Сцяпан Крыніцкі – засцянковы шляхціч, 45 год.
Альжбета – яго жонка, 40 год.
Паўлінка – дачка Крыніцкіх, 19 год.
Пранцісь Пустарэвіч – сваяк Крыніцкіх, 50 год.
Агата – яго жонка, 43 года.
Якім Сарока – настаўнік, 25 год.
Адольф Быкоўскі – 24 года.
Госці, музыкі.
Рэч адбываецца да рэвалюцыі, у хаце Крыніцкіх.
Абшырная святліца. Направа ад публікі вокны ў сад, бліжэй да аркестра – стол; каля стала-лавы і табурэцікі, над сталом – вісячая недарагая лямпа, на сцяне – абразы. Налева – дзверы ў сенцы, бліжэй да аркестра – куфар. Напроці – сцяна і дзверы ў бакоўку (каморку); справа пры сцяне ад бакоўкі – ложак, засланы коўдрай, у галавах высока накладзена падушак; налева-у кутку-печ; на сцяне стрэльба, старасвецкі з гірамі гадзіннік І некалькі тандэмных малюнкаў. Час – асенні вечар перад Пакровамі.
Паўлінка адна
Стройная і досыць прыгожая дзяўчынка. Адзеўшыся ў недарагую крамніну, але чысценька; без хусткі – у валасах колькі грабеньчыкаў. Сядзіць на ложку і пільна шые крамны кафтанік. Як падымаецца заслона – Паўлінка пяе.
Ой, пайду я лугам, лугам,
Дзе мой мілы арэ плугам;
Ой, пайду я лугам, лугам!
Ён арэ поле валамі,
А я плачу ўсё слязамі;
Ён арэ поле валамі.
( Перастаўшы пець. )
Э-э, штось не пяецца сягоння. Неяк сэрцайка трасецца, як бы хто яго знячэўку перапужаў. А мо гэта песня вінавата? Даліпантачкі аніяк не магу сама з сабой да ладу прыйсці. Ану, на шчасце зачну другую. Якую ж бы тут? Ага!.. ( Пяе .)
Дый чаго ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?
( Пеючы падыходзіць да акна і паглядае, пасля ізноў садзіцца. )
А ўсё-такі нешта нецікава на сэрцы. І чаго яму, бедненькаму, не стае? Піць і есці, дзякаваць Богу, хватае, часам татка дае грошы і на сукенкі… Чаго, чаго, здаецца, тут хацець?… Ох, ох, як жа маркотненька! Прост хоць збірай манаткі ды йдзі ўпрочкі з хаткі. Ужо вечарэе: зараз не будзе як шыць, а трэба сягоння канешне кончыць. Заутра Пакровы… у Міхалішках кірмаш… Эх, эх, каб хаця той прыйшоў, каго так хочацца сягоння пабачыць.
( Садзіцца пры акне і пачынае зноў, шыючы, пець. )
Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі,
Селі яны, палі на сівым Дунаі!
Селі яны, палі, ваду замуцілі
Дый нас, маладзенькіх, з сабой разлучылі.
Бадай тыя гусі марне запрапалі,
Як мы любіліся – цяпер перасталі.
( Паглядзеўшы ў акно .)
Ну, ужо зусім няма як без агню шыць! Зараз трэба запаліць лямпу. Цямнее і цямнее, ночка набліжаецца, а яго як няма, так няма! А шчыра абяцаўся, шэльма, напэўна прыйсці. ( Шукае запалак і запальвае лямпу .) І што гэты тата да яго мае. з таго часу, як даведаўся, што ён на мяне мілым вокам паглядае, усе роўна як чорная кошка між імі перабегла. Ён-то нічога, але тата – дык жыўцом бы яго з'еў. Ну, але тата свае, Якім свае, а я – свае. Паглядзім, чый верх будзе: таткаў, ці мой, ці яго? ( Падумаўшы .) Казаў, прыйдзе сягоння, каб там і ліха гарэла. «Трэба, кажа, сякую ці такую зрабіць пастанову. Мы, кажа, не дзеці – маем свой розум і можам сабой пакіравацца. Толькі ты, кажа, Паўлінка, павінна на гэта прыстаць канешне, бо іначай, кажа, згінем, як рудыя мышы…» ( Ускочыўшы .) Ай! нехта ідзе. Ён, ён, нгшэуна, ён!
Паўлінка, Якім
Якім. Вось і я – як тут быў! Добры вечар ясне-пекнай панне Паўлінцы. Што, золатца мае ненагляднае, прачакалася трохі мяне, ненавісніка? ( Глянуўшы на бакі. ) А ці нікога няма? ( Гаворачы, набліжаецца да Паўлінкі, вітаецца і хоча абняць яе. )
Паўлінка( баронячыся ). Ой, ой! памалу! Усе дома, усе дома. Толькі ў Якіма не усе дома, бо поначы ходзіць да маладых дзяўчат. Дадуць, дадуць зараз пытлю старыя. ( Тупаючы нагой .) Пазваленне ёсць гэтак позна прыходзіць?
Якім( садзячыся ). Ёсць, ёсць, мая ты сакатушка, шчабятушка! Кажы толькі хутчэй, галубка мая бяскрылая: тата тьой дома ці не? Бо ж сама ведаеш, якая ў нас з ім страшэнная любасць…
Паўлінка( садзячыся за шьщцё ). Ой, чаму ж не ведаю: як між катом і сабакам якраз. Але, але смела будзь, як у Бога пад прыпечкам. Паехалі абое на торг і, пэуна, позна вернуцца, бо маюць трохі сяго-таго да прадання і маняцца сякія-такія зрабіць пакупкі. Бачыш, заутра мае быць трохі гасцей з кірмашу. ( Абнімае Якіма, раптам знаходзіць у кішэні кнігу .) А гэта што? ( Чытае няўмела першыя радкі з «Песні аб Сокале» М. Горкага. Потым ён забірае ў яе кнігу і сам чытае .)
Читать дальше