Па дарозе ў Нясвіж растуць, абняўшыся, два дрэвы — дуб і сасна. Кажуць, было гэта яшчэ за князем Радзівілам. У князя была прыгожая дачка,і пакахала яна пастуха. I пастух яе таксама кахаў. Але пажаніцца яны не маглі, князь пра такое і слухаць не хацеў. I вось яны рашылі ўцячы з замка. Даведаўшыся пра гэта, князь разгневаўся, кіламетраў за шэсць дагнаў іх са сваёю світаю. Не пашкадаваў князь ні дачкі, ні пастуха: там і пакончыў іх жыццё. На тым месцы вырас дуб і сасна, якія і цяпер растуць, навекі абняўшыся.
Дзесьці непадалёк сустрэліся юнак і дзяўчына. Суджана было ім спаткацца, моцна пакахаць адно аднаго, ды не выпаў лёс застацца на ўсё жыццё разам. Бяды не здарылася б, каб не краса дзяўчыны. Была яна гнуткага стану, з доўгай чорнаю касою і вабным, нібы раніца, тварам. Заўважыў красуню адзін мецэнат з радзівілаўскіх палацаў. І вырашыў забраць «пекную» дзяўчыну іграць у панскіх «балетах».
Пахіліліся ў горы юнак і дзяўчына. Бязвоблачнае неба іх сонечных дзён зацягнулася чорнаю хмарай. Пра жаніцьбу нельга было і думаць. Набліжаўся дзень апошняй сустрэчы. Сэрцы, поўныя кахання, напаўняліся вялікім жалем і смуткам. I вось аднойчы юнак і дзяўчына спаткаліся, каб разлучыцца назаўсёды. Ніхто не чуў і не ведае, колькі слоў было сказана ім, колькі слёз пралілося з яе вачэй. Толькі дуб і сасна, што раслі побач, былі сведкамі гэтай сустрэчы. Нават іх праняў пякучы боль чалавечых сэрцаў, апёк агонь нязведанага пачуцця. У жальбе і спачуванні людскому гору дрэвы міжволі пахінуліся адно да аднаго, перапляліся стваламі ў цесным абдымку, нібыта шчаслівыя ад таго, што ім не пагражала пакутлівая гадзіна расстання. Так і засталіся стаяць, перашэптваючыся ў кронах, поўныя таямнічага пачуцця...
Было гэта вельмі-вельмі даўно ў маёнтку Алешкавічы. Суровы і хцівы пан быў у тыя часы. Многа слуг было ў гэтага пана. Жорстка распраўляўся пан са слугамі за кожную дробязь. Не любіў ён простага люду. Асабліва маладога дворніка Янкі. Дужы быў Янка, прыгожы, не адна дзяўчына ў наваколлі паглядала на яго.
Аднойчы Янка, як заўсёды, падмятаў двор. У той час па надворку праходзіла маладая паненка — дачка старога пана. Яна ўбачыла Янку і пакахала яго.
Часта сустракаліся яны, а потым вырашылі пажаніцца. Аб гэтым дазнаўся стары пан. Каб не зганьбіць свайго роду, ён вырашыў пакараць дачку і парабка самым суровым законам. Хлопца загадаў забіць. А на дачку сваю загадаў выкапаць яму і на ваччу людзей жывую закапаў.
Прайшоў час, шкада было пану дачкі, і ён паставіў на тым месцы высокі помнік.
Ён і цяпер стаіць, разбураны крыху, ля вёскі Ятвеск як памяць аб верным каханні.
Навокал Нясвіжскага замка, які некалі належаў князям Радзівілам, раскінуўся на берагах возера стары дзіўна прыгожы парк. Тая яго частка, што на левым беразе возера, завецца Марысіным паркам. Вось што пра гэта расказваюць людзі.
Некалі ў князя Радзівіла была дачка Марыся, прыгожая і вясёлая. Тады ёй было шаснаццаць гадоў. Выхоўвалі яе так, як і належала выхоўваць князёўну. Верхавой яздзе яе вучыў прыгожы, смелы і спрытны хлопец з князевай прыслугі. Здарылася так, што маладыя людзі моцна пакахалі адно аднаго. Колькі працягнулася шчасце закаханых — невядома, толькі вось Марысю ўсваталі за аўстрыйскага прынца. Прынц гэты, вельмі знатны і багаты, быў стары і пляшывы. Марыся моцна тужыла і плакала. Князь даведаўся аб усім і адразу загадаў прыбрацьхлопца, што адважыўся кахаць князеву дачку. Хлопец прапаў. Кажуць, што яго забілі.
Пасля каляд прызначылі вяселле з прынцам. Бедная Марыся не захацела жыць без каханага. Вось пайшла яна за возера ў парк і засталася там на ўсю доўгую і лютую калядную ноч. Пахавалі яе ў парку на тым самым месцы, дзе яна і памерла.
Другія кажуць, што не замерзла Марыся, а кінулася ўніз з высокай вежы Нясвіжскага замка.
У парку на левым беразе нясвіжскага возера, на паляне, якая звалася некалі Крыжовай, стаіць высокі каменны слуп на каменнай пліце. На ім адно слова «Марысін». Быў там некалі і фантан, з якога падалі тонкія струменьчыкі празрыстай крынічнай вады. Фантан гэты людзі называлі Марысіны слёзы.
Развітваючыся са сваёй каханай Марыляй, Міцкевіч пасадзіў у Туганавіцкім парку, што непадалёку ад возера Свіцязь, бярозу: «Няхай расце на памяць аб тым, што былі часы, калі дзяўчаты выходзілі замуж не па любові». Марыля палівала гэту бярозку слязамі тугі. Дрэва вырасла стромкае. Аднойчы ноччу гэтую бярозу пашчапала маланка.
Читать дальше