Усюды чытаеш і чуеш пра ўслаўленьне народу ў цэлым і асобных яго групаў, пра ўслаўленьне іх працы, пра яе вынікі, якія вось толькі цяпер Міхаіл Гарбачоў у палітычным дакладзе XXVII зьезду КПСС рэзка крытыкуе. І народ спакойны: сонмы пісак і прапагандыстаў зноў пачнуць на ўсе лады хваліць “сьмеласьць” ЦК, які, зараз не баіцца ўскрываць язвы грамадства, значыць, знойдзе спосаб мабілізаваць народ на іх прадухіленьне.
Гарбачоў глядзіцца са зьездаўскай трыбуны выдатна – куды лепш за сваіх зусім нямоглых і маразматычных трох папярэднікаў.
4 красавіка 1986 году. Сёньня С. Я. Паўлаў разам з М. І. дзяльцом прадстаўляюць “майму” калектыву іх новага дырэктара, “бацьку”, як казалі часта Рыгор Барадулін і Генадзь Шупенька, – Анатоля Бутэвіча.
Значыць, сёньня і для мяне незвычайны дзень. У маё крэсла, за мой неспакойны стол садзіцца новы чалавек. Выбіраючы кандыдата туды сярод добрага тузіна “вылучэнцаў” і нават “самавылучэнцаў”, гэты самы Паўлаў сказаў: “Пісьменьнікаў там хапае. Пашлём партыйца”.
І вось гэты “партыец” – Толя Бутэвіч. Ну, паглядзім… Дай Бог яму шчасьця, сьмеласьці ў адстойваньні якраз непартыйнай справы – сапраўднай беларускай, агульначалавечай літаратуры!”
Прыкладна ў хвіліны рэпрэзентацыі майго пераемніка я быў у Літфондзе. Ідучы адтуль, купіў у кіёску некалькі газетаў і часопісаў, паштовых марак. Далей на рагу Карла Маркса і Камсамольскай (во назвы!) “напароўся” на фотаатэлье і, няведама чаму, ступіў на яго ганак. Ужо там, у сярэдзіне, у галаву прыйшла “задзірыстая” думка: а ці не пазнаёміцца мне з гэтай вячэрняй карэспандэнцыяй перад фотааб’ектывам. Задумана – зроблена. Усяго за 2 рублі і 90 капеек мне паказалі журнальны столік, за якім я змагу крыху адпачыць. Нават і не зусім “крыху”. На маё месца, як мне сказалі тут, прэтэндэнтаў ня будзе, бо ўсе наведвальнікі “не вызначаюцца разнастайнасьцю. Яны перад камераю стаяць альбо сядзяць пірамідаю, парамі, групамі ці па адным – дэманструючы свой рост ці бюст”.
Ну, што ж, лічу, што мне сёньня пашанцавала. Я сапраўды стаміўся і трэба было б адпачыць некаторы час. І добра зрабіў. Пасьля гэтага завітаў у мастацкі салон-магазін. У адной зале зьвярнуў увагу на багет, у другой купіў за 3 р. 27 к. тканевы каляндар на скарынаўскую тэму. Аўтар каляндара В. А. Асташонак. Гэта сувенір уяўляе сабою афсетны друк па тканіне. Упрыгожаную такім метадам тканіну, мая мама называла “набіўной”. Колісь майстры-“афсетчыкі” хадзілі ад вёскі да вёскі і гучна пыталі ўсю вуліцу: “Каму ручнік выгаўтаваць за 15 хвілінаў? Каму абрус вышыць за паўгадзіны? Каму хустку, каму насовак вышываных прадаць? Магу сваё вышыванае прадаць! Магу пры вас вышыць з вашага матэрыялу!” і г. д.
Як там ні было, каляндар мне падабаецца. Вось яго выгляд: на сьветла-бежавай тканіне фармату 144х300 мм на самым відным месцы надрукаваны кананічны скарынаўскі аўтапартрэт з “Кнігі “Быцьця”, яго Бібліі. Ніжэй – табель-каляндар на 1986 год. Канцы гэтага “ручніка”-вымпела, каб яго можна было падвесіць, забясьпечаныя карычневымі “палачкамі”. На верхняй з іх – шаўковая вішнёвая нітачка-касічка. Паміж верхнім арнаментам (ён удвая вужэйшы за ніжні) і партрэтам чырвонымі літарамі надрукавана “Францыск Скарына – вялікі беларускі асьветнік-гуманіст”. Маргінальна дадзены “буквіцы” “Ф” і “С”, скарынаўскія выдавецкія знакі і дзьве яго заставачкі.
Аднак нішто не магло мяне адцягнуць ад майго выдавецтва, ад пытаньня “Як там ўсё гэта адбылося?” Я пазваніў Васілю. Ён расказаў мне такое, чаго я і не чакаў. Паўлаў і Дзялец не павялі новага дырэктара ў выдавецтва, а выклікалі ўсё выдавецтва да сябе – “гару да Магамета”.
Рэпрэзентацыя А. Бутэвіча зьвялася да таго, што Савелій паўлаў выйшаў з-за стала прэзідыуму на трыбуну і хвілінаў пятнаццаць, літаральна, “расьпякаў” выдаўцоў за нашы крамольныя выданьні і намеры. А іх было нямала. Адзін альманах “Спадчына” чаго варты. З яго ён і пачаў шэльмаваць паважаных на ўсю Беларусь людзей, што сядзелі, панурыўшы галовы, перад ім. Як гэта яны, нягоднікі, хацелі надрукаваць у ім да 100-годдзя вялікага Купалы яго п’есу “Тутэйшыя?” “ЦК партыі вымушаны быў умяшацца і забараніць гэты яўна небясьпечны зборнік. Забараніць і першы яго выпуск і ўсе наступныя. Спыніць зусім гэтае выданьне!”
Ня згладзіў і Дзялец сваёй вернападданьніцкай прамоваю ўражаньне ад цэкоўскае лаянкі. А што ж Бутэвіч? Ён толькі падзякаваў “партыі за давер” і паабяцаў “апраўдаць” яго.
Читать дальше