Перабраўся да пана *** і хацеў паказаць яму свае таямніцы. Апоўначы на могілках была ў нас проба, але гэты пан і яго лёкай, які павінен быў дапамагаць, абодва, не маючы сіл вытрываць пробу вялікае справы, самлелі. Баючыся пераследу, пакінуў я іх там, на могілках; уцёк, ніколі ўжо не паказваўся ў тых мясцінах і вырашыў ніколі не адкрываць людзям сваіх таямніцаў.
Тут, перапыняючы апавяданне пана Сівохі, Завальня сказаў:
— Памятаю, нядаўна адзін падарожны расказваў мне пра чарнакніжніка, які вучыў пана *** рабіць золата, а лёкай яго — Карпа — насіў пад пахаю яйка, знесенае пеўнем, і выгадаваў цмока; чарнакніжнік, відаць, той самы. Дык, калі ласка, апавядай далей, слухаем з цікавасцю.
— Генрык, заўважыўшы, што мы з доктарам слухаем яго гісторыю, не зважаючы на карчомную прыслугу, што, стоячы паблізу, смяялася і пра нешта гаманіла, не ўставаў з месца і казаў далей.
— А што там у цябе ў кашы пад сярмягаю? — запытаўся я.
— Трусоў, — адказвае, — нясу з сабою; калі які дабрадзей дазволіць мне заняць дзе-небудзь самотны дом, дык буду іх там гадаваць, яны хутка расплодзяцца, і я буду мець прыбытак з гэтае ўбогае гаспадаркі.
— Адкрый кош і пакажы нам тваіх трусоў.
Ледзь адкрыў кош, як Амелія адступіла назад і закрычала ад спалоху:
— Ах, ах! Якія жахлівыя кажаны! Схавай, схавай іх хутчэй, глядзець не магу на гэтых пачвараў!
Я глянуў на яе са здзіўленнем, бо сапраўды бачыў маладых чорных трусоў, і старац, хутка зірнуўшы на яе, сказаў:
— Прыгледзься, пані, лепей: гэта маладыя чорныя трусы; адно што яшчэ малыя.
І, узяўшы першага-лепшага з іх за вушы, падняў з каша.
— Ах, ах! Які страшны кажан, злітуйся, не паказвай, схавай яго ў кош, не хачу і не магу глядзець на такую брыдоту.
Думаючы, што прычына гэтага недарэчнага страху нейкі дзіўны капрыз і ўпартасць Амеліі, я загадаў старцу, каб ішоў і пераначаваў у фальварку, а раніцаю яму будзе выдзелены дом. Ён пакланіўся і пайшоў проста ў маёнтак.
З праходкі вярталіся дадому моўчкі. Амелія была надзвычай усхваляваная, бледная, са слязьмі на вачах. Я глядзеў на яе са здзіўленнем і думаў, чаму яна пярэчыла такой відавочнай праўдзе? Я ж на свае вочы бачыў маладых трусоў! Нарэшце, парушыўшы маўчанне, сказаў:
— Дык што, Амелія, і цяпер яшчэ будзеш даводзіць, што той старац нёс у кашы кажаноў? Дзіўны капрыз прыйшоў табе ў галаву: здзекавацца са старога чалавека, абвінаваціць яго ў хлусні.
— Не хацела я, — кажа, — вінаваціць яго, але хіба ж не даваць веры сваім вачам?
— Прыкра мне, што ты засмуціла беднага старца, бо заўважыў па яго гаворцы, што гэты чалавек надзелены ад прыроды розумам і адукаваны, шкада толькі, што нешчаслівы.
— Пагляд і твар страшныя… Навошта было яго спыняць, няхай бы ішоў далей.
— Дзівяць мяне твае сённяшнія нечаканыя ўчынкі. Затрымаў я гэтага чалавека не на кароткі час; дам прытулак беднаму, і будзе жыць у маім маёнтку, колькі захоча.
Амелія і слова на гэта не сказала. Скончылася наша спрэчка, і мы абое моўчкі вярнуліся дахаты.
Непадалёку ад маёнтка, ля рэчкі, стаяла ў яловым лесе самотная хаціна. Жыў там (яшчэ як мой бацька-нябожчык быў жывы) селянін, якому пазней я даў хату ў бліжэйшай вёсцы, а поле, якое ён урабляў, далучыў да свае зямлі. Наступнага дня я прачнуўся рана, прывёў старца ў тую хаціну, каб меў там прытулак на схіле сваіх гадоў. Ён падзякаваў мне і выпусціў з каша сваіх трусоў пасярод хаты.
Жыў ён самотна. Часам блукаў адзін па полі або пад шатамі лясоў; уначы не спаў, паказваўся ў розных мясцінах у чорнай вопратцы, нібы страшны прывід. Сяляне, сустракаючы яго ў месяцавам святле, баяліся набліжацца, уцякалі, як ад вурдалака, і пра яго па ўсёй ваколіцы хадзілі дзіўныя чуткі. Апавядалі адзін аднаму, быццам бачылі апоўначы над яго хацінаю велізарную чараду кажаноў, і на ягоны кліч прыляталі туды совы і крумкачы.
Чуючы такія выдумкі простага люду, я смяяўся, наведваў самотны прытулак старца, часам любіў пагаманіць з ім колькі гадзін; увосень слухаў там, як шумелі старыя яліны над страхою: углядаўся ў ягоны твар, на якім застыла навек вясёлая ўсмешка. На пясчаным пагорку сярод хвояў жыў велізарны выпладак чорных трусоў, якія хаваліся пад зямлёю і зноў выбягалі са сваіх нораў. Гледзячы на ўсё гэта, адчуваў я ў сабе перамены, і душу агортвалі змрочныя думкі.
Амелія не хацела яго бачыць і не любіла, калі хто-небудзь успамінаў пра яго; я, наадварот, з прыемнасцю размаўляў з ім, і праз некалькі месяцаў ён атрымаў нада мною такую ўладу, што я верыў усяму, што ён казаў.
Читать дальше