, што ў яго тэрміновая справа, звязаная з партызанамі, маёр Брунер усхапіўся і запрасіў Антака сесці.
Камендант баяўся лясных мсціўцаў больш за ўсё на свеце. І каб не загады зверху, якія патрабавалі новых і новых захадаў супроць партызан, сядзеў бы ён сабе ціхенька, як мыш у нары.
Антак расказаў, што недалёка ад вёскі Ляхаўцы на іх напалі партызаны, капітан Вагнер і двое паліцэйскіх загінулі. Сам жа ён выратаваўся выпадкова.
Маёр Брунер паверыў.
— Паедзем паглядзім, — прапанаваў Антак, ведаючы, што маёр Брунер ні ў якім разе не паедзе.
— Не, не, мне няма часу, — адмоўна закруціў галавой той.
— Але ж забітых трэба пахаваць, — запярэчыў Антак. Ён хацеў хутчэй вярнуцца на тое месца, дзе знік сакваяжык, але адзін ехаць баяўся. Паліцэйскіх вольных не было. Таму Антак настойваў, каб камендант паслаў з ім сваіх людзей.
— Добра, добра, — нарэшце згадзіўся маёр Брунер.
Ён выклікаў лейтэнанта Штума і загадаў яму:
— Вазьміце дзесяць салдат, едзьце на месца нападу і пахавайце забітых паліцэйскіх там, а капітана прывязіце сюды.
«Ну вось, што мне і трэба!» — радасна падумаў Антак і папрасіў лейтэнанта захапіць з сабой аўчарку. Пакуль лейтэнант і салдаты рыхтаваліся, Антак хадзіў па пакоі і напружана думаў: дзе мог падзецца сакваяжык? Хто яго падхапіў? І слава вучонага, аб якой ён пачаў ужо быў марыць, а галоўнае, мільённыя прыбыткі ад продажу супрацьсухотнага прэпарата — усё, усё прапала. Але не! Антак не з такіх, каб так хутка апускаць рукі. Не, ён наладзіць самыя шырокія пошукі гэтых папер.
— Машына гатова! — далажыў салдат.
— Заводзьце, мы зараз ідзем.
Праз гадзіну Антак, лейтэнант Штум і дзесяць салдат прыбылі на месца «сутычкі» з партызанамі… Лейтэнант загадаў салдатам тут жа на ўзбочыне пахаваць забітых паліцэйскіх, а сам узяў аўчарку і павёў яе туды, дзе ляжаў капітан. Сабака абнюхаў траву і раптам заскуголіў, кінуўся ў кусты.
— Ён некага чуе! — нагнуўшыся і разглядаючы прымятую траву на месцы бойкі, сказаў лейтэнант.
— Пан лейтэнант! — азваўся Антак. — Дайце мне пяць чалавек, і я прайду па следзе.
Лейтэнант з радасцю згадзіўся, тым больш што асабіста яму зусім не хацелася лезці ў гэты непраходны гушчар, дзе на кожным кроку магла напаткаць партызанская куля.
— Ганс! — крыкнуў ён яфрэйтару, не зыходзячы з месца. — Вазьмі пяць чалавек і прайдзі з панам Вышамірскім па следзе. Мы вас будзем чакаць тут! — крыкнуў лейтэнант наўздагон.
Читать дальше