Стылістыка народнае фантастыкі — неабходны Я. Баршчэўскаму мастацкі прыём. Пісьменнік у тагачасных палітычных умовах быў вымушаны старанна шыфраваць ідэйна-мастацкую сутнасць сваіх твораў, але для чытача ён пакідаў у тэксце ключы дзеля дэшыфроўкі.
Надзвычай істотнаю падказкаю з’яўляецца вынясенне аўтарам у тытул твора наймення «Беларусь» — назвы, замацаванай некалі царскай адміністрацыяй за пэўнай тэрыторыяй Вялікага Княства Літоўскага. Падчас стварэння кнігі ў афіцыйных дакументах назву Беларусь выкарыстоўваць ужо забаранялася. Але менавіта Беларусь і беларусы для Я. Баршчэўскага — гэта адметныя, самадастатковыя з’явы ў Сусвеце, у цывілізацыі.
Відавочна, што аповяд пра Беларусь не мог адбыцца без адлюстравання ейнага мінулага. Адсутнасць гістарычных даследаванняў пра край не магла быць тут перашкодаю: з аднаго боку існавала — гістарычная памяць народа (асабліва пра падзеі апошніх дзесяцігоддзяў), а з другога — навуковыя працы пра гісторыю Рэчы Паспалітай (А. Нарушэвіча, Ё. Лялевеля), часткаю якое з’яўлялася Беларусь. «Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў народных іх аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў», — піша Баршчэўскі.
Зрэшты, гістарычнае мінулае толькі эпізадычна (наколькі захавалася ў памяці люду падзеі трох-чатырох стагоддзяў) паказана на старонках «Шляхціца Завальні»: у «Нарысе Паўночнай Беларусі» аўтар згадвае пра «валы, узнятыя чалавечаю рукою», пра курганы-пахаванні, пра «страшнага волата Княжа»; у раздзеле «Успаміны пра наведванне роднага краю» — пра падзеі 1812 г.; у раздзеле «Думкі самотніка» — пра падзеі Паўночнай вайны (1700–1721).
Аднак не на гэтыя фрагменты гісторыі Беларусі скіравана ўвага пісьменніка, бо не яны (пры ўсёй іх значнасці) вызначалі тагачаснае жыццё Беларусі і беларусаў. Я. Баршчэўскага цікавіць зусім іншы перыяд гісторыі Беларусі.
Шэраг дэталяў, «раскіданых» у апавяданнях «Шляхціца Завальні» і «Драўлянага Дзядка і кабеты Інсекты», паказвае, што асноўныя падзеі ў творах пісьменніка адбываюцца прыкладна ў адзін час. Кропкаю адліку можа быць «Віленскі каляндар на гэты, 1817 год», падараваны арганістам Андрэем шляхціцу Завальні. Безумоўна, гэта ключ-падказка: апавяданні сялянаў-падарожных, шляхціцаў, цыгана «гучалі» ў хаце Завальні на працягу восені 1816 — вясны 1817 гг. Прыняўшы пад ўвагу гэтую дату, няцяжка вылічыць час, пра які апавядаюць госці пана Завальні. Дзеля гэтага знаходзім наступныя ключы-падказкі. Напрыклад, у першым апавяданні пісьменнік дае лапідарную характарыстыку апавядальніка: «Гэта быў чалавек не маладых гадоў: валасы меў сівыя, але быў здаровы і моцны», а пасля гэтага селянін расказвае пра сваё юнацтва: «Я быў зусім маладзён». Тое ж падкрэслівае і «яго таварыш» — наступны апавядальнік: «Калі быў я яшчэ зусім малады». Можна вызначыць і час дзеяння ў апавяданні «Радзімы знак на вуснах», звярнуўшы ўвагу на ключы-падказкі: «Варка памерла» і «Калі было ўжо Варцы шаснаццаць гадоў». Тое ж знаходзім і ў апавяданні «Стогадовы стары і чорны госць»: «У маладосці я ведаў старога (…) прамінула гадоў дваццаць, як ён памёр».
Апавядальнікі «Шляхціца Завальні», пераважна сталыя, а то і старыя людзі (маладыя звычайна папярэджваюць: «чуў і я ад старых»), у 1816–1817 гг. прыгадваюць падзеі пяцідзесяцігадовае даўніны, г. зн., падзеі 60–70-х гг. XVIII ст. Аўтар анідзе не называе дакладнае даты, не апісвае рэальных падзей, што адбываліся ў Беларусі ў той час (спецыфіка мастацкага твора і не патрабуе гэтага!), але ў нас ёсць падставы казаць пра гістарызм Я. Баршчэўскага. Гістарызм гэты асаблівага роду: у прозе пісьменніка адлюстраваны не рэаліі, а дух пэўнага часу, пэўнага перыяду гісторыі Беларусі. Гэта міфалагічны гістарызм, гэта спроба вытлумачыць у рамантычна-прытчавай форме пераломны момант у жыцці краю — першы падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога Полаччына (Беларусь Я. Баршчэўскага) увайшла ў склад Расіі.
Гістарызм Я. Баршчэўскага — гэта гістарызм рамантычнага тыпу, які ідзе ад нямецкага класічнага ідэалізму. Пісьменнік толькі на першы погляд, нібыта пазбягае гісторыка-канкрэтнай рэальнасці, але, па сутнасці, яго проза з’яўляецца міфалагізаванай копіяй гэтай рэальнасці. Беларуская рэчаіснасць 60–70-х гг. XVIII ст. адлюстроўваецца Я. Баршчэўскім праз прызму фальклорна-міфалагічных уяўленняў беларуса-селяніна, беларуса-шляхціца. І гэта быў адзіны магчымы шлях, каб, апавядаючы пра лёсавызначальную падзею ў жыцці народа, паказаць і сённяшні стан рэчаў, і актуалізаваць патрыятычныя пачуцці, і падтрымаць веру ў лепшае будучае.
Читать дальше