Што да мяне, то я нажываўся на астатніх толькі тады, калі мне на рэдкасьць шанцавала, як аднаго разу з мусульманамі, зь якімі я пасярэдніцтвам Дыназаўра падтрымліваў прыязныя стасункі з прычыны сваёй зацікаўленасьці травой (каму ягады, каму што). Неяк раніцай у нядзельку Дыназаўр прыбег да нас у пакой і пачаў на мігі паказваць, што ў мусульманскім корпусе рыхтуецца інтыфада (а я дык думаў, траву завезьлі). Тут трэба патлумачыць, што ў нядзелю сталоўка была зачыненая, таму ў суботу ўвечары лягернікам выдаваўся сухі паёк — печыва й нейкія кансэрвы, па адной на ўцекача. Мусульманам з павагі да іхнага далікатнага страваводу выдаваліся строга курыныя, качыныя, індычыныя, а мо нават і гусіныя паштэты чэскага вырабу, што я ведаю. На бяду, папярэдняга дня нехта зь іх даўмеўся прачытаць маленькія літары на ўпакоўцы кансэрвы. Белы ад жаху, гэты грамацей паведаміў сваёй грамадзе, што ў так званым „курыным“ паштэце ўтрыманыя, паводле ўпакоўкі, ажно пяць працэнтаў сьвініны! Грамада параілася й прыйшла да высновы, што нехта наўмысна (а чаго ж яшчэ чакаць ад бледнатварых) паспрабаваў падкласьці ёй сьвіньню. Я ніколі ў жыцьці ня бачыў на ўласныя вочы ўзброенага паўстаньня, таму пабег на яго зірнуць — натоўп пакрыўджаных вернікаў ужо на той момант утварыў перад баракам карагод, пасярэдзіне якога былі досыць ладнаю пірамідкаю складзеныя кансэрвы, прызначаныя для рытуальнага спаленьня. На маё ветлае пытаньне, што здарылася, адзін знаёмы пакістанец (яго былі на нейкі час да нас падсялілі, але ў нашым Артэку ён вытрымаў нядоўга, бо ўставаць а чацьвёртай раніцы, каб пастаяць ракам і паслухаць лонданскае радыё, савецкія людзі ня звыклыя) усё мне расказаў: „Май фрэнд! Порк! Порк, май фрэнд! Уі доўнт іт іт, ітс дэрці!“ Я, натуральна, тут жа абурыўся ня менш за мусульманаў і ўзяўся ад іхнага імя (ну й яшчэ ад Пэтэрава) напісаць скаргу дырэкцыі лягеру, чым адразу здабыў іхны давер і павагу. Маўляў, я сам сала ня ем, бо няма. Вось толькі, кажу, спальваць кансэрвы немэтазгодна, гэта могуць расцаніць як хуліганства й пашкоджаньне маёмасьці. Дый яны па-людзку й не гараць, гэта ж не герэтыкі. У абмен на маё самазванае заступніцтва мусульмане тут жа даручылі ліквідацыю кансэрваў мне. Скаргі мы, праўда, так і не напісалі, затое рэшта лягера да канца тыдня ладавалася па вечарах курыным паштэтам, а я зарабіў сваю першую ў замежным жыцьці тысячу крон — у тры разы болей за нам прызначаны ўэлфэр.
Пазбыўся я яе неўзабаве пасьля гэтага, калі па нашым лягерным тэлевізары (адзіным, затое вялікім) пачаўся чэмпіянат сьвету па футболе, у якім, трэба сказаць, удзельнічалі далёка ня ўсе лягерныя нацыі — наш сьвет быў нашмат шырэйшы за нейкі там футбольны. Глядзець футбол дзякуючы нам, постсавецкім упырхлікам (гэтае чэскае слова было для нас тым, чым ёсьць для беларусаў слова „тутэйшы“, а для дзяцей слова ,,мама“), стала для ўсіх абавязковым, неабавязкова было нават у ім разьбірацца — мы ж людзі такія, дэмакратычныя. Міжволі й іншыя народы, якія ў жыцьці ня бачылі мяча, пачалі ўцягвацца ў гульню, нават хадзілі на матчы, размаляваўшыся ў нацыянальныя колеры блізкіх іхнаму сэрцу краінаў. Гэтак, Гавана заўзеў за бацькаву Лацінскую Амэрыку й маміну Нямеччыну, я — за Японію, Дыназаўр супраць Ірану, рэпер за Нігерыю й гэтак далей. Латыш, як былы футбаліст (на чыім рахунку быў нават гол у чэмпіянаце Латвіі, калі не памыляюся — з пэнальці), сьпярша задзелаўся камэнтатарам і дзяліўся з усімі сваімі глыбокімі назіраньнямі за гульнёй, а пасьля, паводле вынікаў усеагульнага галасаваньня, пастанавіў пакінуць свае веды пры сабе й цішком паставіць заробленыя на чарніцах грошы ў вясковай краме, што была па сумяшчэньні й аддзяленьнем чэскага „Спортпрагнозу“. Аднаго дня ніхто ня мог зразумець, чаго ён так радуецца перамозе нігерыйцаў над баўгарамі, ажно півам усіх частуе — баўгары, якія ў лягеры былі прадстаўленыя больш годна, чым на чэмпіянаце, калектыўна запатрабаваліад латыша тлумачэньняў, зь якіх выплыла, што латыш паставіў на нігерыйцаў і нефігова падняўся. Тут жа ягонага лёгкага хлеба захацелася ўсім, у тым ліку і мне. У адрозьненьне ад астатніх, я не змушаў свайго суседа ставіць мае грошы на тое ж, што і ён, каб ня быць яму лішні раз абавязаны — а дарэмна. Рэшту заробленай на сьвінакураціне тысячы я паставіў у фінале на Бразілію (бо Японія да яго не дайшла) — астатняе вы ведаеце. Мэрсі, Зізу — празь цябе я зноў стаў тым, чым быў і дагэтуль.
8.
Есьць на сьвеце такія бадзягі...
Читать дальше