Калі ў Габрусю з бадуна, як бачыце, прачыналася сумленьне, мы сапраўды выпраўляліся ў горад шукаць працу. Мне доўга не ўдавалася адгаварыць Габруся ад заняткаў мастацтвам, пад прыкрыцьцём якіх ён набываў за мае апошнія грошы сьвежыя порначасопісы („Гэта каб акты маляваць — анатомію ж ведаць трэба“, тлумачыў Габрусь), бо яго было літаральна хлебам не кармі, пакажы толькі цыцачкі й жопку — і ён вам іх адразу намалюе. Наагул, цыцачкі й жопкі былі адзіным, што ратавала яго ад посталькагольных самагубчых фантазій — зрэшты, таму я іх яму й купляў, бо іначай вытрымаць у ягоным таварыстве ня мог. Думаю, сапраўднаю Габрусёваю марай было нават не рэалізавацца як мастак, а стаць заснавальнікам беларускага „Плэйбою“.
Па дарозе ў горад маёй звычкай і надалей было інтэрвіюяваць Габруся на прадмет ягонай рознабаковай асобы, што той Чырвоны Каптурок: „Слухай, Габрусь — а што ў цябе за такое прозьвiшча, Калода? Я такога ніколі ня чуў“. „Нармальнае прозьвiшча“. „Ну а якога хоць паходжаньня?“ „Iтальянскага“. „Жартуеш!“ ,,Анягож. Гэта быў такі мужык, які Бураціна прыдумаў — ведаеш?“ „Талстой?“ „Сам ты Талстой! Гэты, як яго... Як там было ў клясыка... Сядзiць мядзьведзь на калодзе... Калодзе! Анархіст, між іншым, — а ты зноў ня ведаеш...“ „Ну добра, а адкуль у цябе такое імя — Габрусь?“ „Як адкуль? Бацькi так запісалі“. „Такога ж імя ўБеларусі няма...“ „Шмат ты ведаеш! У нас у раду ўсе Габрусі. Нават бабы, толькі ў іх націск іншы“. „ГабрУсі? То можа, гэта ад Габрыэля?“ „Можа, і ад Габрыэля“. „Але ж Габрыэль — гэта каталіцкае імя“. „Не каталіцкае, а iтальянскае“. „Ну а я пра што. Маглі ж назваць цябе па-людзку, там, Гаўрылам, або Гаўрошам...“ „Слухай, што ты да майго імя даябаўся? Думает, ты за маіх бацькоў разумнейшы? Ты спачатку інстытут скончы“.
Працы для нас з Габрусём у горадзе было, трэба сказаць, небагата, і ўся яна збольшага была ўжо разабраная. Бальшыня нашых знаёмых і незнаёмых беларусаў працавала на раздачы ўлётак, бо вулічны гандаль усякімі сувэнірамі й іншым гломаздам на той момант ужо забаранілі. Лепшых улётчыкаў за беларусаў знайсьці было цяжка. Рэч у тым, што для шараговага беларускага апазыцыянэра распаўсюд улётак быў дзённым хлебам ужо на Бацькаўшчыне, таму прывыкаць да яго было ня трэба — адзіна што тут, у эміграцыі, зьмест улётак зьмяніўся з палітычнай прапаганды на эканамічную: замест удзелу ў мітынгу на плошчы Бангалор улёткі заклікалі ў якую-небудзь рэстарацыю, музэй камуністычных катаваньняў, публічны дом, на параплаў ці ў касьцёл — натуральна, крый бог, не маліцца, а слухаць арганны музон. Праца ўлётчыка палягала ў тым, каб стаяць цэлы дзень на адным месцы пасярод гораду пад палкім сонцам бабінага лета, часам яшчэ ў якім-небудзь ідыёцкім і сьпякотным карнавальным касьцюме, і рэзка варочацца ў розныя бакі, бы той настольны хакеіст, прапануючы мінакам друкаваную прадукцыю свайго працадаўцы. Фактычна, паводле стосу нікому не патрэбных улётак у руках, мы з Габрусём беспамылкова пазнавалі сваіх суайчыньнікаў і абыходзілі іх за сто мэтраў. „Я лепш буду ў бары ананасную ваду разносiць, чым рабiць тое, што ўсе“, казаў Габрусь.
У брыгаду гопнікаў пад кіраўніцтвам нашага знаёмага земляка нас таксама не ўзялі — з той жа прычыны, што й мяне не ўзялі калісьці на вайсковую катэдру, а менавіта праз даўгія валасы, што для такой потнай працы пасуюць толькі ў амэрыканскім кіно: я занадта даражыў імі як анархіст, а Габрусь — перадусім як олдавы мэталіст. Толькі аднойчы Габрусёў хаер, касуха й завушніца дапамаглі яму знайсьці працу ў масоўцы на здымках аднаго рэклямнага кліпу, дзе ў галоўнай ролі выступаў нейкі фіктыўны рок-гурт. Я пайшоў зь ім тады за кампанію й вельмі пра гэта пашкадаваў: тыя капейкі, што нам заплацілі, былі ня вартыя таго, каб цэлы дзень з раніцы да ночы прастаяць і праскакаць на нагах пад адзін і той жа матыў, які доўжыўся ня болей хвіліны, затое прагучаў на працягу дня разоў васямсот, адпаведна колькасьці зьнятых дубляў. Габрусь дык наадварот быў на сёмым небе ад шчасьця: „Ну дзе ты яшчэ й грошай заробіш, і на бясплатным канцэрце па-нармальнаму адарвесься? Эўропа...“ У ролі аднаго зь дзьвюх тысяч фанатаў ён быў беспадобны: скакаў, як вар’ят, круціў і трос галавой, размахваў над ёю рукой з двухпальцавым знакам мЕталу (гэтак ён называў свой любімы стыль) і наагул добра бавіў час. „Клясна сыгралі хлапцы! Як, дарэчы, гэты гурт называецца?“, спрабаваў ён удакладніць у мяне пасьля „канцэрту“. „Бо нешта я яго ня ведаю...“ „Габрусь, такога гурту няма, таму ён ніяк не называецца. I нічога яны ня йгралі — гэта была фанера“. „Ды якая фанера! Зь іх жа пот цёк! Я сам бачыў!“
Читать дальше