Дзьверы рыпнулі, і зь цемры на мяне дыхнула вільгацьцю й гісторыямі пра вампіраў. „Вось мы й дома“, радасна выдыхнуў Габрусь, чыркануўшы запалкай, і я ўбачыў, што знаходжуся ў невялічкім скляпеньні плошчаю два на два мэтры й вышынёю (калі гэта можна было так назваць) мэтры ў паўтара. Пасярод скляпеньня проста на зямлі валяўся матрац, а побач зь ім — яшчэ нейкае шмацьцё, з выгляду вопратка. Мне тут жа захацелася ў гостэл — ды ў які гостэл, адразу ў лягер! „А віла?“, роспачна спытаўся я. „Гэта яна і ёсьць“, супакоіў мяне Габрусь. „Толькi цяпер тут сквот“. „Што-што?“ „Ну... Як бы гэта сказаць па-навуковаму... Ня ведаеш, што такое сквот? А яшчэ анархіст... Ну добра, ты як госьць кладзіся на матрацы: я сёньня й на вопратцы пасплю, а заўтра табе свой матрац на сьметнщы знойдзем...“
Спалася мне надзіва добра — відаць, ад холаду й стомы, — а раніцай я даведаўся, што такое сквот. У прынцыпе, гэта такі інтэрнат для бяздомных, арганізаваны самімі бяздомнымі — пераважна анархісцкай моладзьдзю. Бярэцца нейкая старая, невядома каму належная, а мо й афіцыйна ўжо няісная хата, што гадамі пустуе й развальваецца (у нас такіх поўна ў чарнобыльскіх вёсках), у ёй узламваюцца дзьверы — і міласьці просім! Хто падкі да раскошы, можа паспрабаваць правесьці электрычны ток, незаўважна прычапіўшы дрот да суседавай ці агульнаграмадзкай праводкі. Хату лепш выбіраць у такіх месцах, дзе паблізу ёсьць цывілізацыя ці прынамсі нейкі натуральны вадаём — у такім выпадку яшчэ спатрэбяцца вёдры для вады, найлепш з каромыслам. Узімку пажадана заклейваць выбітыя шыбы цэляфанам ці абшываць дошкамі, таксама не зашкодзіць абагравальнік памерам са спадарожнікавую талерку або радыётэлескоп — вось для гэтага й варта правесьці электрычнасьць. Калі ў хаце ёсьць дзейная печка, то лічыце, што вам пашанцавала, а калі яшчэ й комін нічым не забіты, то зіму вы перажывяце адносна спакойна. Пры ўмове, што хата не згарыць або вас ня вытураць.
Габрусь трапіў на сквот па блаце, дзякуючы пратэкцыі сваіх анархісцкіх сяброў са Швэцыі — у астатнім на сквоце жылі адны чэхі, агульнай колькасьцю чалавек дваццаць. Афіцыйна Габрусь быў прапісаны ў аднаго чулага сэрцам старэнькага амэрыканскага беларуса, дабрачыннасьцю якога ў тутэйшай дыяспары карысталіся ўсе, хто пажадаў. Тое ж самае ён параіў зрабіць і мне — пры ўмове, што я хачу застацца ў Празе, а не вяртацца ў лягер. 3 дакумэнтамі на сквоце было строга, асабліва ў часы паліцэйскіх аблаваў.
Цягам усяго дня, бадзяючыся па нечувана прыўкраснай Празе, што пачаргова нагадвала мне то мой плястмасавы замак, то Вільню, я нутрана разрываўся паміж прывабнасьцю Габрусёвай прапановы й настальгічнымі ўспамінамі пра лягер. Канец канцоў, я паддаўся на спакусу й пайшоў — ну куды ж яшчэ, як ня ў Хельсінскі камітэт (аказваецца, ён ёсьць ня толькі ў нас і ў Хельсінках), дзе афіцыйна папрасіў працягнуць мне мой пропуск з трох дзён на месяц — маўляў, хачу пажыць у Празе ў сяброў, — а таксама яшчэ пяцьсот крон, зь вяртаньнем, бо мой ганарар канфэрансье за два дні амаль разышоўся. Сьвет не бяз добрых людзёў: абедзьве мае просьбы былі задаволеныя. Гэтак для мяне скончылася салодкае лягернае фарньентэ й пачалося вулічнае фактотум.
2.
Художнік: Я художнік.
Хармс
Да сустрэчы са мной Габрусь нідзе не працаваў і харчаваўся дзікімі яблыкамі й грушамі, назьбіранымі ў ваколіцах сквоту, бо ня меў нават пяці крон на анарха-вэгетарыянскі суп з морквы. Наагул, Габрусь лічыў працу заняткам пустым і чалавеку неўласьцівым, тады як сябе — перадусім мастаком. У першы ж дзень ён паказаў мне свае намаляваныя вуглём на сьценах шэдэўры, галоўным матывам якіх былі жаночыя грудзі й сьцёгны. ,Хто твой улюбёны мастак, Габрусь?“, удакладніў я. „Пушкін“, адказаў ён бяз роздуму. У гэтым адказе было насамрэч утрыманае ўсё Габрусёва ня толькі мастацкае, але й жыцьцёвае крэда. „Я думаў тут пастутць у Акадэмію“, прызнаўся ён мне, „але там умова — прынесьцi з сабою свае работы. Ну падумай сам, як я іх прынясу? Я ж мураліст... („Ад слова „мура“,“ падумаў я.) Вось дзе б халсьціну ўзяць... Ці хоць паперу...“ Згода, у першай сустрэчнай краме я набыў Габрусю блок для маляваньня, алоўкаў і фарбаў, што ён палічыў патрэбным адсьвяткаваць. Тут жа за піўным столікам Габрусь зь лёгкасьцю Мадэльяні па памяці накідаў пару краявідаў роднай палескай вёскі. „Вось тут нашая хата, з калодзежам“, тлумачыў ён, „далей — балота, за ім — лес, а за лесам пачынаецца Чарнігаўшчына“. „А гэта што на страсе — антэна?“, пацікавіўся я. „Сам ты антэна“, пакрыўдаваў жывапісец. „У нас целявізару няма. Гэта ж бусел! Ты што, бусла ніколі ня бачыў?“ Я далікатна прамаўчаў. „Ну“, кажу, „прынамсі котка ў кутку ўдала выйшла“. „Не разьбіраесься ты ў жывапісе“, уздыхнуў Габрусь, „калі коткі ад подпісу адрозьтць ня можаш. Якое ў нас сёньня? Трэба ж яшчэ дату паставщь...“
Читать дальше