Моцныя і мудрыя кіраўнікі заўсёды трымалі ў сваім атачэньні людзей разумных, таленавітых, сьмелых, яршыстых, ініцыятыўных. Яны зусім не баяліся падавацца на іхнім фоне ня надта самастойнымі і яркімі. Слабыя і недалёкія розумам акружаюць сябе яшчэ слабейшымі і дурнейшымі. Іх кожны дзень гняце, раўніва сочаць: як бы хто ў людскіх вачах не падаваўся разумнейшым, ня кідаў тым самым цень на яго, першакіраўніка, на ягоны аўтарытэт, не надумаў стаць з ім на адну дошку, а там, глядзіш, і пасквапіўся на ягонае крэсла. Магчымых пратэндэнтаў яны “адстрэльваюць” яшчэ на падлёце, трымаюць як мага далей ад кіраўнічага стырна... Сьлюнькоўска-сакалоўска-малафееўскі партыйны арэапаг за адносна нядоўгі час настолькі здрабнеў, зьмізарнеў, вырадзіўся, што калі наступіла гадзіна “Ч” – усьлед за Масквой наш Вярхоўны Савет, у якім яшчэ ледзь ці ня восемдзясят адсоткаў дэпутацкага корпусу складалі партфункцыянеры рознага ўзроўню і члены партыі, прадубляваў і заканадаўча аформіў забарону КПСС з рэквізацыяй усёй ейнай маёмасьці. І ніхто – ні абраны на зьезьдзе першы сакратар ЦК Малафееў, ні нехта з кіруючага сінкліту не рашыўся ўзяць на сябе ініцыятыву і адказнасьць. Альбо ўсё яшчэ аглядваліся на Малафеева, баяліся пераступіць цераз яго, альбо перасталі верыць... Сьмелых і ініцыятыўных не знайшлося ня толькі ў першым, але і ў другім абкамаўскага ўзроўню партэшалоне... Тым часам, бачачы поўную бездапаможнасьць і бяздзейнасьць вярхоў, у трэцім і чацьвёртым эшалонах знайшліся людзі, якія ўзялі на сябе ініцыятыву па ратаваньні астаткаў дэмаралізаванай і разгромленай партыі. Сакратар па ідэалогіі сталічнага гаркаму, артадокс і сталініст Чыкін пачаў зьбіраць пад свае сьцягі закасьцянелую, кансерватыўную частку, а першы сакратар сталічнага Савецкага райкаму Калякін – інтэлектуальную, рэфарматарскую, схільную да сацыял-дэмакратычных каштоўнасьцяў. Уласна кажучы, адбылося тое, што павінна было адбыцца, калі ўсім стала ясна: няма, як пэўна, і ніколі не было адзінай і маналітнай партыі, трэба глянуць праўдзе ў вочы, прызнацца ў відавочным, рэфармавацца, адмежавацца ад дагматычнай мерцьвякоўшчыны і крочыць наперад. Аднак партыя настолькі закасьцянела ў догмах, што ўжо была няздольная на хоць якія рэформы і нестандартныя дзеяньні, а таму і асуджаная на такі фінал...
З закатам партыі закацілася і палітычная зорка Мікалая Іванавіча Дземянцея. Па ініцыятыве БНФ яго бесцырымонна папрасілі з пасады за беспрынцыповую пазіцыю і шашні з гэкэчэпістамі. Пачаўся новы, цяжкі, складаны і супярэчлівы пошук нацыянальнага лідэра. (...)
Добрую, калі не большую палову дэпутатцкага корпусу я ведаў альбо па партыйнай, альбо ўжо журналісцкай рабоце, а са многімі пазнаёміўся ці мяне пазнаёмілі ў кулуарах сесій, дзе я меў акрэдытацыю і любіў бываць, калі дазвалялі рэдакцыйныя клопаты. Цікава было ня толькі паназіраць “ужывую” (тэлекамера, не кажучы пра радыйны мікрафон, ня ў стане паказаць усе ньюансы, рэакцыю ў зале) за бурным абмеркаваньнем, але і патусавацца з дэпутамі, калегамі-журналістамі ці то ў прасторным вестыбюлі, ці ля стойкі альбо за столікам у буфеце, ці ў прэс-цэнтры, уведаць апошнія і тыя, што павінны адбыцца, навіны, розныя меркаваньні, здагадкі, кулуарныя інтрыжкі. Была ў тых тусоўках і практычная патрэба: прааналізаваць бачанае і пачутае, падзяліцца назіраннямі, навінамі з Генадзем Бураўкіным, які нудзіўся, пакутаваў у Нью-Ёрку ад настальгіі, а больш дык ад недахопу інфармацыі з дому, якая па ягоным прызнаньні, па-ранейшаму даходзіла да яго, Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН, толькі як слабое і адрэагаванае ў кабінетах МЗС водгульле палітычных і іншых падзеяў, а ён ні на дзень не хацеў адрываць сваю душу ад рэальнасьцяў Радзімы. Ледзь ці ня ў кожным сваім пісьме з-за акіяну ён дзякаваў “за інфармацыю, якая была для яго ўнікальнай і без якой ня меў бы ўяўленьня пра многае што адбылося і адбываецца дома”, настойліва прасіў штодня, як хроніку, запісваць падрабязна пра ўсё, што дзеецца, паколькі “зразумеў адно: акіян, які раздзяляе нас, – павелічальнае шкло, і тое, што дробнае дома, выглядае тут значным, а тое, што значнае тут, можа здавацца дробным дома”. І пры кожнай аказіі ў Нью-Ёрк, а яны надараліся тады даволі часта, разам з дыпламатычнай поштай ці нейкімі візіцёрамі перасякалі акіян і мае, Міколы Матукоскага пакеты. Я дык адпраўляў доўгія, часам на старонак 15-20 лісты, а Матукоўскі больш сачыў і выразаў з розных выданьняў публікацыі, якія зацікавяць Генадзя. З тымі ж “паштарамі” з Нью-Ёрка прыходзілі Генадзевы лісты з падзякай, ягонымі развагамі і пытаньнямі, просьбай новай порцыі інфармавацыі з першай жа аказіяй, часам дакладна паведамляў, калі і хто будзе ехаць. А як доўга не надаралася аказіі, адпраўляў пісьмы поштай, але гэта была вельмі ненадзейная сувязь: пасланьні даходзілі праз тыдні два, а то і месяц, а часам і бясьсьледна зьнікалі.
Читать дальше