На падставе гэтых “інтэрв’ю” змайстравалі кінасерыял аж з сямі карцінаў. У адной з іх здымалася і гэтая амаральная пачвара, цяпер ужо пачвара і фізічная. А як зьнялася? У вайсковым мундзіры! Хоць пасьля вайны ў арміі яна ўжо і не служыла, а па-вайсковаму любіць і цяпер апранацца. Гэта засьведчыла аўтар кнігі, сустрэўшы яе ў Маскве на “зьлёце” ветэранаў 65-ай арміі: “Усе былі ў вясеньніх сукенках, сьветлых касынках, а яна - у вайсковай форме”. У кіна- фільме нават паказалі, як ад яе аўтаматнай чаргі ўпалі дзьве ахвяры “асобага аддзела” і савецкай медыцыны.
Я пісаў ужо пра гэта адразу пасьля таго, як паглядзеў гэты страшэнны серыял. Я ледзь не самлеў тады, убачыўшы гэты “гуманізм новага тыпу”, як называюць такое камуністы.
“Правды” і астатніх газетаў мне ўжо хапіла. Вунь якія кашмарныя асацыяцыі выклікалі яны ў мяне.
Цяпер каля паловы дзявятай гадзіны вечара. Уключыў тэлевізар - “беларус- кую” праграму. Паводле абвесткі ў газеце там павінна быць перадача з Віцебску
- “Дзьвіна”. I тут няўдача: ідзе шматсерыйны фільм пра Леніна, той самы, што і па маскоўскай праграме. Правільна! Нашто нейкім там беларусам мець сваю праграму? Няхай глядзяць тое, што глядзіць Масква, хутчэй забудуць пра сваю самабытнасьць!
1 студзеня 1986 году. Год тыгра сустракаю ў бальніцы. Знаходжуся тут з 25 сьнежня. Перад гэтым ужо некалькі дзён ляжаў дома. За гэты час зрабіў пару нязначных запісаў.
Самае важнае значэньне апошніх дзён мела для мяне згуртаваньне маёй сям’і вакол добрых калядных традыцыяў. Мне вельмі прыемна, што і Галя і Ірынка ўспрынялі ад мяне гэтыя традыцыі. Мама далучылася да іх завіханьняў, дапамагала ўсё зрабіць як найлепш. Упрыгожыў мерапрыемства рытуал “праламленьня аплатка”. Кожны меў магчымасьць выбраць сабе выяву паводле свайго густу: аплатак быў багата і з густам аформлены мастацкім цісьненьнем.
І вось цяпер сям’я мне наладзіла працяг гэтых традыцыяў. Учора пад вечар прыйшлі да мяне ўсе мае найбліжэйшыя ў поўным складзе, нарадныя, ажыўленыя. Наладзілі мне ў палаце елку – некалькі галінак у слоіку з вадою, увешаных арыгінальнымі цацкамі, з сапраўднай сьвечкаю. Доўга былі са мною, прыўнёсшы ў мой гэты часовы быт аптымізм, весялосьць, адарылі мяне і ў гэты вечар мілымі падарункамі, пахваліліся сваімі сувенірамі, абноўкамі.
Пры ўсім гэтым прысутнічаў Міша Ч. (Міхаіл Чуднікаў, сваяк Марыі Дубянецкай – рэд.) – ён апярэдзіў нават маіх мілых птушак. Разьвітваючыся, яны наказалі мне абавязкова ў 24 гадзіны запаліць сьвечку. Я з прыемнасьцю выканаў іх наказ.
У палаце, апроч мяне, яшчэ трое хворых: Фёдар Апанасавіч Бачыла – славуты партызан, цяпер фотакарэспандэнт “Чырвонай змены”; Міхал Васільевіч Дражын – некалі журналіст-“раёншчык”, пасьля партыйны работнік аднаго з Менскіх райкамаў, цяпер – прафсаюзны дзеяч абласнога маштабу; Уладзімір Апанасавіч Рымша – да апошняга часу узначальваў адно з вядучых упраўленьняў у Міністэрстве сувязі БССР, цяпер “малады” пенсіянер. Усе трое цікавыя людзі, больш-менш раскаваныя, на падзеі, што займаюць голавы “савецкіх людзей”, глядзяць рэалістычна. Толькі Бачыла час ад часу ўпадае ў апалагетыку ладу, Вялікай Айчыннай вайны (відаць, каб стварыць магчымасьць пахваліцца сваімі подзьвігамі, што ён і робіць у кожную вольную хвіліну).
Мая елка ўсіх іх мабілізавала, падбадзёрыла. Поўнач мы і сустрэлі вакол яе, з запаленаю сьвечкаю. Усе захапляліся маёй сям’ёю.
15 студзеня 1986 году. Дачытаў кнігі А. Кудраўца “Сачыненне на вольную тэму” і “Апавяданьні”. Добры раман і сімпатычныя ўсе апавяданьні. Перад гэтым прачытаў ужо тут аповесьць В.Распуціна “Пажар” (“Наш современник”, 1985, №7), літаратуразнаўчую працу Я.Івашкевіча “Людзі і кніжкі” (на польскай мове).
16 студзеня 1986 году. Каля дзесяці гадоў назад у мяне была выпадковая сустрэча з прафесарам Калядой. Тады я лячыў у оталарынголага горла, як раптам зайшоў з суседняга кабінету Васіль Іванавіч Каляда. Ён закончыў там кансультацыю хворых і выйшаў да ракавіны-ўмывальніка. Зірнуўшы ў наш бок, зьвяртаецца невядома да каго з нас – да ўрача ці да хворага: “Можна і мне паглядзець?”. Урач ажыўлена прагаварыла: “Ой, што вы Васіль Іванавіч! Я буду вельмі вам удзячна! Хоць гэта вам і ня планавы хворы…” Прафесар таксама весела сказаў, зьбіраючыся сесьці перада мною: “Я не люблю ні слова план, ні таго, што за ім стаіць… асабліва ў медыцыне”.
Памятаю, я тады адзначыў сабе, што такога чалавека нельга не любіць ці хаця б проста паважаць. Кожнаму такому сьпецыялісту паліклініка рыхтуе пэўную колькасьць хворых на кансультацыю. І яны рэдка калі самі шукаюць сабе “звышпланавых” пацыентаў. А гэты – калі ласка.
Читать дальше