Сабака ўжо цягнуў жанчыну прэч. Зміцер Дашкевіч машынальна падзякаваў і... скіраваў назад, да дома.
Ён ужо не раздумваў, што рабіць. Але спачатку трэба было ўпэўніцца на свае вочы, чаму стрыечніца менавіта тут, і прымаць нейкае рашэнне.
Разняволеным крокам мінуў брамку, прайшоў па асфальтавай дарожцы і націснуў на ручку дзвярэй.
Коратка стрыжаны мацак, які сядзеў у холе і размаўляў па радыётэлефоне, слізнуў па ім вачыма і запаволена падняўся насустрач.
— Вы хто такі? У нас па запісу.
— Кліент, — знарок туманна адказаў Змітрок Дашкевіч.
— Нешта я вас не памятаю.
— За «вертухая» тут? — наблізіў яго да канкрэтыкі Змітрок Дашкевіч і дадаў: — Я прайду.
— Вам да каго? — крыху пацішэў мацак.
— Да Ані.
— Якой? Тут у нас іх некалькі.
— Да «бульбашкі».
— А-а, у яе ж быццам сёння вольны дзень.
— Дамова ў нас. Ды што ты парышся, братан? — перайшоў на «ты» Зміцер Дашкевіч. — Каго прэсуеш?
— Ну, згода, знялі тэму. Праходзь, — мацак, у якога якраз засігналіў мабільнік, вярнуўся ў крэсла.
Зміцер Дашкевіч адразу ўзняўся на другі паверх і апынуўся ў доўгім калідоры, па баках якога месціліся пакоі з нумарамі на дзвярах і раз-пораз узнікалі чыесьці нетаропкія постаці. Нейкая ўскудлачаная дзяўчына ў шортах на яго пытанне тыцнула пальцам у адны з дзвярэй:
— Тут.
Стрыечніца Аня сядзела ў крэсле за невялікім столікам, на якім стаяла напаўпустая бутэлька віна і пара пласцікавых аднаразовых талерак. Побач з ёй, але на канапе ўладкавалася фарбаваная пад ружовы колер дзяўчына з лялечным тварыкам. Абедзве палілі цыгарэты.
Пабачыўшы брата, стрыечніца быццам і не здзівілася.
— Усё-такі высачыў, — сказала яна, крыва ўсміхнуўшыся. — Ну, давай, гавары!
— Я пайду, — адразу падхапілася яе суразмоўца і, не марудзячы, выйшла.
— Збірайся, — сказаў Змітрок Дашкевіч сястры. — Я не хачу ведаць, чым ты тут займаешся, але мы адсюль ад’язджаем. І лепш нават зараз. Пойдзеш у гасцініцу, дзе я спыніўся, і пабудзеш там, пакуль я прывязу білеты на цягнік.
— Я не паеду.
— Гэта яшчэ чаму? — спытаў ён і прысеў на канапу, дзе дагэтуль сядзела ружовая дзяўчына.
— У асноўным — ты ведаеш.
— Я ўжо ведаю, што ты ў яме. Трэба выбірацца. Я выклікаю таксі.
— Пакінь мяне ў спакоі. Я сама адказваю за сябе.
— Твая маці захварэла. Што я ёй скажу?
Стрыечніца тыцнула цыгарэту ў сподак.
— Скажы, што ў мяне ўсё добра. Я прыеду. Пасля.
— Хто тут цябе, да слова, крышуе? Я хачу з ім пагаварыць. Я бачыў тут людзей, якіх не назваў бы славянамі, як бы ні хацеў. Ты разумееш, што такія людзі спачатку завабліваюць, а потым апускаюць з нечалавечай жорсткасцю? Хіба ты не чула, што беспрытульным дзецям яны выломваюць рукі і ногі, калечаць старых, адбіраюць у іх дакументы, а потым саджаюць на асфальт жабракамі?
— Змоўкні! — стрыечніца раптам затрэслася ў плачы.
— Дзе твае дакументы? Пашпарт пры табе?
— Не. Забралі.
— Ідыётка! Пра што ты думала, калі даверылася?
Раптам слабая надзея абудзілася ў ім.
— Скажы, можа, ты і праўда толькі мамчыш чыёсьці дзіця? Я бачыў у цябе на руках...
— Справа ў тым, што гэта маё дзіця, — праз паўзу выціснула прызнанне стрыечніца.
— Ад каго яно?
— Табе якая справа?
— Ну добра. Забяром і дзіця. Збірайся.
— Не.
— Можа, ты ўсё-такі раскажаш, як сюды трапіла?
— Іншым разам.
— Што ж, тады я сам разбяруся.
— Не хадзі! — паспела азвацца Аня, але ён ужо выскачыў у калідор.
Двое жукаватых качкоў якраз ішлі яму насустрач.
— Гэй, пацаны, — звярнуўся да іх Зміцер Дашкевіч. — Хто тут у вас хату трымае?
Жукаватыя пераглянуліся.
— Навошта табе?
— Значыць, хачу пазнаёміцца. Справа ёсць.
Утраіх яны спусціліся на першы паверх. Паляпаўшы на ўсялякі выпадак яго па кішэнях — як здагадаўся, на наяўнасць ствала, — жукаватыя завялі яго ў бакавы пакой.
За сталом з ноутбукам і некалькімі тэлефонамі сядзеў усходняга тыпу каржакаваты, без аніводнага валаска на галаве, жаўтаскуры мужчына сярэдніх гадоў, амаль карлік, толькі шыракаплечы, з масіўным залатым ланцугом на шыі. Напаўвар’яцкія чорныя вочы яго ўтаропіліся на тых, хто ўвайшоў.
— Гэту хату вы трымаеце? — спытаў яго Зміцер Дашкевіч.
— Хто гэта? Мент? — звярнуўся да качкоў карлік. — Што яму трэба?
— Базар у яго...
— Давай па справе і ў трох словах: што хочаш?
— Я не мент. Сястру маю Аню-«бульбашку» адпусціце з богам, — сказаў Змітрок Дашкевіч. — Пашпарт вярніце, і зараз.
— А-а, вось яно што. Прад’ява, значыць? А ты з «бульбашыі» прыбыў? Ат я радуюся... А ў вас там, як я чуў, не людзі жывуць. А лахі. — (Ён зрабіў націск на апошні склад.) — Гэта праўда?
Читать дальше