— Якая табе справа? — запытаў Злы. — Па-першае, табе асабіста гэта ніяк не перашкаджае. А па-другое, чым ты лепшы за іх? Прызнайся, ты ж абсалютна такі самы...
— Гэта ты мне казаў, што людзі патрэбны Богу. І мне здаецца, што Яму патрэбны людзі разумныя, творцы... А не спажыўцы...
— Я казаў, што магчыма патрэбны. Бо хто ведае, што Яму там патрэбна насамрэч. Акрамя таго, гэтым аргументам ты сам загнаў сябе ў пастку. Ты ж хацеў спыніць нейкі там цягнік, каб цяпер далучыць людзей да Бога. Але сам кажаш, што на дадзеным этапе яны спажыўцы. Супярэчнасць... Таму, хутчэй за ўсё, Бог не дазволіць табе гэтага зрабіць, не дазволіць абрынуць астэроід. Ва ўсякім разе, гэта будзе супраць Яго волі... У такім рэчышчы...
— Дык праблема якраз у тым, што сітуацыя толькі пагаршаецца. Таму я лічу, што каменная глыба будзе для іх выратаваннем. І чым раней яна абрынецца, тым лепш для іх.
— Які ж ты нудны... Гэта ж нецікава. Хочуць яны жыць у такім свеце — хай жывуць. Назіранне за гэтым працэсам можа прынесці нядрэннае задавальненне, калі назіральнік разумее ўсю недарэчнасць сітуацыі. Не можаш змяніць гэты свет — назірай і атрымлівай асалоду. Але ж ты хочаш усё ўзяць і знішчыць. Увогуле, мы далёка не першы раз прыйшлі да гэтай тэмы, мне ўжо надакучыла...
— Людзі з цягам свайго існавання здолелі спахабіць усё, што толькі можна было. Яны ўзвялі ў культ свае фізіялагічныя патрэбы. Я нават здзіўляюся, чаму да гэтага часу няма культу прыбіральні?..
— А які самы знакаміты фантан у Брусэлі?
Гэтае пытанне прывяло Яго ў разгубленасць і амаль што ў роспач. Чамусьці Ён думаў, што субяседнік будзе ўсё аспрэчваць, а не падліваць алею ў агонь. Злы ж зноў агідна пасміхаўся ўласнай знаходлівасці і нейкаму ўсёведанню, магчымасці быць на некалькі крокаў наперадзе. Вытрымаўшы невялічкую паўзу, ён працягнуў:
— А яшчэ я ўпэўнены, што ў гісторыі былі спробы пісаць карціны фекаліямі. Можаш праверыць, калі будзе цікава.
— І вось як... Як можна жыць у гэтым свеце і быць назіральнікам? Калі тут нават самыя нізкія патрэбы фізічнага цела ператвараюць у быццам бы высокае мастацтва і захапляюцца гэтым...
— А чым гэта табе не прыклад творчага пачатку чалавека?.. Вось табе і чалавектворца. Не проста паеў, каб падзарадзіць арганізм, а прыдумаў, як лепш прыгатаваць, змясціць у прыгожую форму... Тое ж і з іншымі патрэбамі...
— Але ж гэта паганства ў чыстым выглядзе... Хаця нават паганец Сакрат заўважыў, што чалавек есць, каб жыць, а не наадварот...
— Мне здаецца, ён меў на ўвазе, што трэба ведаць меру ў спажыванні ежы, а не тое што трэба ставіцца да гэтага, як да дэфекта, абумоўленага фізічнай неабходнасцю.
— А што ты думаеш пра дыяментавыя крыжыкі? У наш час людзі амаль з усяго зрабілі брэнд, спахабілі ўсё, што можна і што нельга. Крыж, як сімвал хрысціянства, зрабіўся пэўным брэндам, стаў ювелірным упрыгожваннем. Я разумею, што гэта тычыцца і паганскіх крыжоў, і іншых сімвалаў. Аднак ці не абсурдна выглядае лацінскі крыж, упрыгожаны дыяментамі? Гэта ж маразм. Няўжо ўладальнік такога крыжа — сапраўдны хрысціянін? Ты ж сам называеш такіх людзей пазёрамі...
— Запытаю яшчэ раз: якая табе розніца? Магчыма, той, хто носіць крыж з дыяментамі робіць для Бога нашмат болей за цябе — таго, хто толькі крытыкуе. Няхай усе гэтыя людзі робяць, што хочуць — носяць крыжы з дыяментамі, фатаграфуюць ежу і набываюць касцюмы сваім сабакам. Гэта нават у сукупнасці нельга параўнаць з тым, што ты хочаш іх усіх забіць. І хто пасля гэтага горшы?.. Прызнайся, была б у цябе магчымасць жыць па-мяшчанску — ты б ёй скарыстаўся. Таму ты большы пазёр, чым яны...
Тэма, да якой падышла размова, Яму не падабалася. Таму Ён вырашыў нічога не адказваць і не працягваць сваю думку адносна таго, якім чынам жаданне загінуць ад маленькага метэарыта перарасло ў ідэю вынішчэння ўсяго чалавецтва. Усталявалася цішыня, але неўзабаве яе перарваў Добры:
— Ён мае рацыю, пагадзіся. Не табе вырашаць, каму як жыць, а каму не жыць увогуле... Калі ты засынаеш са спадзяваннем, што заўтра ніколі не будзе, іншыя чакаюць яго з пэўнымі надзеямі. Так, некаторыя з гэтых надзей, натуральна, мяшчанскія, аднак ёсць нямала высакародных, сапраўды вартых... Не будзь такім эгаістам. Зразумей нарэшце, што ніхто не даваў табе ніякай улады і права вырашаць за іншых...
Кожную ноч, калі ўяўляў, як Яго позірк падымаецца да каменнай глыбы ажно ў космас, Ён быццам бы спыняўся на кожным паверсе, што знаходзіліся над Яго пакойчыкам. Імкнуўся ўявіць, што на кожным вышэйшым паверсе павінен быць такі ж самы пакой, толькі з іншай мэбляй і іншымі жыхарамі. Насамрэч, Ён нават не ведаў, хто там жыве, не ведаў уласных суседзяў па пад’езде. Але гэта не мела ніякай розніцы, бо Ён, прыпыняючыся на кожным наступным паверсе, імкнуўся ўявіць нейкі вобраз-тып, які б змяшчаў у сабе агульныя рысы вялікай колькасці рэальных людзей.
Читать дальше