Эмігранцкая песьня
Калі не лічыць нас, адарваных ад калматых грудзей зубра постсавецкіх паразітаў, то самай колькаснай і жыцьцярадаснай групоўкай у лягеры былі цыганы: баўгарскія, румынскія, македонскія й іншыя. Ім тут жылося як дома ўжо таму, што па-чэску лягер будзе „табар“. Тым часам як бальшыні з нас лягерныя ўмовы здаваліся недастаткова камфортнымі, цыганы лічылі іх вяршыняй цывілізацыі й сьвяткавалі сваё тут знаходжаньне так, нібы кожны зь іх штодня выйграваў у лятарэю. Ува ўсякім разе, жылося ім тут насамрэч лепей, чым іхным чэскім суродзічам у паўсюдных паблізных гета, таму яны зь лягеру нікуды асабліва й не імкнуліся — ні да чэхаў, ні да немцаў, ні пагатоў дахаты. У гэтым я быў вельмі падобны да іх, бо таксама імкнуўся жыць кожным сёньняшнім днём, тут і цяпер, як мага больш інтэнсіўна, што ў маім выпадку азначала перадусім не прапускаць ніводнае п’янкі. А як яшчэ я мог заглушыць пякучую тугу па Радзіме, то бок па яе вынаходніку дзядзьку Базылю й па бабулі зь дзедам? З дапамогай адзінага лягернага тэлефона-аўтамата? Нават калі б я здолеў выстаяць да яго чаргу або прабіцца да слухаўкі з кулакамі, кідаць у ягоную шчыліну мне не было чаго. Дый ведаю я, што сказалі мне б мае адносна недалёкія сваякі: абмацюкалі б, як апошняга падлетка. А пра таварышаў па „Дзедкандансе“ і ўнівэры я й згадваць не хачу — то бок цяпер хачу, а тады яшчэ не хацеў.
Уласна, на тых з нас, хто на поўным сур’ёзе прасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі, астатнія (а іх была бальшыня) глядзелі, як на вар’ятаў: цывілізаваны Эўразьвяз пад самым бокам, а мы тут у лягеры нейкую чэскую вывучаем, што дурныя! І сапраўды, з уцекачоў не спрабавалі ўцячы ў Нямеччыну (на ўпырхліцкім дыялекце — у Джармэнію) толькі цыганы й тыя, хто ўжо ўканец абляніўся. Лягерны фальклёр амаль суцэльна складаўся з показак пра Джармэнію й эпічных сагаў пра геройскія спробы яе дасягнуць, а „Лшоно Габоо Джармэнія“ можна было б сьмела напісаць па-над лягернай брамай замест дэвізу.
Уцёкі ў Джармэнію адбываліся збольшага гэтак: штораніцы поўны рэйсавы аўтобус толькі ўчора, здавалася б, заселеных афганцаў або індусаў выяжджаў кудысьці ў кірунку мяжы (пазнаць, што яны едуць у Джармэнію, было няцяжка: паводле радасных твараў і вялізных клункаў). Увечары той самы аўтобус звычайна прывозіў усю партыю перабежчыкаў назад, і выглядалі яны ўжо зусім ня радасна — у адрозьненьне ад лягернікаў-дамаседаў, якія дакучалі ім сваймі іранічнымі роспытамі й зьдзеклівымі віншаваньнямі. Аповеды вяртанцаў былі аднатыпныя: іх завялі ў раён мяжы, сабралі грошы, пакінулі ў лесе, яны заблукалі й былі адзін па адным адлоўленыя нямецкай паліцыяй, якая зноў перадала іх паліцыі чэскай. Нават тыя, што мяжу пасьпяхова пераходзілі, пры адсутнасьці лягістычнай падтрымкі з таго боку хутка рабіліся ахвярамі пільных нямецкіх грамадзянаў, якія атрымлівалі ад наступнікаў гестапа па сто марак за галаву перабежчыка (балазе, страляць па ім альбо нацкоўваць на яго сабакаў было ўжо гадоў пяцьдзясят як неабавязкова). Былі падазрэньні, што супрацоўнічаюць з паліцыяй і самі гіды-сьледапыты, якія бралі за перавод у Джармэнію ці не па тысячы даляраў з чалавека — навошта ім было падразаць цяля з залатымі яйцамі? Хай шукаюць яшчэ тысячу й зноў зьвяртаюцца... Але гады ў рады здаралася, што аўтобус прыходзіў пусты, і тады расчараваньне непазьбежна зьяўлялася на тварах тых, хто выходзіў яго сустракаць: каб мы ж ведалі, што акурат гэтая партыя прарвецца на той бок дабра й зла! Ах, Джармэнія...
Мяне як анархіста гэтая іхная капіталістычная Джармэнія зусім ня торкала, дый лішняй тысячы даляраў у мяне не было, а пра самастойны пераход мяжы я баяўся й думаць пасьля таго, як мяне аднойчы ўначы адправілі праз плот па гарэлку ў вясковую карчму — сваё арыентацыйнае чуцьцё я яўна ўспадкаваў ад дзядзькі Базыля празь нейкае генэтычнае непаразуменьне. Прахадзіўшы якую гадзіну па цёмным і мокрым пасьля дажджу лесе, я так і не знайшоў ня толькі карчмы, але й лягернага плоту, церазь які меўся пералезьці (праўда, аднак, тое, што мяне паслалі ня проста так, а за дабаўкай, якая рэзка спатрэбілася нам пасьля дзьвюх першых пляшак). Не заставалася нічога лепшага, як здацца першаму сустрэчнаму ахоўніку зь ліхтарыкам, які з задавальненьнем завёў мяне на вахту й запісаў у парушальнікі лягернага рэжыму, за што мая сацыяльная выплата аўтаматычна была пералічаная ў фонд ягонага заробку. Такой бяды: гэта было яшчэ нішто ў параўнаньні з тым сяброўскім прывітаньнем, якое чакала мяне ў пакоі.
Читать дальше