32
Вяртаюся ў тую лагодную жнівеньскую ноч, якая спынілася над горадам, уважліва аглядаючы яго шырока расплюшчаным вокам поўні.
Ідучы ад стаянкі таксі, я адчуваў у душы тэктанічныя зрухі. Тое, што надзейна ўладкавалася на дне, змярцвела, абрасло ракавінкамі недаверу і амаль не згадвалася, а калі зрэдку і вярталася, то выдавала загадкавым сном, прымроеным у далёкія цёплыя ночы, - усё гэта пасля візіту Паэта страпянулася й ажыло.
Мы - танчылі! Браліся за рукі, абдымаліся за плечы, заплюшчвалі вочы. І ноч пахла аерам. І дзве поўні мяняліся месцамі з той, што плыла над Зарэччам. І пярсцёнак... пярсцёнак з яблычна-зялёным хрызапразам ззяў на руцэ ў Залацістай, а потым заручыў яе з возерам...
Але - каб не пазбавіцца веры - востра патрабавалася нітачка, што злучыла б яго, былое, з рэальнасцю. Бо апроч успамінаў, якія ўзялі душу ў аблогу, адкуль я ведаў адзінае выйсце, не было анічога: ні кавалачка тынку з лесвіцаў Гатэля, ні засохлае стрэлкі аеру, ні, пагатоў, здымка кагосьці з нас. Гімнастка не стала зоркаю дарослага спорту, фотапартрэт у гарадской газеце, відаць, так і застаўся апафеозам ейнае славы, аднак і ён, партрэт, не захаваўся.
Думка пра здымкі не пакідала. Дзесьці ляжала выпускное фота нашага класа разам з выкладчыкамі. Я ліхаманкава гартаў стары альбом. Вось! Настаўнік быў сярод нас! Крыху здзіўлены твар, Акуляры ў тонкай аправе. Радзімая пляма на лбе не пакідала сумневаў. Я зноў зрабіўся вучнем, і таямнічы кінамеханік запусціў перада мною на белай сцяне каляровую хроніку.
Сканчваецца першы ўрок астраноміі, на класнай дошцы вісяць мапы зорных паўкуляў, а Настаўнік, тады яшчэ настаўнік, абводзіць нас вачыма: У каго сфармуляваліся пытанні? І тады падымае руку Кінг, вядомы ўсёй школе аматар задаваць пытанні выкладчыкам, Кінг, які праславіўся, пацікавіўшыся ў настаўніцы анатоміі й фізіялогіі, калі пачнуцца практычныя заняткі па размнажэнні чалавека. Кінг адважна пытаецца ў “астранома”, ці не метэарыт выпадкова чмокнуў яго ў лоб. І, спалохаўшыся сваёй смеласці, а мо таленавіта ўдаючы спалох, прабачліва дадае: Ну, такі маленькі метэарыцік.
Зорка, - адказвае настаўнік, дакрануўшыся да радзімай плямы, і, магчыма, не аднаму мне падаецца: яму на лоб напраўду калісьці ўпала і крыху расплылася ад “чмоку” кропля зорнага атраманту. Пакуль мы спрабуем асэнсаваць пачутае, астраном нечакана працягвае: Таму ў мяне іншая форма душы. Я выразна чую ягоныя словы, але цяпер думаю, што яны былі прамоўленыя моўчкі.
33
Гэта толькі здавалася, быццам старадаўні гадзіннік, што застаўся мне пасля мамінай смерці, звыкла адлічвае час. Насамрэч час павярнуў назад, а ў вызваленую прастору хлынулі ўспаміны, якія вымагалі ўдакладнення каардынатаў майго месцазнаходжання. Я асцярожна перавёў позірк на люстра цёмнага вакна, цалкам гатовы ўбачыць там сямнаццацігадовага юнака, але адтуль пазіраў усё ж я-сучасны, пра што найперш сведчыла барада. Ды навакольная цішыня відавочна перайначылася, і я зразумеў чаму: гадзіннік спыніўся на палове трэцяй.
34
З тыльнага боку нашага панельнага пяціпавярховіка ў зарасніках глогу і жоўтай акацыі пачыналася пажарная лесвіца. Яе першую ржавую папярэчыну аддзяляла ад зямлі адлегласць, прыкладна роўная майму росту. Падскочыўшы, я ўхапіўся адразу за трэцюю папярэчку і, нечакана лёгка падцягнуўшыся, праз якія пару хвілін ступіў на плоскі дах, неахайна заліты паўзверх руберойду бітумам.
Дом стаяў тарцом да ракі, усцяж якой ішла асфальтаваная сцежка. На тым беразе цягнуліся цёмныя дамы вёскі, што пакуль супрацьстаяла гарадскому наступу. Абмінуўшы слупкі вентыляцыйных калодзежаў і лясок тэлеантэнаў, я выйшаў якраз на бліжэйшую да набярэжнай частку даху. Нідзе такой парою не было ні душы, толькі вывадак качак плыў па рэчцы, кранутай няяркім святлом ужо нізкае поўні.
Сказаць, што сюды, на дах, гадамі не наведваліся людзі, я не мог. Дзве скрынкі з тонкіх дошчачак яўна не зваліліся з неба, а яшчэ адну хтосьці разабраў, каб запаліць тут цяпельца. Чужое багацце я аднёс бліжэй да антэнаў, і цяпер мне нічога не замінала. Заставалася зняць абутыя на босую нагу красоўкі.
Дах, як і там, далёка і даўно, захоўваў выразны водгук дзённае цеплыні, што дадавала ўпэўненасці. Мая істота мусіла ўспомніць, яе павінен быў “завесці” той непаўторны рытм, які нараджаўся з тонкім спевам нябачнай стралы і першымі акордамі музыкі. Аднак неба маўчала. Я пачаў рухацца па коле ў цішыні, спачатку нясмела, потым больш упэўнена, але нічога не адбывалася. Не даў ніякага выніку і рух з заплюшчанымі вачыма. З кожным новым колам я зняверваўся. Падзеі сённяшняга вечара і ночы падаваліся не больш, чым чарадою забаўных выпадкаў, а мае дзеянні - самападманам. Як быццам пацвярджаючы тое, удалечыні пачуліся галасы.
Читать дальше