— Трэба табе жаніцца, — сказаў мне сусед. — Панна Амелія, дачка камісара, які цяпер кіруе маёнткамі пана Г., дзяўчына прыгожая, добра выхаваная, да таго ж я чуў, што мае ў пасаг больш за дзесяць тысяч срэбных рублёў: бацька яе назапасіў ніштаваты капітал, займаючы пасаду камісара і ўпаўнаважанага, а што не ў сваяцтве з тутэйшымі яснавяльможнымі панамі, якія робяць што хочуць падчас выбараў мясцовых чыноўнікаў [158] У Вялікім княстве Літоўскім мясцовую ўладу выбіралі звычайна на павятовых сойміках. Фармальна такое становішча захавалася нават пасля далучэння Беларусі да Расійскае імперыі. І толькі ў другой чвэрці ХІХ ст. мясцовае заканадаўства паступова было скасавана.
, — ты на гэта не зважай. У тваім становішчы трэба грошы, а не фамільныя сувязі, якія — на маю думку — табе не прыдадуцца. Бачу: парада майго суседа — ад сэрца. Я згадзіўся з гэтай прапановаю і папрасіў яго дапамагчы. Дзесяці тысяч срэбных рублёў (а мо крыху менш) было б даволі, каб вызваліць ад прыкрых дамаганняў мой маёнтак. А да таго ж пра вартасці камісаравае дачкі я і раней шмат ад каго чуў. Карацей, паехалі мы з суседам да яе бацькоў.
Сустрэўшы першы раз Амелію, сапраўды ўбачыў яе цудоўныя вартасці: стройны стан (мастак мог бы напісаць з яе найпрыгажэйшы абраз), твар сведчыць пра лагодны характар, у блакітных вачах ціхая меланхолія і нейкія чароўныя мроі.
Размаўляючы з ёю пра будучыню і пра зменлівае шчасце гэтага свету, даведаўся: выхавалі яе так, што пакорліва верыла ў прадчуванні і ў неразгаданыя таямніцы прыроды. Мой сусед адкрыта расказаў яе маці і бацьку пра ўсе патрэбы майго маёнтка; згадзіліся і бацькі, і дачка. Пасля вяселля я быў найшчаслівейшы з людзей: прывёз жонку дадому і заплаціў усе пазыкі.
Ах! Чаму я не даваў веры прадчуванням! Доктар, ці згодзішся з тым, што чулая чалавечая душа чуе ў ціхім голасе анёла перасцярогу нашмат лепей, чым навукаю і вопытам набытая мудрасць?
— Заўважаў гэта і я, — сказаў доктар, — але такі інстынкт бывае не ва ўсіх людзей.
— Чаму ж я не хацеў верыць сэрцу чулае Амеліі?
— У якіх выпадках? І чым гэта ўсё скончылася?
— Тры гады мы былі шчаслівыя абое, хоць розніца асобных нашых думак і ўяўленняў і нараджала часам спрэчкі, аднак заўсёды ўсё канчалася спакойна. Амелія, бачачы маю ўпартасць, хутка знаходзіла іншую тэму, абы толькі ўнікнуць нязгоды.
Аднойчы ўвесну, у пагодны вечар мы выйшлі на праходку да блізкага лесу; вакол чуваць былі птушыныя спевы. Амелія па дарозе часта замаўкала і нібыта аддавалася нейкім сумным марам.
— Бачу, — сказаў я, — што нейкае прадчуванне шэпча табе на вуха, бо перапыняеш размову і акунаешся ў сумныя думкі.
— Сапраўды, напаў на мяне нейкі смутак, не ведаю чаму.
— Спевы салаўёў і зязюль дзейнічаюць на твае нервы.
— Можа, і так, — адказала яна ціхім голасам.
У гэты час бачу я, як злева, ідучы праз лес вузенькай сцежкаю, набліжаецца да нас нейкі згорблены старац у чорнай вопратцы; твар бледны, ясныя вочы свяціліся з-пад густых броваў, за плячыма вісеў накрыты старой чорнаю сукманаю кош. Цікава было даведацца: хто гэты дзіўны чалавек і адкуль ідзе. Параўняўшыся з ім, я спытаўся:
— Хто ты, дзеду, і адкуль ідзеш?
Ён, здымаючы з галавы стары пакамечаны капялюш і нізка кланяючыся, сказаў:
— Жыву на цэлым свеце, шукаю ласкавых да мяне дабрадзеяў і заўсёды змагаюся з забабонамі і людскімі выдумкамі.
Гэты яго адказ мяне вельмі зацікавіў.
— Як жа, — кажу, — пачалася тая вайна з забабонамі і людскімі выдумкамі?
— Бо яны не зразумелі ні мяне, ні свае выгады. Я абышоў цэлы свет, ведаю ўсе чалавечыя патрэбы, дазнаўся пра самыя пакрыёмыя таямніцы прыроды, хацеў прынесці палёгку жыхарам гэтага неўраджайнага і ўбогага краю, але яны замест узнагароды засыпалі мяне праклёнамі, нідзе не даючы мне прытулку.
— Што ўсё-такі чыніў ты жыхарам нашае зямлі?
— Хацеў зрабіць дабро, але за дабрыню сваю два разы мусіў ратавацца ўцёкамі. Не магу забыць, хоць ужо прайшло каля дваццаці гадоў. Вынайшаў я спосаб здабываць золата, хацеў яго ўдасканаліць і адкрыць тутэйшым жыхарам. Пан ***, багаты чалавек, меў непадалёку ад Полацка маёнтак і дом у горадзе, дзе сам жыў, і мне адвёў маленькі пакойчык дзеля заняткаў і ўдасканалення мае навукі. Там са мною прычыніўся жудасны выпадак: выходзячы, я пакінуў незамкнёныя дзверы, а на стале ляжалі ў паперках белыя парашкі, патрэбныя мне ў маёй навуцы. Жонка пана *** зайшла ў мой пакойчык, узяла адну паперку з парашком, думаючы, што гэта лекі. Пакутуючы ад болю галавы, яна загадала падаць шклянку вады, усыпала туды парашок, выпіла і ўмомант памерла. Я не быў вінаваты, але, ратуючыся ад суда, мусіў уцякаць адтуль і шукаць прытулку ў іншым месцы.
Читать дальше