— А ты лясун!
— А я лясун!
— А я хто?
— А ты разумны, як прытопленае бервяно!
— Вось бачыш, сам кажаш, што я разумнік! — пераможна надзьмуўся вадзянік, запырскаў вадою з вусоў, горда прыўзняўшыся над азёрнай роўняддзю. Сядзеў так, ажно пакуль не пабачыў, як лесавік ціха заходзіцца ад смеху.
— Дык ты, братачка, з мяне зло сна здзекуешся? — ласкава прашаптаў пакрыўджаны вадзянік, зачарпнуў жвіру шырокай жменяй ды з усёй радасці шпурнуў у лесавіка-«братачку».
Жвір ды глей мякка абляпілі замшэлага лесавічка. Той страсянуўся ад нечаканасці ды перастаў смяяцца. Мыцца ж цяпер — не адмыцца...
— Ах ты, вадзяніла шкоднае! — загукаў жвірова-глеісты лясун, прычарадзеіў сабе ладную дубоўню ды з усёй шчырасці плёхнуў па вадзе там, дзе толькі-толькі быў «вадзяніла».
— А я ўжо тут! А я ўжо тут! Не папаў, не папаў! Сам ты разумнік, як паваленае гнілое бервяно! — булькаў, падскокваючы, вадзянік.
Скасавурылася ўсё лясное валадарства. Пахмурна, як варожа, паглядаюць на возера цёмныя яліны. Пагрозліва-прытоена зашумелі, загулі магутныя дрэвы-волаты... Ды і возера ў адказ не маўчыць. Усхадзілася хвалямі, задрыжэла ад гневу. Вось-вось выплюхнецца са сваіх берагоў!
Плешча лесавік па вадзе з ўсяго пляча, кіпіць, злуецца. Ужо і вадзянік не бароніцца аднымі кпінамі. Зачэрпвае ў прыгаршчы тройчы болей, чым на вока здаецца, ды кідае-ліе проста ў твар лесавіку.
— Папаўся ты, вадзяніла!
— Не, лесавічок, гэта ты цяпер не ўцячэш!
— Будзеш ведаць, як да мяне совацца!
— Сам атрымаеш!
Ой, накінецца вось-вось лес на возера! Не, не саступіць возера лесу! Будзе немалая бойка. Будзе бяда і лесу, і вадзе.
Ды толькі, знянацку ступіўшы нагою на водмель, паслізнуўся лесавічок, выпусціў з нечаканасці дубоўню, якая плюхнула-такі проста ў вадзяніка... Булькнуў азёрны валадар, спалохаўся, супыніўся. Не чакаў ад свайго сябра-суседа такога спрыту. Ды і лесавік, мокры да апошняй махавінкі, крыху аціх. Як застаўся без дубоўні, так і страціў усялякую ахвоту біцца. Ды і вымыцца азёрнай вадой паспеў. А вядзянік, аказваецца, упарты...
— Слухай, суседачак, ну чаго мы? — асцярожна глянуў на лесавіка вадзянік. — Ці ж нам прастору мала?
— І праўда, суседачак! Што ж мы? Ад палевіка, вунь, колькі хочаш, столькі і захоплівай, — адразу знайшоўся лесавік.
— Але ж! — пагадзіўся ўражаны лесавіковай кемлівасцю вадзянік.
Сябры-суседзі згодна памаўчалі.
— Дык, можа, і захопім? — не пакінуў важнай гутаркі лесавік. — Я наперад пайду, а ты мяне вадою падтрымаеш! Лес жа добра ідзе, калі ёсць вада.
— А чаму гэта ты першым? — не пагадзіўся вадзянік. — Няхай вада ідзе наперад, а лес — за ёю. І вада добра ідзе, калі з лесам разам.
Сябры-суседзі нязгодна памаўчалі. Паглядзелі адзін на аднаго. Зноў памаўчалі. Зноў паглядзелі.
— Слухай, сябра, — прамовіў гэтым разам вадзянік. — Такая хвацкая ў цябе дубоўня! Гахнуў, як булавой, аж іскры з вачэй! Падары мне яе!
— Бяры, сябра, — пагадзіўся, лесавік, усцешаны тым, што ягоную дубоўню ды булавой назвалі. — Толькі глядзі, каб пра такі падарунак мне шкадаваць не прыйшлося...
— Не, не, не! — аж затросся вадзянік. — Хочаш, я табе за гэта адмыцца дапамагу?
І, не чакаючы згоды сябра-суседа, зноў выліў на яго плюху вады.
— Досыць ужо! Досыць! — залямантаваў на ўвесь свет лесавічок. — І так усяго вымачыў. Тры дні цяпер сохнуць буду!
— Прабач, прабач, братачка, — адразу ж перапрасіў вадзянік. — Я ж хацеў як лепей. Ты мне вось што скажы...
— Што табе сказаць? — падазрона зірнуў лесавік.
— Ды не імшыся ты! Чаго да мяне прыходзіў? — лагодна мовіў вадзянік.
— А... чаго? — прыціх лесавічок. — То паслухай.
І распавёў даўняму сябру, што хоча ён, лясун-лесавік, стаць і чулым, і добрым. Да людзей, канешне ж. Каб пасябраваць з імі... І з вадзяніком-суседам на такую справу навечна замірыцца... Надакучыла, маўляў, сварыцца ды біцца. А лепшым стаць даўно ўжо хацелася!
— Якая ж гэта дзіўная дума-знаходка, — прашаптаў усхваляваны вадзянік. — Сапраўды, ты за мяне разумнейшы! Як жа я сам да такога не дакумекаў?!
А даўно ўжо была такая завядзёнка: тое, пра што марыў лесавік, жадаў займець і вадзянік. Тое ж, што было ў вадзяніка, не давала спакою і лесавіку. І пільна сябрукі адзін за адным цікавалі-сачылі...
— Ды што дзіўная-цудоўная. — цяжка ўздыхнуў лесавік. — Што цудоўная, я і без цябе ведаю. Але ж як гэта ды здзейсніць?!
Паглядзелі сябры-суседзі адзін на аднаго. Падумалі. Яшчэ раз паглядзелі. Яшчэ раз падумалі. І раптам вадзянік ледзьве не выскачыў з возера.
Читать дальше