Ідзе і папраўляе падушкі, за ей – Якім, абнімае яе, і садзяцца, абняўшыся, на ложку.
Якім( памаўчаўшы, ласкава ). Паўлінка!
Паўлінка( смеючыся ). Ізноў забыўся, як завуся?
Якім. А ты ізноў сваё… Слухай, міленькая: ці ты надумалася зрабіць тое, аб што я цябе надовічы прасіў і маліў? Сама ж ты, золатца, казала мне не раз і цяпер кажаш, што татка твой ні на якія просьбы не згодзіцца. Значыцца, сама добра разумееш, што іншага выхаду для нас нямашака. А гэтак, як я казаў, будзе найлепей. Ці то мы будзем першыя, або апошнія? Янка Лукашонак з сваей Зосяй так зрабілі, Ігнась Манякоўскі з сваей Дамінісяй, ды і шмат хто… Бацькі спачатку пазлуюць, пазлуюць трохі і адпусцяцца, – ведама, бацькаўскае сэрца. Вось мы з табой, міленькая, такім парадкам самі сабе шчасце збудуем і нічыёй ласкі прасіць не будзем. Адно, абы твая згода – і ўсё будзе добра. Я ўжо, прызнацца табе, гаварыў з папом. Ён заутра прыязджае ў Міхалішкі імшу адпраўляць і заначуе ў ваколіцы. Ну, а мы к яму… раз, два і – гатова.
Паўлінка. Думаць-то я думала, але неяк страшна. Можа б, было лепей, каб яшчэ трохі пачакаць, а то так скора, раптам… Хто спяшыць, той людзей смяшыць.
Якім. Якая ты нядобрая, Паўлінка! Ты зараз – страшна, страшна, пачакаць, пачакаць! Гзтак і ўсю сваю моладасць пачаканкамі перачакаем. А так гэта дачэснае жыццё можна добра наладзіць, так добра, абы толькі ахвота ў нас была ды вытрываласць.
Паўлінка. А што, калі зловяць? Гэта ж я не выжыву з сораму, людзі вочы выберуць, нельга будзе на свет паказацца. Цяпер і то колькі ўсякай брыды ўслужлівыя суседзі і суседкі на нас вернуць, а што і гаварыць тады, як нам гэта «бог наш уцечка» не ўдасца.
Якім. Не бойся, золатца, не зловяць! Усе пойдзе гладка. Заутра ў вас вечарынка; пасля вечарынкі ўсе будуць спаць моцна, так што хоць з гарматаў страляй – нічога не пачуюць. Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі звяжаш у клумак што патрэбнейшае, а там праз момант – і ты мая на векі вечныя.
Паўлінка( нібы са злосцю ). Не я твая, а ты мой на векі вечныя!
Якім. Ну, хай будзе, як Сора казала; але гэта толькі тады у нас выйдзе, калі ты прыстанеш на тое, аб што я цябе прасіў і прашу.
Паўлінка( падумаўшы, смеючыся ). Ну, згода да… заутрашняга дня, а там пабачым.
Якім( павесялеўшы ). І дауно ужо трэ было гэтак сказаць, мая ты кветачка майская. Заутра вечарам, як толькі ўсе паукладаюцца, – я ужо у садзе пад акном буду на цябе чакаць. Ты аконца адчыніш, лахі пад пахі ды скакель з хаты у сад, як пятух!
Паўлінка. Гэта ты, як пятух, а я, як…
Якім( перапыняючы ). Як курыца.
Паўлінка. Не курыца, а як зязюлька.
Якім. Як зязюлька, праз акно фырр! а пятух цап, а поп крапілам пырсь! а там…
Паўлінка. ( смеючыся ). А там ізноу фырр!.. Размахвае рукамі і хоча вырвацца. Якім мацней прыціскае яе к сабе і хоча пацалаваць; яна нібы баронщца, а пасля хватае яго за шыю і доўга горача цалуюцца.
Якім. Ох, каб гэтак усе жыццё і кожную мінутку.
Паулінка. Ого! Разласавауся!.. Аскому нагоніш, пакуль ахвоту спагоніш. ( Прыслухаўшыся .) Ой, недзе туркоча! Ці не едуць толькі нашы з торгу!
Якім( прыслухаўшыся ). Такі ж нехта едзе!
Паулінка ( сумна ). Значыцца, Якімка, трэба ўжо табе рабіць фырр!
Якім( устаючы, з уздохам ). Нічога не парадзіш – трэба!.. Ой, гэтыя бацькі! І чаму гэта не родзяцца на свет дочкі без бацькоў!..
Паўлінка( устаючы ). Ах, чуць не забылася. Ці прынёс мне тое, што абяцаўся?
Якім. А як жа, прынёс, мае ты золатца. ( Дастае з кішэні фатаграфію і аддае Паўлінцы .)
Паўлінка( прыглядаючыся да фатаграфіі, весела ). Вот так добра! Заместа аднаго маю ужо двух: аднаго, што сам ходзіць да дзяучат і рукам волю дае, а другога, што трэба насіць за… пазухай. ( Смяецца .)
Якім( любуецца ею, хватае і цалуе ). Ах ты, зязюлька мая ненаглядная!
Паўлінка( баронячыся ). Ну, ну, петушок! Не гарачыся: паспееш з козамі на торг. ( Выпіхаючы Якіма з хаты .) Марш дадому! Раз, два, тры!..
Якім( у дзверах ). Помні, Паўлінка, – заўтра!.. ( Выходзіць .)
Паўлінка адна
Паўлінка( папраўляе ложак, пасля прыглядаецца да фатаграфіі, цалуе яе і хавае за пазуху, прыціскаючы грудзі рукамі ). А што, смачна? цёпленька?… Га?… Каля самага сэрцайка дзявочага… Пэўна чуеш, як яно, бедненькае, трапечацца. Выгадна табе тут, як нідзе, нікому!.. Але не, не! Гэтак не выпадае. Яшчэ трохі порана… Паслязаўтра – іншая рэч. А цяпер… ( ідзе к абразу .) Пасядзі лепш, саколік, за абразікам. Седзячы гэтак у бога за плячыма, меней будзеш мець грэшных думак у галаве, чымся песцячыся тут ( паказвае ) у маладой дзяўчыны. ( Напяваючы, падыходзіць да сцяны, хавае фатаграфію за абраз і як ні ў чым не бывала садзіцца за шыццё. ) Дый чым жа твая, дзеванька, Галоўка занята? ( і г. д. )
Читать дальше