Будучы на той час празмерна сарамлівым, я ніяк не адважваўся прызнацца ёй у сваіх пачуццях. Дый нам было пагаварыць і пра шмат што іншае. Ва ўсякім разе мне. Хоць яна, відаць, здагадвалася, што ў мяне на душы, але заставалася непрыступнай. На прапановы схадзіць у кіно, нязменна адказвала адмовай. Тлумачыла гэта тым, што трэба спяшацца дамоў, бо познім вечарам аўтобус у іхнюю вёску не ходзіць. Што было, канечне, праўдай. Але ж, пры жаданні, можна было ў каго-небудзь і пераначаваць. Балазе яе лепшая школьная сяброўка таксама не паступіла і жыла ў самым цэнтры Драгічына. У райцэнтры жылі і іншыя аднакласніцы, якія таксама нікуды не паехалі вучыцца.
Як на сённяшні мой розум, я пайшоў на крок... Не ведаю нават, як назваць яго. Ва ўсялякім разе дваццацідвухгадоваму журналісту можна было так і не рабіць, бо ўсё тое выглядала вельмі наіўна. Вядома, не само па сабе, а з-за таго, што мела канкрэтную прывязку. А пачаў я ў кожны суботні нумар раёнкі прапаноўваць пад рубрыкай «Таварыш песня» якую-небудзь з тых песень, што былі ў той час на слыху. Канечне, не рэвалюцыйныя, і не ўра-патрыятычныя. У гэтым, зразумела, нічога благога не было, аднак я спецыяльна падбіраў для публікацыі тэксты такіх песень, у якіх, па сутнасці, гучала прызнанне ў каханні.
Не ведаю, ці здагадвалася Валя, што менавіта такія песні я прапаноўваю ў друк невыпадкова. Хто ведае. Пра гэта я так і не асмеліўся спытаць у яе.
Толькі аднойчы яна паведаміла, што адна яе сяброўка прасіла, каб была надрукавана. Не памятаю, якая гэта песня.
— Дзе ж узяць тэкст яе? — я даў зразумець, што такое проста немагчыма.
— Іншыя ж песні ты знаходзіш, — здзівілася Валя.
— Дык гэта ж іншыя, — ухіліўся я ад адказу. Дый не стаў тлумачыць, чаму прапаноўваю іх у друк і з якой цяжкасцю знаходжу неабходныя тэксты.
«Пасядзелкі» мае ў кабінеце Валі працягваліся, а тое, што я адсутнічаю на сваім рабочым месце, у рэдакцыі ўспрымалі спакойна. Пры неабходнасці мяне можна было лёгка знайсці, а да ўсяго я пісаў шмат. Тады «выпрацоўка» кожнага супрацоўніка вымяралася радкамі — як уласных матэрыялаў, так і падрыхтаваных аўтарскіх — у месяц, дык я ці не заўсёды ў рэдакцыі займаў першае месца. То якія прэтэнзіі маглі да мяне быць?! Хай адбывае добраахвотную «адсідку» ў Валі.
Што я і рабіў з зайздросным пастаянствам на працягу ўсяго рабочага дня. За выключэннем, зразумела, паездак у камандзіроўкі, напісаннем матэрыялаў, дзяжурстваў па нумары. Дый тады яшчэ, калі ў Валі было шмат наведвальнікаў. Ці калі райкам камсамола арганізоўваў якія-небудзь мерапрыемствы. З тых, у якіх Валя прымала ўдзел. Хоць, паўтаруся, са Славам і мы стараліся не прамінаць іх. Аднойчы нават паехалі суправаджаць нейкую дэлегацыю ў Пружаны, перад гэтым сказаўшы рэдактару, што едзем на раён.
Сябра — даяр, я — трактарыст
Неяк Слава паведамляе:
— Едзем у Пінск, — пры гэтым шматзначна ўсміхаецца: — Валя ж едзе, то няўжо без яе застанешся?
— Пры чым Пінск? — нічога не зразумеў я. — Тым больш Валя.
— А пры тым, што ў Пінску ў пятніцу і суботу праходзіць занальны семінар маладых работнікаў сельскай гаспадаркі.
— Калі ж гэта ты даяром стаў? — пакпіў я з яго, здагадваючыся, што, канечне ж, збяруцца на гэты семінар тыя, хто непасрэдна звязаны з сельскагаспадарчай вытворчасцю.
— Станеш і ты, калі зразумееш, што і да чаго, — засмяяўся Пратасевіч і накіраваўся да двярэй, запрашаючы і мяне: — Пайшлі да Надзі.
Надзя працавала другім сакратаром райкама камсамола. Хоць і была крыху старэйшай за нас, але мы хутка знайшлі агульную мову і з ёю, таму яна таксама стала для нас сваім чалавекам.
— Згодны, — сказаў Слава Надзі, ледзь толькі мы пераступілі парог яе кабінета.
Я раскрыў было рот, каб сказаць, што ніякай згоды не даваў, але Надзя сваёй рашучасцю спыніла маё жаданне запярэчыць.
— Добра, хлопцы, што гатовы нам дапамагчы, — яна з удзячнасцю паглядзела на нас, — а то паспей за некалькі дзён дамовіцца, каб начальства адпусціла сваіх работнікаў. Не так жа проста зрабіць гэта, — апраўдвалася яна. — Нехта ж мусіць падмяняць іх, а каму хочацца выконваць пры гэтым чужую работу.
— Слава згодзен быць даяром, — я хутка ўвайшоў у курс справы.
— Цудоўна, а ты?
Я задумаўся.
— Таксама даяром, — падказаў Слава.
— Два даяры на раён — гэта ўжо шмат, — адказала Надзя і прапанавала: — А трактарыстам згодзен стаць? — яна засмяялася.
— Трактарыстам дык трактарыстам, — адказаў я.
— Толькі, — Надзя па-змоўніцку паглядзела на нас, — нікому ні слова. І запомніце на ўсялякі выпадак свае новыя прозвішчы. Зразумела, гэта тыя, хто і ў сапраўднасці працуе на вёсцы. Па гэтых прозвішчах вы і будзеце праходзіць у дакументах.
Читать дальше