Пад Габрусёвым уплывам я й сам (а што, чым я горшы) паспрабаваў зарабляць сваім танцавальным мастацтвам на вуліцы — пасьля таго, як Габрусь невядома адкуль прывалок на сквот беспрытульнага рускага балалайшчыка. „Ты звар’яцеў,рускіх сюды цягаць?“, пратэставаў я спачатку. „Нам жа самім, эўрапейцам, тут месца мала!“ „Затое весялей будзе“, сказаў на гэта балалайшчык, які ўсё гэта чуў, бо стаяў побач. На шчасьце, ён сапраўды быў мужык вясёлы й да таго ж невялікі памерам — з Дыназаўра. Каб аддзячыць нам за нашую гасьціннасьць, ён пагадзіўся быць маім акампаніятарам, а я — ягоным ручным мядзьведзем-танцуном. Зарабілі мы на гэтым дуэце, праўда, няшмат, а ўсё таму, што балалайшчык нечувана фальшывіў, як на балалайцы, так і голасам (ну гэта ж дадумацца, гарлаць пад мае шляхетныя беларускія танцы прымітыўныя расейскія частушкі), і ўрэшце я быў вымушаны зрабіць усё, каб зжыць яго са сквоту разам з балалайкай. Габрусь, наадварот, яшчэ доўга па балалайшчыку сумаваў, бо не было каму й на чым граць яму перад сном „Дзіпёрпал“.
5.
The working class hero is something to be.
Ленан
Сваё адмоўнае стаўленьне да расейскіх прыхадняў я зьмяніў толькі пасьля таго, як на сквоце зьявілася маё новае захапленьне — сыбірачка й анархістка Даша, у якую я адразу ж закахаўся, бо дагэтуль дзевак, а такіх баявых пагатоў, на сквоце не было. У Дашы было штосьці такое ад маленькай разбойніцы, што мне ў ёй адразу заімпанавала — сама яна сьціпла казала, быццам яна ўсяго толькі фэміністка.
У адрозьненьне ад мяне, Даша прыехала ў Чэхію не прасіць палітычнага прытулку, а з асаблівай місіяй нашмат большага сэнсу: экспрапрыяваць экспрапрыятараў на карысьць рэвалюцыйных масаў. Прасьцей кажучы, Даша навучыла ўсіх жыхароў сквоту, і нас з Габрусём у тым ліку, зарабляць сабе на жыцьцё крадзяжамі. Аказалася, што гэта зусім проста: вы заходзіце ў краму, купляеце за апошнія кроны якую-небудзь жуйку, а на ўсю астатнюю суму, абмежаваную толькі аб’ёмам вашых нутраных кішэняў і вуглом знаходжаньня камэры назіраньня, набіраеце самае дарагое бухалава, закусон, гігіенічныя пракладкі й порначасопісы, каму што бліжэй. Я з замілаваньнем сачыў за грацыёзнымі рухамі Дашынага цела — яна плыла між стэляжамі супэрмаркетаў, як лябёдушка, — і ейных спрактыкаваных рук, якія ў жыцьці яшчэ не пазналі працы. Як у той казцы: махне адным рукавом — сьпізьдзіць бохан хлеба, махне другім — палку каўбасы. Паспрабуйце не закахацца ў такую дзяўчыну! Канец канцоў, мне ўдалося дамагчыся ад яе ўзаемнасьці ў той дзень, калі яна накурылася травы да страты памяці й раўнавагі, і я быў вымушаны несьці яе да матрацу на руках. Там я напоўніцу паказаў ёй, што значыць палымянае сэрца беларускага анархіста — на жаль, раніцай яна пра нашую блізкасьць ужо ня памятала, бо фэміністкі такім дробнабуржуйскім заняткам, як сэкс, не прыдаюць асаблівага значэньня. Тым ня менш, нашае каханьне вызваліла мяне ад неабходнасьці жыць у адным пакоі з Габрусём, бо я тут жа скарыстаўся нагодай, каб пераехаць з-пад зямлі да Дашы, а тая жыла на сквоце ўва ўмовах каралевы, параўнальнымі толькі з прывілеяванымі ўмовамі пчалінай маткі ў вулеі — магчыма, пярэбары й былі сапраўднай прычынай майго бясконцага асабістага шчасьця.
Для Габруся, наадварот, той тыдзень безь мяне быў, паводле ягоных словаў, найчарнейшым ува ўсім папярэднім жыцьці. Застаўшыся адзін, без суайчыньніка й без балалайшчыка, ён зусім ня ведаў, куды сябе дзець. Каб чымсьці заняць свае даўгія, як у арангутанга, рукі, — лішні доказ таго, што ягоныя продкі сталі на ўласныя ногі й людзьмі звацца ня так і даўно, — ён пачаў шукаць на сквоце скарб, бо быў перакананы, што ў такой старой і такой прыгожай панскай хаце, як нашая віла, яго ня можа ня быць. Інтуіцыя падказвала яму, што калі на сквоце закапаны скарб, то лепшага месца за наш падземны пакойчык для яго прыдумаць не маглі. Такім чынам, пакуль мы з Дашаю наверсе сьвяткавалі мядовы месяц і спусташалі вакольныя крамы, волат-Габрусь здолеў падняць столь нашай былой падземнай каморкі на якія паўмэтра і ўпершыню выпрастацца ў ёй у поўны рост. Скарбу, праўда, ён так і не знайшоў, затое знайшоў шкілет — ці то дзіцячы, ці то кацячы — які з належнымі ўрачыстасьцямі перазахаваў з другога боку дзьвярэй. Пасьля пахаваньня мы з Дашаю пагадзіліся пайсьці памянуць беднае невядомае стварэньне ў паблізную піўную, дзе Габрусь пад канец напрасіўся-такі да маёй каханай разбойніцы ў вучні. Зь першай нашай супольнай ходкі ён не прынёс нічога, затое з другой — прыцягнуў на сквот цэлага марожанага індыка. Анархісты ўступіліся за птушку й забаранілі нам гатаваць яе ў блізкасьці сквоту — што ж, тады мы ўтраіх з Дашаю, якая ня мела ўсякіх талстоўска-дастаеўскіх забабонаў, выправіліся на пікнік на нейкую скалу па-над рэчкай, разьвялі там вогнішча, трушчылі як не ў сябе індыка й пазіралі з вышыні на агні вечаровага гораду. Упершыню ад свайго дэзэртырства зь лягеру я не шкадаваў, што трапіў у гэтую краіну.
Читать дальше