— Што ж ты чуў або бачыў на свеце, — кажу, — што так мучыць душу тваю?
— Бачыў дзікіх пачвараў, якія рвалі дзяцей і кабет; слухаючы лямант тых няшчасных, велізарныя скалы не рушыліся з месца, а водгулле толькі паўтарала енкі пакутных ахвяр і змаўкала. Гледзячы на гэтую велізарную сцэну, я сам быў пачвараю, я праклінаў зоркі, што абыякава глядзелі з неба на ўсё гэта, і хмары, што не стрэлілі ў пачвараў вогненнымі перуновымі стрэламі.
Яшчэ скажу табе: людзі-волаты на ўсіх паглядаюць зверху, быццам на нікчэмных карузлікаў, мараць пра славу, дрыжаць перад найменшаю непагодаю, ідуць з трывогай і асцярожнасцю па шырокай дарозе, баяцца ступіць на калючыя церні; я сустракаў іх, бачыў малыя душы ў велізарным целе; страсянулася ўся мая натура, не ведаю, як глядзеў на тых волатаў зверху і пагарджаў іх вялікасцю.
Вандруючы ў самы поўдзень, калі была наймацнейшая спякота, я сеў пры дарозе на траву, каб адпачыць у засені бярозы. Нехта хітры ішоў дарогаю. Я здалёк убачыў у ім атрутную кроў; ён не ашукаў мяне, хоць набліжаўся ў абліччы вужакі, хаваючыся сярод хмызняку і травы. Надзея яго падманула, бо ўжо і я быў таксама ў вобліку змяі: глянуў мне ў вочы, але не мог вытрымаць майго позірку: кінуўся ў хмызы і схаваўся ў гушчары лесу.
Доўгае апавяданне атрымалася б, каб табе пералічыў усе постаці, якія неахвотна і з болем мусіў браць на сябе, блукаючы па вёсках, гарадах і мястэчках. Калі ў багатых дамах гарэла святло, гучала музыка і вясёлыя забавы, перадавалі з рук у рукі келіхі, а пад саламянаю страхою селянін у галечы, галодны, падымаў да неба замглёныя слязьмі вочы, я ў абліччы звера хаваўся ад залеваў пад галінамі густое яліны, слухаючы, як вецер шумеў у цёмным лесе.
Бачачы гэтыя перамены ў маёй натуры, некаторыя мяне не зразумелі, называлі неспакойным і дзікім.
Ціха… чуеш галасы? Крычаць: «Воўк! воўк!» Яны ўбачылі мяне — я ў постаці воўка — стрэляць хутка. Бывай! Я схаваюся ў лясных нетрах і пакіну назаўсёды гэты край.
Там, куды ён пабег, пачуўся шум галін, а я думаў, седзячы, пра тую яго гаворку, як пра дзіўны сон. Прыйшоў мой таварыш.
— Ужо сонца нізка, — кажа, — час каня запрагаць. Паедзем далей.
— Ці бачыў ты ля мяне каго-небудзь?
— Тут не бачыў нікога, — адказаў ён, — а бачыў — толькі вельмі далёка — хтосьці хутка прабег па гары. Не ведаю: ці звер, ці чалавек.
— Гэта, пэўна, той самы незнаёмы, — сказаў Завальня, — пра якога спрачаліся і была бойка ў карчме.
— Пэўна, ён. Сапраўды Пакутны Дух. Едучы цэлую ноч, я не мог ні на хвіліну пра яго забыць і, думаючы, нязменна бачыў яго перад сабою ў размаітых абліччах. Успамінаў спрэчкі, якія чуў у карчме, лаянку і розныя думкі пра незнаёмага чалавека. Такія вось заўсёды абгаворы людскія! Аднаго пахваламі ўзносяць да неба, другога пераследуюць, называючы гультаём і нягодным чалавекам. Адзін толькі Бог справядлівы суддзя: прыйдзе канец свету, тады ўбачаць, хто як жыў і чаму перакідваўся ў розныя постаці.
— Апавяданне пана Францішка, — сказаў Латашэвіч, — смутак наводзіць; крый Божа мець такі характар. Чулы чалавек ніколі не будзе спакойны і шчаслівы.
— Усе яго апавяданні такія, — сказаў дзядзька. — Памятаю, апавядаў мне пра аднаго, што называў сябе Сынам Буры і туляўся па цэлым свеце, нідзе не знаходзячы спакою.
Воблакі, нібы туманы, закрывалі неба; моўчкі стаялі ля дома майго дзядзькі клёны і бярозы; аснежаныя яліны нагадвалі белыя слупы; вячэрні змрок разліваўся ў паветры; у пакоі гарэла на стале свечка. Дзядзька, сляпы Францішак, пан Сівоха і пан Латышэвіч ад апавяданняў перайшлі да размоў пра шчаслівае і нешчаслівае жыццё сваіх знаёмых і суседзяў.
— Вось пражылі мы, дзякуй Богу, і яшчэ год, — сказаў Завальня. — Я нарадзіўся і вырас у гэтым краі, не падарожнічаў нідзе далёка, аднак досыць пабачыў у жыцці; колькі пераменаў розных памятаю! Калі б падняўся з магілы хто-небудзь з нашых дзядоў і ўбачыў цяперашнія звычаі, дык не пазнаў бы свае радзіны. Яму б здалося, што ўстаў з мёртвых недзе ў чужой краіне, — да якіх часоў дажывуць мае дзеці? Не шкадую выдаткаў на выхаванне, раблю што магу, але калі выйдуць на свет з-пад вока майго і настаўнікаў, няхай ужо Бог бароніць іх душы ад злых і бязбожных людзей.
— Ат, пане Завальня, — сказаў Сівоха, — мы самі вінаватыя, што д’яблы размножыліся ў нашым краі; прычына ўсяму — глупства шляхты, хцівасць і нязгода паноў; не буду доўга пра гэта гаварыць: гісторыя ўсім вядомая, да сённяшняга дня не забылі гэтых вершаў:
Читать дальше