Ат, зрэшты, што ні робіцца — робіцца да лепшага!..
Яму заўсёды прыносіць супакаенне гэтая мудрасць. Пачутая даўно (сам не памятае ад каго), яна стала нечым накшталт талісмана. Гэтая мудрасць ратавала ў цяжкія хвіліны, не давала патухнуць праменьчыку надзеі. Праходзіў час — і ўсё спраўджвалася. Ну, напрыклад, не паступіў у медыцынскі — набыў спецыяльнасць па душы, правароніў сваю чаргу на размеркавальную камісію, як хлопцы казалі, прыйшоў на шапачны разбор — і адхапіў такое месца, такую работу. Каб пайшоў па чарзе — хто ведае, куды трапіў бы. Альбо... не згаджалася Люба — спаткаў Іру. Хоць... тут здарылася асечка... Няўжо Люба — яго лёс?! Няўжо Іра — было памылкай?!
Яго стаў апаноўваць страх, і выратавальная формула «што ні робіцца — робіцца да лепшага» не прыносіла аблягчэння. О, каб гэта да лепшага!
Музыка стаміла ўсіх, і зноў пачалі ўсаджвацца за сталы.
Міхась яшчэ раз зірнуў на Любу, засяроджаную, абыякавую да ўсяго — і яму кінулася ў вочы, што за гэтым знешнім спакоем, за гэтай абыякавасцю ў яе душы адбываецца напружаная, адчайная барацьба. I ён занепакоіўся: аб чым яна думае, што з ею? Аднак супакоіў сябе: якое гэта мае значэнне, што ад гэтага пераменіцца...
***
Не трэба было ніякага вяселля, з горыччу думала Люба. Але хто мог падумаць, што усё так павернецца? Хто мог падумаць, што вёска не прыме гэтага вяселля? Хто мог падумаць, што нават Міхасёвы сваякі, нават яе школьныя сяброўкі будуць цурацца? Чаму яны так? Што зрабіла яна ім благога? Што брыдкага ў яе замужжы? Няўжо мала хто выходзіць замуж за разводніка? Хіба яна разбівала Міхасёву сям’ю? Міхасёва сям’я распалася без якога б там ні было яе ўдзелу. Яна і ў вочы не бачыла Міхася з таго часу, як ён ажаніўся, і, па праўдзе кажучы, нават забылася, што ён існуе. Чаму ж такія несправядлівыя людзі? Няўжо іх задаволіла б, каб з’явілася яшчэ адна Антоля? Але ж і да той няшчаснай Антолі яны былі несправядлівыя!
***
Мала хто памятае дакладна, што здарылася, бо было даўно — яшчэ пры Польшчы. Расказвалі толькі: у маладой, вельмі прыгожай тады Антолі нешта здарылася з жаніхом — ні то застрэлілі, ні то сам застрэліўся ў арміі. Колькі сватоў пасля ні прыходзіла — на парог блізка не пускала, сама нікуды не выходзіла. Праходзіў час — і перасталі пасылаць сватоў, а потым і ўвогуле забыліся пра Антолю. Тым больш што жыла яна з вярсту ад вёскі, насупраць могілак, лічы што на могілках. Ніхто асабліва і не заўважыў, як памерлі Антоліны бацькі і яна засталася адна. Як і бацькі, Антоля была нелюдзімая — бадай, нiхто ніколі яе не бачыў у вёсцы, і яна не хацела нікога бачыць. Толькі калі хавалі каго ці на раданіцу хадзілі на могілкі, маглі ўбачыць яе строгую чорную постаць, якая шмат у каго выклікала страх. Калі хто выпадкова сустракаўся з Антоляй і пачціва вітаўся, яна незадаволена бурчала нешта па-польску і ішла сваей дарогай. Мабыць, з-за таго, што Антоля жыла амаль на могілках, для вёскі яна была нечым накшталт жывога нябожчыка.
3 гадамі Антоля зусім адзічэла. Нават калі ў вёсцы арганізоўваўся калгас, не пайшла да грамады. Так і засталася аднаасобніцай на сваім невялічкім агародзіку ў трухлявай хацінцы, якую штогод з верху да нізу абмазвала глінай.
Люба добра памятае прыгорбленую страшную Антоліну постаць. Яны, падшыванцы, часта праходзілі паўз могілкі, і сёй-той са смялейшых запускаў у Антоліну мазанку агрызкам яблыка ці каменьчыкам. Адразу ж выходзіла Антоля, нічога не гаворачы, сумна і ўважліва глядзела на дзятву, а яны з усіх ног імчалі аж да вёскі.
Праз некалькі гадоў ці то ад старасці, ці то ад бяскорміцы паздыхалі Антоліны козы, а потым некуды знікла і яна сама. Мо праз тыдзень, а мо і болей нехта здагадаўся заглянуць у мазанку — і з жахам пабег клікаць людзей...
***
Няўжо яны хочуць, каб і я паставіла мазанку? От людзі, ото ж і людзі!..
А мо яны не могуць забыцца пра Віктара? Тады сёй-той адкрыта пагаворваў: толькі яна вінаватая. Маўляў, не трэба было падбухторваць, трэба было ўтрымаць...
Але ці ж вінаватая яна?! Ці ж яна хацела? Хоць, канечне, мо і вінаватая. Сама перад сабою вінаватая. Сабе ніколі не даруе. Сама сабе! Больш яна ні ў чым не вінаватая, ні перад кім не вінаватая. Хто ж мае права так жорстка, так несправядліва судзіць яе?!
***
Летась мінула дзевяць гадоў, а яна ўсё не можа забыцца... I па сённяшні дзень іншы раз здаецца, што гэта нейкі кашмарны сон. Але... на тутэйшых могілках — Віктарава магіла...
Штогод васемнаццатага чэрвеня — у чарговую гадавіну трагедыі — Люба прыязджае ў Беражкі, быццам бы наведаць сваю школьную сяброўку Ганну Яваровіч. Ганна пасля школы нікуды не паступала, пайшла даяркай на ферму, выйшла замуж за Івана Яваровіча, нарадзіла ўжо чацвёра дзяцей, завочна скончыла сельгасінстытут, зараз загадвае буйным жывёлагадоўчым комплексам. Летась за сваю работу атрымала ордэн. Ганна заўсёды ў клопатах, але робіць усё смеючыся, проста і лёгка, у яе, сапраўды, усё ў руках гарыць. Тым не менш, Люба не хоча замінаць ёй, нават рада, што ў Ганны няма вольнай хвіліны. Ганна, вінавата просячы прабачэння, бяжыць на ферму, а яна пад выглядам «прагуляюся» ідзе звычайна на той луг па-над Нёманам...
Читать дальше