Раптам адчыняюцца дзверы і заходзіць у пакой мужчына, якога я ніколі не бачыў. Высокі, смуглатвары, чорнавалосы, вочы як дзве жарынкі; апрануты коратка, як казак, і бізун за поясам з левага боку.
— Падаю да ног пана гаспадара-дабрадзея! — гучна абвясціў ён.
— А! Як маешся, Базыль! Адкуль цябе Бог прыслаў?
— Далёка быў, дабрадзею! Быў і тут, і там, у маёнтку ксяндзоў дамініканаў блізу Гарбачэва. Едучы праз возера, замёрз увесь: моцны мароз і вецер прадзімае наскрозь. Убачыўшы агонь у вакне панскага дома, спяшаў сюды як да найбліжэйшага месца, дзе можна пагрэцца.
— А можа, таму, — сказаў Сівоха, — што конь ужо далей бегчы не можа?
— О, не! Конь мой яшчэ прабег бы мілі [161] Міля — адзінка даўжыні. У ХІХ ст. у Беларусі ўжывалася міля, роўная 7,777 км.
чатыры.
— Добра, добра зрабіў, што прыехаў да мяне, будзем разам сустракаць Новы год.
— А цяпер самы час варажыць, — сказаў Сівоха, — дык скажы ўсім нам: каго які лёс спаткае ў наступным годзе.
— Навошта варажыць! Што каму лёс прызначыў, так і будзе. Мне, цыгану, ездзіць з кута ў кут або жыць у намёце сярод поля, а пану — кіраваць гаспадаркаю.
— А ці шмат у гэтым годзе збыў старых коней і выгандлеваў маладых?
— У гэтым краі і людзі не горш за цыганоў абазнаныя ў конях: не дадуць ашукаць.
— Скажы ж мне, Базыль, — прамовіў дзядзька, — чаму ты не асядзеш на гаспадарцы? Спакайней жыў бы на свеце.
— Так жылі нашы продкі; пэўна, яны прыкладвалі да скроні жабер-траву і, даведаўшыся будучыню, пагарджалі ўсім і нам такія свае звычаі пакінулі.
— Што гэта за трава? — запытаўся я. — Ці расце яна дзе-небудзь у нашым краі, ці мо ў іншым якім месцы?
— Раскажа пасля пра гэтую траву, — сказаў дзядзька, — а цяпер няхай пагрэецца. Сядай, пане Базыль, можа, ты яшчэ і не вячэраў?
— Пра вячэру, дабрадзею, яшчэ не думалі ані я, ані мой конь.
— Конь не будзе галодны: маю сена, маю яшчэ, дзякуй Богу, і хлеб, каб пакарміць падарожнага.
І Завальня загадаў прынесці цыгану вячэру.
Базыль, седзячы за сталом, еў з добрым смакам. Калі падхарчыўся, пачаў размову пра мінулае, хваліў зычлівасць і лёгкую руку сваіх знаёмых, у якіх некалі выгадна набываў добрых коней. Жаліўся і наракаў на сябе, што лёгка верыў іншым, а таму меў страты ў гандлі, няраз траціў надзею і адступаўся ад важных намераў, не маючы магчымасці быць на конскіх кірмашах у Бешанковічах і Асвеі.
Хваліў некаторыя мясціны ў Беларусі, а менавіта берагі Дрысы і Дзвіны, дзе ён, маючы ўлетку багатую пашу, гадаваў добрых коней, і жыў там часта да позняе восені. Апавядаў пра свае зімоўкі і пра зімоўкі іншых цыганоў, як яны, маючы ўладу над агнём, раскладаюць велізарнае вогнішча пад саламянай страхою і агонь салому не паліць.
Тым часам палёнка ўжо была гатовая. Завальня паналіваў шклянкі, падвёў да стала сляпога Францішка, паставіў перад ім гарачае пітво і іншых гасцей запрасіў бліжэй. Кожны з іх, каштуючы, хваліў смак і колер палёнкі , якая ў святле свечак мела цёмна-рубінавы колер; і тут пачалася размова пра кошт і якасць мясцовых трункаў і замежных вінаў.
— Як неразумна, — сказаў пан Сівоха, — прывозіць з Рыгі аракі і замежнае віно, у якое, як я чуў, дзеля смаку немцы дадаюць не вельмі добрыя для здароўя прыправы, і яшчэ дорага за яго плаціць. Лепей выкарыстаць грошы на што іншае. У нас ёсць свае, выдатныя на смак і не шкодныя для здароўя, напоі. Напрыклад, гэтая палёнка ! Хвораму чалавеку можна выпіць шкляначку — не пашкодзіць, а дапаможа; ад ліхаманкі, ад прастуды — адзіныя лекі!
— Праўда, дабрадзею, — сказаў Базыль, трымаючы ў руках напалову выпітую шклянку і пазіраючы ў місу. — Беднае наша жыццё цыганскае! Калі марознаю зімою шукаем прытулку ў пустой будове, дзе няма ні печы, ні столі, а толькі сцены, і ў тых вецер свішча праз шчыліны, калі пры вогнішчы курчыцца жонка і дзеці пішчаць, круцячыся з боку на бок, абы толькі бліжэй да цяпла… О, каб даць тады жонцы і дзецям па шклянцы такое палёнкі — забылі б на холад, ім бы салоўкі заспявалі ўзімку, нібы цёплай вясною.
— Гэта праўда, — сказаў пан Латышэвіч. — А што ж казаць пра нашае сакавіцкае піва, пра мёд-трайняк! [162] Мёд-трайняк — моцны пітны мёд.
Летась перад Калядамі паехаў я ў горад купіць сёе-тое на розныя хатнія патрэбы. У дарозе заспела мяне лютая бура: у Полацку начаваў у жыда ў халодным пакоі, відаць таму і застудзіўся. Наступнага дня балела галава і трасла мяне ліхаманка. Аднак, не маючы часу сядзець спакойна, цягаўся па горадзе і купіў усё, што хацеў. Меў яшчэ інтэрас быць у кляштары езуітаў: там на калідоры спаткаў мяне айцец Попэ, якому быў даручаны нагляд за піўніцаю [163] Піўніца — падвал, дзе захоўвалі напоі.
, дзе ў велізарных дзежках быў выдатны стары мёд. Ён, глянуўшы на мяне, сказаў:
Читать дальше