1 ...6 7 8 10 11 12 ...38 – Пад гэтымi дошкамi ёсць усё, што трэба для жыцця, – прасiпеў ён i закашляўся.
– Ты мяне хочаш справадзiць? – спытаў Бусел.
– Прышч у любы момант можа аб’явiцца, а цяпер i для яго ты – нябожчык. Вазьмi харчу на некалькi дзён i перабiрайся ў хлеў, на сена. Калi мы з’едзем, вернешся, – Фiлiн выцягнуў са схованкi кансервы, хлеб у цэлафанавых пакетах, яшчэ нешта, закручанае ў паперу. – Дакументы таксама вазьмi, знойдзеш дзе схаваць.
– Бачу, ты не надта давяраеш Прышчу.
– У маiм лексiконе такога слова няма. За Прышча не турбуюся, не адну справу правярнулi, i ён без мяне мала на што варты, думае не тым месцам…
Бусел узяў дзве бляшанкi з тушанай ялавiчынай, цвердаваты бохан хлеба, некалькi вялiкiх, з кулак, цыбулiн.
– Бяры болей, ад’ядайся, на пусты жывот з мафiяй не паваюеш.
– Якая там мафiя?! – задзiрлiва засмяяўся Бусел. – Хiба ты i Прышч – мафiя?
Фiлiн моўчкi, няспешна паклаў дошкi на месца, падсунуў ложак i шматзначна ўздыхнуў:
– Ты i сапраўды такi наiўны цi толькi прыкiдваешся?
У хаце зусiм сцямнела. Фiлiн згроб са стала ў кошык, якi невядома адкуль з’явiўся, пустыя бутэлькi i недаедзены харч, падмёў падлогу.
– Час перамянiўся, – стомлена, быццам мiж iншым, прагаварыў Бусел i, цяжка ўздыхнуўшы, дадаў: – Але ўсё засталося па-ранейшаму, нават горш.
– Калмыкова, нашага нампалiта, памятаеш? – пагардлiва, разумеючы, што трывожыць Бусла, прабасiў Фiлiн.
– Такое не забываецца, – адказаў капiтан.
Ён ведаў, што меў на ўвазе Фiлiн. Калi ў дэсантнiка Мароза на вучэннях не раскрыўся парашут i ён каменем ляцеў на зямлю, Бусел выпадкова ўхапiў асуджанага на смерць салдата за скручаныя парашутныя стропы. Тыя хвiлiны, што планавалi да зямлi, здалiся вечнасцю… I м пашэнцiла – звалiлiся ў невялiкую рачулку, што ўлетку перасыхае i ператвараецца ў ручаёк, а тады, вясной, яе глыбiня была ў рост чалавека, i гэта змякчыла падзенне. Пра герояў-дэсантнiкаў напiсалi газеты, яны атрымалi па дзесяць сутак водпуску, i Бусла прадставiлi да дзяржаўнай узнагароды. Толькi Калмыкоў запярэчыў, бо салдат-герой абавязкова павiнен быць камсамольцам цi камунiстам. У выпадку з Буслам атрымоўвалася нявыкрутка, ён быў беспартыйны. Калмыкоў выклiкаў салдата i цэлую гадзiну прыводзiў прыклады геройскiх учынкаў камсамольцаў ды камунiстаў у савецкiм войску, а напрыканцы размовы, здавалася, ужо i сам не мог уцямiць, як атрымалася, што геройскi ўчынак здзейснiў беспартыйны…
Бусел i Фiлiн закурылi i, не згаворваючыся, выйшлi на вулiцу. З-пад вялiзных калматых ялiн падымаўся туман, якi, хаваючыся ў кустах i высокай траве, нясмела, але настойлiва поўз на паляну, блiжэй да хаты. Вячэрняя прахалода нагадвала, што апошнiя цёплыя вераснёўскiя днi сыходзяць, што хутка восень з непрадказальнымi дажджамi i начнымi замаразкамi.
Пасля душнай хаты Фiлiн з асалодай падставiў твар рэзкаватаму ветру i з задавальненнем удыхнуў лясны водар. Ён быў удзячны лёсу за гэтую сустрэчу з Буслам, якая прымусiла пераасэнсаваць, перагледзець жыццё, якiм жыў. Фiлiну стала спакойна, кацёл, што апошнiя гады бурлiў, вiраваў недзе ўсярэдзiне, пад самым сэрцам, якi трымаў думкi i волю ў пастаянным напружаннi, раптам знiк, растварыўся ў гэтым лясным тумане-прывiдзе, у векавых соснах, у вечаровым спакоi. На хвiлiну ён убачыў сябе ў тыя гады, калi яшчэ не зведаў штодзённага шчымлiвага страху, калi яшчэ верыў у сяброўства i разлiчваў на шчырую падтрымку, калi ведаў, што камусьцi патрэбны. Нечакана жаданы прывiд гэтак жа раптоўна знiк, i абцяжараныя неспакоем думкi мiжволi вярнулi Фiлiна ў сённяшнi дзень. Iмгненна пранеслася перад вачыма злачыннае жыццё, i мёртвая туга абцугамi ўпiлася ў сэрца.
«Усё магло быць па-iншаму, – са скрухай падумаў Фiлiн, – але што маем, тое маем».
Ён не адчуваў нi раскаяння, нi спачування да сваiх ахвяр, яго не грызла сумленне. Апошнiя гады толькi помста гарачай хваляй iрвалася з грудзей, рабiла яго злым i бязлiтасным. Упершыню гэтае пачуццё апякло сэрца i розум, калi вярнуўся з войска i знайшоў малодшую шаснаццацiгадовую сястру Кацярыну ў псiхушцы. Мацi, душачыся слязьмi, распавяла, што сястру згвалцiў сын старшынi калгаса. Суд быў, але дваццацiгадовы бэйбус атрымаў толькi два гады ўмоўна. Справу склалi так, быццам Кацярына i была ўва ўсiм вiнаватая, па-iхняму выходзiла, што яна наўмысна спакусiла хлопца. Суд прызнаў злачынцу вiнаватым часткова, бо дзяўчына была непаўналетняя.
Фiлiн не стаў шукаць праўды ў законах, а сам паехаў у Вiцебск, знайшоў гвалтаўнiка ў iнстытуцкiм iнтэрнаце i ўчынiў расправу…
– Што з табой? – паклаў Бусел руку на плячо Фiлiна.
Читать дальше