Праваруч — высокія горы, а на іх — велічныя замкі, там шмат золата і срэбра, гаспадары гэтых гмахаў пагарджаюць беднасцю і пакутамі, але і самі пакутуюць, бо апоўначы ў іх салонах скачуць шкілеты, мучачы лютым страхам і гасячы ўвесь бляск велічы.
Дык бывай, пане, не магу я ісці з табою, бо кіруюся ў супрацьлеглы бок.
Сказаўшы гэта, Шылка закінуў за плечы кульбаку і пайшоў павольнаю ступою.
Адольф заходзіць у лес. Дзень быў хмурны, вецер шумеў у густых галінах; юнак задумліва ўспамінаў мінулае, якое здавалася яму ўчарашнім днём. Выняў лісцік жабер-травы, які нёс з сабою загорнуты ў паперу, падзівіўся з незразумелае яго сілы, пашкадаваў, што адважыўся ісці ў падводную краіну да духа Фарона, убачыў, да чаго давяло яго жаданне ведаць будучыню, схаваў зноў свой лісцік, уздыхнуў і пайшоў далей.
Прыйшоў на тое месца, пра якое апавядаў Шылка, і, не глянуўшы на дзве шырокія дарогі справа і злева, пайшоў вузкаю сцежкаю праз камяністыя палі і цёмныя пушчы.
Ішоў самотны, не меў каму і слова сказаць. Рэдкі чалавек насмеліцца ісці праз гэтае месца; бачыць толькі, як перапалоханы дзікі звер хаваецца ў гушчары, чуе толькі стук дзятлаў на сухіх хваінах і крыкі соек.
Прыйшоў вечар. Змардаваны дзённым падарожжам, Адольф прылёг на пагорку і, паклаўшы галаву на камень, заснуў. Спаў моцна, але нядоўга; ледзь заранка ўзышла на небе, заспяшаўся, каб дзе-небудзь напаткаць чалавечую хаціну і пераначаваць пад страхою.
Ідучы далей, узышоў на гару, але і адтуль не ўбачыў нідзе людзей, адно густы, як імгла, дым падымаўся недалёка за бярозавым гаем. Ледзь падышоў да таго месца, як выходзіць з гаю нейкая кабета — высокага росту, у белай сукні, твар заліты слязьмі, і, трымаючы ў руцэ меч, спыняецца каля дарогі [166] Наступныя два радкі, мажліва, выкрасліў цэнзар Ігнат Іваноўскі або сам аўтар, чытаючы карэктуру.
.
…………………………………………………
…………………………………………………
Заспяваў певень.
— Вось цяпер ужо не на перамену надвор’я, — сказаў дзядзька. — Самая поўнач, прыйшоў Новы год, страчайма госця. Але якімі навінамі ён нас пацешыць?
Сказаўшы гэта, ён наліў у шклянкі палёнкі , і ўсе пілі, узаемна зычачы шчасця ў доме, здароўя, багатых ураджаяў на нівах.
Пан Латышэвіч, выпіўшы да дна, паставіў шклянку на стол і сказаў:
— Мы не ведаем, што будзе, у адным толькі пэўныя: з кожным годам нас, старых людзей, усё меней. Абы толькі Бог захаваў маладых, каб былі цнатлівыя і не забывалі звычаі і звычкі сваіх продкаў!
— Ат, пан Латышэвіч, успамінаючы пра смерць, псуе нам добры настрой. Такое рабіць няварта, — сказаў Базыль. — Аж на мяне напаў смутак, і здаецца, быццам і не піў нічога. Навошта казаць цяпер пра такія рэчы? Я — цыган, маю адно каня, а яшчэ не хачу ехаць на той свет.
Сказаўшы гэта, ён наліў сабе яшчэ шклянку і выпіў, зычачы ўсім здароўя і гумору.
— Базыль, як я заўважыў, — сказаў Сівоха, — чалавек чуллівы, яго кранае кожнае слова, аднак трэба памятаць, што ён яшчэ не закончыў свайго апавядання.
— Праўда, не закончыў. Можа, калі-небудзь закончу.
Дзядзька зноў наліў шклянкі і, падаючы адну сляпому Францішку, сказаў:
— Пан Францішак сёння ўвесь час задумлівы і журботны. Выпі з намі. Жадаю вам і дзецям вашым шчасця. Няхай неба блаславіць усіх добрых людзей, пашле нам ураджай і шчаслівыя дні.
Нечакана зыркае святло ўдарыла ў вакно і асвяціла пакой. Усе змоўклі, перапалоханыя гэтым раптоўным дзівам, пасля выскачылі з хаты, думаючы, што недзе ў суседзяў пажар. Убачылі на небе такую зыркую яснасць, што ледзь вока трывае; разлілася яна кшталтам велізарнае ракі. Палі, лясы і горы, пакрытыя снегам і асветленыя агністым небам, мелі дзіўны і захапляючы выгляд. Хмары, распаленыя чырвоным полымем, ляжалі на даляглядзе; здавалася, што там тонуць у пажарах велічныя гмахі і стромкія вежы. Доўга моўчкі стаялі і паглядалі мы на гэты дзіўны і страшны малюнак неба; нарэшце яснасць вогненнае ракі пачала цьмець і нікнуць у паветры; патухлі хмары, і сутонне зноў ахінула неба і зямлю.
— Дай Божа, — сказаў дзядзька, вярнуўшыся ў хату, — каб гэты знак нам спрыяў. За сваё жыццё трэці раз бачу падобнае дзіва, і заўсёды ў той год, калі бачылі такія пажары на небе, бывалі нейкія неспадзяванкі.
— Я ведаў старога, што памятаў год Лебяды, — сказаў пан Латышэвіч, — і часта апавядаў пра дзівы, якія сам бачыў на небе. Гарэлі тады замкі ў паветры і войскі біліся ў полымі. Страшэннае гора было ўсім. Людзі жывіліся адной травою; аднак жа праз год злітаваўся Бог над галоднымі і паўсюль спіжарні напоўніліся жытам.
Читать дальше