В). Тую ж думку я выказаў iначай: "Нiхто не злы па сваёй волi". Гэта значыць: не карайце крыўдзiцеляў, бо... пакрыўдзiце iх. Яны не вiнаватыя. Яны не ведаюць, што робяць зло. Цярплiвасць! Калi мы навучым iх адрознiваць дабро i зло, у свеце знiкнуць зло i несправядлiвасць i запануе дабрачыннасць. Патрэбныя школы. А школы збудуюць крыўдзiцелi. Ведаеце чаму? Бо дабро, справядлiвасць i абавязак - iх калiта. Яны самi будуць вучыць дзяцей народа, каб тыя не супрацiўлялiся несправядлiвасцi, як вырастуць.
19. Так мая фiласофiя ўмацоўвала рэжым няроўнасцi, "права мацнейшага". Вядома, вам не варта было б забiваць мяне за гэта. Будучыя дзяржавы будуць лепей ведаць сваю справу: амбон, парта, газета i дубiнкi дружна папрацуюць, каб дастасаваць непрымiральнае да "гармонii класаў". Я стаў першым маэстрам гэтай гармонii, а вы мяне забiваеце як бязбожнiка. Паслязаўтра хрысцiяне зробяць маё вучэнне сваёй рэлiгiяй. Яны будуць ушаноўваць мяне як прарока свайго бога i намалююць у цэрквах мой твар з шырокiм залатым вянком вакол кудлаў.
ЧАСТКА ПЯТАЯ
1. Мой догмат - не вырадак апраметнай, якi атабарыўся ў маёй душы, каб ставiць вам падножкi i злаваць вас. Гэта нешта горшае. Ён не новы, як ужо пагаджаюцца абвiнаваўцы. Гэта - пракаветнае сумленне статка, першароднае рабства, якое звязала маю душу з вашымi, каб зрабiць iх непрыступнай крэпасцю дзяржавы беззаконня. Ён не анёл-праваднiк, што асвятляе мне шлях, гэта анёл-хавальнiк грамадскай Хлуснi, якая мяне сляпiла. Гэта "права мацнейшага", якое стала ўва мне голасам i воляй багоў i Логасу. Гэта - пякельная i таемная пагроза "Нельга!" i "Назад!". Гэта ваш дэман, грамадзяне афiняне, але куды горшы, бо ён болей магутны.
2. Цi ненавiджу я яго? Калi б я толькi мог аддаць яго вашай патрыятычнай ярасцi, каб вы яму выкалалi вочы, адрэзалi яму вушы i нос, каб лiлi гарачы алей у раны i густа пасыпалi iх соллю, прыбiлi цвiкамi падковы да яго ног, прывязалi яго да кала, аблiлi газай i смалой, а потым спалiлi як паганца. Гэта ён гнаў i кусаў мяне, запрэжанага ў воз Рэспублiкi "найлепшых", гэта ён вымушаў мяне iсцi, дрэмлючы, нiбы конь, па наезджанай каляiне i не збочваць з дарогi. Гэта ён вымушаў мяне падвяргаць знiшчальнай крытыцы i здзекам беззаконнiкаў, замест таго каб крытыкаваць i здзекавацца з законаў; прынiжаць наiўных, замест таго каб шкадаваць iх. Але вось цяпер я шукаю яго i не знаходжу. Вось ужо колькi месяцаў, як ён мяне пакiнуў, грамадзяне афiняне. Раз я памiраю, ён вярнуўся ў Галоўнае Кiраўнiцтва Бяспекi, каб далажыць пра вынiкi сваёй дзейнасцi i атрымаць павышэнне.
3. Калi Перыкл казаў, што сiла i дабрабыт дзяржавы - гэта выратаванне (дабрабыт i сiла) гаротных, я не хацеў думаць, што гэта насмешка. Што ён разумеў пад дзяржаваю? Нас усiх? Не, вядома. Калi мы ўсе працвiтаем, то не трэба нас ратаваць. Ён, пэўна, меў на ўвазе нешматлiкiх багацеяў i палiтыкаў словам, "разумных". Калi яны ядуць, то i мы сытыя, калi яны нажываюць багаццi, то i мы багацеем, калi ў iх няма прыбытку, то i мы яшчэ болей бяднеем, калi iх маёмасць у небяспецы, то i нам не спiцца. Як бачыце, першы палiтык i багацей Афiн без анiякага сораму падносiў ачмурэламу натоўпу подласць нешматлiкiх як абавязак, велiч i доблесць шматлiкiх - Радзiмы. Тады iшла вайна, i мы павiнны былi аддаваць свае жыццi за "найлепшых", калi мы хацелi ўратаваць свой пастаянны голад i зрабiць вечным наш шчаслiвы сон. Вам ясна? Ну, вядома ж. Я ж вам усё тлумачу. Але тады мой унутраны голас статка - голас-дэман - не даваў мне гэта зразумець. Я нават меркаваў, што стары гаварыў добра, бо ўсё ў яго было ў згодзе з абсалютнай Логiкай.
4. I вось калi мяне пачало мучыць падазрэнне, што я думаю няправiльна i што розум мой пачынае здаваць, ваш анёл-хавальнiк мацней зацягнуў папругу на штанах, расправiў скрыдлы i прыляцеў, скрыгочучы зубамi. Акыш! Але я зноў не супакоiўся. Ледзь толькi ён адляцеў, як мяне пачаў грызцi другi шашаль: раскаянне за тое зло, што я прычынiў i сваiм сучаснiкам, i нашчадкам i якое будзе кiраваць светам несправядлiвасцi i хлуснi. Я пакутаваў i ўдзень i ўначы. Трэба было неадкладна выпраўляць зло. I вось што я зрабiў бы, калi б вы не паспелi мяне забiць".
У яго перасохла ў горле. Ён папрасiў вады, але дзе было ўзяць шклянку i ваду? Нейкi жартаўнiк выгукнуў: "Выпi ваду з клепсiдры, каб хутчэй скончыць!" Рогат i шум. Шмат з тых, хто спаў, падхапiлiся з незадаволеным выглядам i пачалi бурчаць. Iншыя паднялiся i знакамi папрасiлi вяшчальнiка сказаць, колькi вады засталося ў гадзiннiку. Вяшчальнiк нахiлiўся над пасудзiнай, а потым падняў правую руку i правёў два-тры разы вялiкiм пальцам па другiм суставе ўказальнага пальца. Сакрат пракаўтнуў слiну i працягваў.
Читать дальше