Працяг будзе.
Беларусь зрабіла свой выбар. Гэта былі апошнія вольныя, дэмакратычныя выбары. Пра тое магу засьведчыць і як намесьнік старшыні па этыцы пры Цэнтрвыбаркаме, у якую ўваходзілі вельмі аўтарытэнныя, прынцыповыя і незалежныя ад чыйго б там ні было ўплыву, нават ад старшыні Цэнтрвыбаркаму Абрамовіча, які вельмі лічыўся з нашай думкай. З выбарам першага прэзідэнта, несумненна, узяла пачатак найноўшая гісторыя шматпакутнай Беларусі. Пра гэты перыяд напісаны ўжо палітыкамі, гісторыкамі, сур’ёзнымі і ня надта сур’ёзнымі палітолагамі, сацыёлагамі, журналістамі дзесяткі салідных кніг, дзе даволі поўна і ўсебакова даследуюцца вядомыя і малавядомыя факты, прычынна-пасьледкавыя сувязі, адкрытыя і скрытныя спружыны, якія прадвызначалі і вызначалі ход падзеяў. Апалагетамі розных палітычных сілаў выдадзена на гара тысячы, мо і дзесяткі, сотні тысячаў розных публікацыяў, супастаўляючы аргументы і факты з якіх удумліваму і разумнаму чытачу можна адшукаць ісьціну. Ну і для старэйшага, сярэдняга, дый маладзейшага пакаленьня найноўшая гісторыя яшчэ на памяці і на слыху, таму мае нейкія прыпамінкі, ацэнкі палітычнага і грамадскага жыцьця наўрад ці могуць дадаць нешта новае, невядомае. Мусіць, лепш хоць кораценька, пункцірна, фрагментарьна прыгадаць нейкія падзеі, зьвязаныя з літаратурным і культурніцкім побытам, з блізкімі і ня надта блізкімі, але дарагімі мне людзьмі, з кім шчасьлівы лёс зьвёў у гэтым жыцьці і каго так не хапае ня толькі мне і маім сябрам, але найперш маці-Беларусі...
Паэта Пімена Панчанку я адкрыў для сябе – дакладна памятаю – у год заканчэньня дзесяцігодкі і пачатку работы ў рэдакцыі раённай газеты ў 1956, калі прачытаў у “ЛіМе” падборку пад агульнай назвай “Прыстасаванцы”. Вершы настолькі ўразілі, што дастаткова было прачытаць іх два ці тры разы, каб назаўсёды засталіся ў памяці. І сёньня праз паўстагоддзя, пабудзі хоць пасярод ночы, магу прыгадаць амаль без запіначкі. З таго часу стаў пільна сачыць за ўсім, што выходзіла з-пад пяра любімага паэта. Вучыўся, пераймаў ягоны стыль, пакуль сам займаўся вершаваньнем. Мо і свайго паэтычнага Пегаса адпусьціў на волю, цьвяроза ацаніўшы, які ён нягегленькі і клоленькі ў параўнаньні ў Панчанкавым.
Калі ў “Маладосці” рыхтавалі да друку маю першую аповесьць “Час прылёту журавоў”, давалі, як мне казалі, чытаць яе і члену рэдкалегіі Пімену Панчатку. Ня ведаю, якое ўражаньне аповесьць зрабіла на шаноўнага Пімена Емельянавіча, але ж, пэўна, неблагое, інакш бы не маглі не палічыцца з думкай свайго былога галоўнага рэдактара. Адно, што ён не ўхваліў – гэта мой псеўданім, сказаў Бураўкіну: гэта ж такое ў хлопца прыгожае беларускае прозьвішча, чаго гэта ён надумаў... У мяне нават і ня надта пыталіся, і аповесьць выйшла пад маім сапраўдным прозьвішчам. Вельмі шкадую, што не паслухаўся, і надалей вярнуўся да псеўданіма.
Потым, калі мы ўжо былі асабіста знаёмыя, Пімен Емельянавіч прызнаўся, што ўважліва сачыў за маім творчым ростам, чытаў кожную новую аповесьць і радаваўся, колькі раз намерваўся напісаць мне ліст, але пачуваў нейкую ніякаватаць, адкладваў да знаёмства.
Пазнаёміў нас Генадзь Бураўкін, калі я ўжо перабраўся ў Менск і займеў членства ў Саюзе пісьменьнікаў. На тым пасяджэньні прэзідыуму Пімен Емельянавіч адсутнічаў – прыхварэў, але яму, як і Кандрату Крапіве, бюлетэні для тайнага галасаваньня вазілі на кватэру. Знаёмства адбылося на некім тлумным зборы ў Доме літаратара – ці то пленуме, ці то нейкім вечары. Але яно было чыста візуальным, як кажуць, шапачным. Неўзабаве Генадзь прапанаваў разам наведаць Пімена Емельянавіча дома. Я быў рады такой магчымасьці, але выказаў сумненьне: а ці тактоўна будзе з майго боку гэтак раптам уваліцца без запрашэньня. Генадзь супакоіў: ён гаварыў з Піменам Емельянавічам і той чакае нас разам... Узялі з сабою, што трэба, каб не рабіць лішніх клопатаў гаспадарам, і вечарам пасьля працы накіраваліся на вуліцу Пуліхава, дзе на чацьвёртым паверсе цэкоўскага дому жыў Панчанка. З ласкі Машэрава ў гэтым жа доме, у суседніх пад’ездах мелі такія ж чатырохпакаёвыя палепшанай планіроўкі кватэры Янка Брыль, Кастусь Кірэенка, Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, Анатоль Вярцінскі, Павел Місько. Я добра ведаў і гэты раён, і дом – тут жыла ці не бальшыня нашых цэкоўскіх работнікаў, і часьцяком мы зьбягаліся ў каго-небудзь па нейкай нагодзе, а то і без усялякай нагоды – тады яшчэ заставалася завядзёнка заглядваць да калегаў без усялякіх цырымоніяў, тым больш, што ўсе жонкі былі знаёмыя па дачным сезоне ў Атоліне.
Читать дальше