Які, упёршы ў грудзі дула пісталета,
Пад стол загнаў адчытваць іск сабачым брэхам,
Ды памаглі каноплі - скончылася смехам.
Другі раз Валадковіч, злоснік небывалы,
Што разганяў нарады, ганьбіў трыбуналы,
Прыняўшы раз ад Вознага з суда паперы,
Парваў іх і паставіў гайдукоў на дзверы,
А сам крычаў, падняўшы меч над галавою:
"Зжары свае пісулькі, не дык вось раскрою!"
Стаў есці, аж на лобе ўсталі поту кроплі,
Ды бухнуў праз акно і шуснуў у каноплі.
І не ўжываў ніхто ні шаблі, ні нагаяў
На Возных, толькі мо хто дзе аблаяў,
Не знаў Пратазы перамены абычаяў.
Даўно ўжо вельмі з іскамі ён не насіўся,
Хоць быў ахвотнік прыслужыцца і прасіўся,
Але Суддзя з увагі на старыя годы
Яму ўсё адмаўляў і скарыстаў з нагоды
Сягоння.
Возны пільна вушы растаўляе -
Навокал ціха, дык рукамі расхінае
Канопляў лес густы, высокі і пахучы
І сунецца, як той плывун, нырнуўшы з кручы.
Узняў галаву - наўкола ціш. К сцяне крадзецца -
Наўкола ціш. Праз вокны глянуць давядзецца -
Нікога. Узышоў на ганак, цісне клямку
Са страхам - пуста, быццам дзе ў заклятым замку.
Іск дастае, чытае ўголас аб'яўленне.
Тут стук калёс пачуў і ў сэрцы мітусенне.
Ўцякаць хацеў, ды штосьці дзверы засланіла -
Ксёндз Робак! Вельмі іх сустрэча задзівіла.
А Граф кудысьці вырушыў з дварнёю,
Бо на'т пакінуў дзверы насцеж за сабою.
Відаць, што зброю браў. Ляжалі на падлозе
Двухстволкі, стрэльбы, шрубштакі, пры дапамозе
Якіх наладжвалі, відаць, старую зброю.
Валяўся порах і клакі сярод пакоя.
Ці Граф на паляванне вельмі так спяшаўся?
Пашто ж яму запас халоднай зброі здаўся?
Вось шабля без галоўкі, зломаная шпага -
А зброя падбіралася, відаць, з увагай
3 таго, чым шмат гадоў ніхто не карыстаўся.
Ксёндз Робак доўга думаў, пільна прыглядаўся,
Нарэшце ў фаліварак распьггаць падаўся,
Шукаючы людзей, што ведалі ці чулі,
Дзе Граф. І вось спаткаў нарэшце дзве бабулі,
Якія расказалі, што з сваёй дружынай
Узброены пан Граф падаўся ў бок Дабрына.
Здаўна ў Літве Дабрынскі славіцца засценак
Адвагай шляхціцаў, прыгожасцю паненак.
Даўней багаты, людны, бо калі Ян Трэці
Праз віці вёў мабілізацыю ў павеце,
То прыбыло тады з Дабрына к ваяводзе
Шэсцьсот узброеных мужоў. Сягоння ў родзе
Іх менш, усе збяднелі. Некалі, бывала,
Дабрынскіх шмат на лёгкім хлебе працавала
У войску ці ў паноў вялікіх у палацах,
А зараз мусяць самі аб сабе старацца
І працаваць, як простыя сяляне з вёскі.
Сярмяг не носяць, а капоты у палоскі,
А святам кунтушы. У бедньгх на'т шляхцянак
Адзежа розніцца ад вопраткі сялянак:
Яны ўсе ў крамных ходзяць блузах і спаднічках,
Кароў пасуць не ў лапцях, але ў чаравічках
І збожжа жнуць, а на'т прадуць у рукавічках.
Дабрынскіх распазнаць было ў натоўпе проста,
Бо выдзяляліся і моваю, і ростам,
Вачыма чорнымі, арлінымі насамі
І чорнымі (кроў чыстых ляхаў) валасамі.
3 зямлі Дабрынскай некалі прывандравалі
I хоць чатырыста гадоў тут пражывалі,
Мазурскай засталіся верныя радзіме.
Калі хто з іх даваў свайму дзіцяці імя,
Дык браў апякуном кароннага святога:
Барталамея ці Мацея - не другога.
Дык сын Мацея быў заўсёды Баўтрамеем,
А Баўтрамея сын мог толькі быць Мацеем,
Жанчыны ў іх былі ўсе Кахны ці Марыны.
Каб разабрацца сярод гэткай блытаніны,
Прымалі розныя мянушкі ад заганы
Ці якасці, з якой быў хто найлепей знаны.
Мужчыны мелі часам прозвішчаў і многа
То ў знак пашаны, то ад нораву якога.
Інакш часамі звалі шляхціца ў Дабрыне,
А іншым імем у чужой ён зваўся гміне.
Дык за Дабрынскімі паны, а потым служкі
Браць сталі прозвішчы, па-нашаму - м я н у ш к і
І рэдкі ведае, хоць выдумка ўсё ў модзе,
Што нарадзілася яна ў Дабрынскіх родзе.
Ды там была патрэбнай, а па цэлым краі
Не йнакш, як перайманнем увайшла ў звычаі.
Дык Матыяш Дабрынскі, шанаваны дзеля
Старшынства ў родзе, зваўся Пеўнем на касцеле,
Але з Касцюшкаўскае эпапеі змрокам
Мянушку ён змяніў і звацца стаў абокам,
У Дабрыне ён зваўся Каральком - як бацька,
А Літвіны празвалі Над Мацькамі Мацькам.
Як над Дабрынскімі ён сам, яго сяліба
Над вёскай панавала, і чужынец хіба
Не знаў, хто жыў паміж касцёлам і карчмою,
Дзе кожны кут паглядваў страшнай беднатою.
Двор без варот, платы ў развале, і бярозкі
На градах, але дом быў, як сталіца вёскі,
Бо лепш і раскашней за іншых збудаваны -
Читать дальше