— Што зробіш, жыццё ёсць жыццё, і мае яно сваю пастаянную заканамернасць — праходзіць, — сумна ўсміхнуўся Пётр Пятровіч і прытуліў да сябе жонку. — Але ты не гаруй, у нас яшчэ з табой шмат часу наперадзе.
— Ой, пусці, Пець! Зараз Юля ўвойдзе!
— Добра, добра, устаю. Учора я атрымаў адказ пра паліцая Юшэвіча. Ён, аказваецца, у бягах, і яго шукаюць. І яшчэ. — Пётр Пятровіч зрабіў паўзу, абдумваючы, казаць ці не жонцы яшчэ пра адну навіну, але потым адважыўся: — Я атрымаў ліст, ад каго ты думаеш?
Жонка моўчкі паціснула плячамі.
— Ад Мішы Лукашэвіча.
— Што ты кажаш? — схамянулася Таццяна Андрэеўна. — Ну і як ён? Дзе жыве?
— Я прынёс ліст дахаты, вазьмі ў бакавой кішэні, у кіцелі, прачытай.
Таццяна Андрэеўна з лістом у руках выйшла ў залу, дзе ўключыла святло, і, ледзь хаваючы хваляванне, якое ахапіла яе, стала чытаць: «Дабрыдзень, дарагі Пётр Пятровіч! Вы не ўяўляеце, як я ўзрадаваўся, атрымаўшы Ваш ліст. Мне вельмі хочацца даведацца, як склаўся далейшы лёс цёткі Тані, Юлі і Вані. Пасля таго, як мы цудам выратаваліся ад смерці і рассталіся ў лесе, я нічога пра іх, дый пра вас, не чуў. Зараз ведаю, што ўсё вы жывыя, і вельмі рады. А я пасля тых страшных падзей некаторы час жыў у сваіх сваякоў, а затым патрапіў у партызанскі атрад. Калі прыйшлі нашы, я папрасіўся на фронт. Мне спачатку адмовілі, але калі я расказаў камандзіру дывізіі пра тое, як немцы спалілі маіх бацькоў і дзвюх сястрычак, як я выратаваўся ад смерці і што мне проста неабходна адпомсціць фашыстам за іх, то ён узяў мяне да сябе ў дывізію. Ваяваў, быў лёгка паранены. Маю тры медалі, у тым ліку «За адвагу». Цяпер я застаўся ў войску, вучуся. Хачу паступіць у ваеннае вучылішча. Зараз пра тое, пра што вы пытаеце мяне. На жаль, я не ведаю, дзе цяпер знаходзіцца паліцай Юшэвіч. Я памятаю, што ў нашай вёсцы практычна засталося толькі дзве хаты, не кранутыя немцамі, — гэта хаты Мірэйчыка і Юшэвіча.
Пасля вайны, па-мойму, у канцы сорак пятага года, мне пісалі мае сваякі, што Юшэвіч ці то сышоў з немцамі, ці то дзесьці хаваецца ў лясах, а яго сям’я, гэтак жа як і бацькі Грышкі Мірэйчыка, пераехала жыць у іншую мясцовасць. Дзе яны цяпер — не ведаю. Вось усё, што магу паведаміць, адказваючы на Ваш ліст. Калі я што-небудзь даведаюся, то абавязкова напішу.
Ну, а як Вы? Вядома, працуеце ў міліцыі? Як Таццяна Андрэеўна, Ваня, Юля? Я Вас вельмі прашу, хоць зрэдку пішыце мне. Чэснае слова, мне гэта вельмі трэба. Я б вельмі папрасіў Таццяну Андрэеўну, Ваню, Юлю таксама пісаць мне. Як-ніяк, мы з імі пабывалі ў кіпцюрах у смерці. Калі мне даводзіцца часам расказваць пра той дзень, то многія глядзяць на мяне з недаверам. Дзякуй богу, што гэта ўсё ззаду. Але, чэснае слова, я заўсёды буду памятаць той жудасны момант, я буду заўсёды памятаць майго сябра Толю Лазебнага. Бо гэта ён там, у палаючым хляве, паклікаў нас на вуліцу, спадзеючыся, што хоць хто-небудзь пад агнём нямецкіх аўтаматаў выжыве. Я часта думаю пра гэта.»
Дачытаўшы ліст, Таццяна Андрэеўна асцярожна склала яго і павярнулася да мужа, які ўвайшоў у пакой:
— Ты ведаеш, Пеця, я, гэтак жа як і Міша, часта ўспамінаю Толю Лазебнага. Як ён, гэты чатырнаццацігадовы хлопец, лепш за усіх нас зарыентаваўся ў той страшнай абстаноўцы і паклікаў людзей пад агонь аўтаматчыкаў з надзеяй, што раптам хоць хто-небудзь выратуецца. Кожны ішоў на немінучую смерць дзеля таго, каб хоць хто-небудзь выратаваўся. І вось вынік — чатыры чалавечыя жыцці выратаваны.
Вочы Таццяны Андрэеўны былі поўныя слёз. Пётр Пятровіч абняў яе за плечы і ціха сказаў:
— Супакойся, родная! Табе трэба менш думаць пра гэта.
— Так, так, я ўсё разумею. Пеця, а можна я дам гэты ліст прачытаць дзецям? Сёння ж мы напішам Мішы ліст.
— Добра, добра. Ты толькі супакойся.
Пакуль у аддзяленні Мачалаў разбіраўся з матэрыяламі, што паступілі, даваў указанні па расследванні злачынстваў, у аддзеле з’явіўся Купрэйчык. Ён зайшоў у кабінет і сказаў:
— Пашанцавала мне ўчора. Ішоў міма газавай крамы, гляджу — дзверы адчыненыя. Дай, думаю, зайду да Пултаса, можа, яшчэ што-небудзь паведаміць. І паведаміў. Па-першае, ён успомніў, што той, хто цікавіўся старымі Троцакамі, і ёсць іх былы кватарант. Па-другое, гэты, наскрозь прамочаны газай, стары сказаў, што ён бачыў Карунова ля піўнушкі, і ўпэўнены, што прадавец піва, — Купрэйчык зазірнуў у лісток паперы, — Мулер Леў Абрамавіч ведае яго, таму што аднойчы заўважыў іх разам побач з піўнушкай. Мулер і Каруноў пра нешта размаўлялі. Неўзабаве да іх падышла нейкая старая, і Каруноў сышоў з ёй.
Читать дальше