І ў выніку з чарговае Кастусёвае кнігі Мікола Кусянкоў “параіў” “зьняць” адну аповесьць. Трэба будзе мне самому пачытаць яе, а заадно і бліжэй прыглядзецца да Кусянкоўскае методы. Мне шкада кожнага Кастусёвага слова. І ў той жа час хацелася б усталяваць нармальныя творчыя адносіны са сваім загадчыкам рэдакцыі. Пакуль я чуў, яго крытыкуюць ці баяцца адны толькі нямоглыя “пісьменьнікі”. Гэта што датычыцца часопісу “Полымя”. Ну, а адносна выдавецтва, пакажа час…
Позна вечарам, мабыць, недзе пасьля адзінаццаці гадзінаў, перакінуўся словам і з былым загадчыкам рэдакцыі прозы – Васілём Хомчанкам. Мы размаўлялі “каля маёй хаты” яшчэ з адным сімпатычным Васілём – Зуёнкам, як да нас з кійком у руцэ ледзь не падбег стары Васіль. Гэта ў такім рытме – подбегам – ён робіць сваю вячэрнюю прагулку. Пажартавалі наконт кія і палкі і разышліся ў тры дарогі.
На прыкладзе Васіля Хомчанкі мне пашчасьціла быць сьведкам рэдкай зьявы ў характары, калі пад старасьць ён не касьцянее ў сваіх поглядах, а сьвядома мяняе іх. Прытым зьмена адбываецца горшага на лепшае, дрэннага на добрае, рэакцыйнага на прагрэсіўнае. У апошнія свае гады ў выдавецтве ён адкрыта адштурхоўваў усякую кан’юнктуршчыну, бездапаможную ў мастацкіх адносінах палітычную балбатню, а з другога боку, аддаваў перавагу творам сьмелым, “антыцэнзурным”. Некаторы час я з прыемнасьцю думаў, што гэта метамарфоза адбылася пад маім узьдзеяньнем. Пасьля дзядзька Васіль расказаў мне неяк па сакрэту гісторыю свайго жыцьця, і я канчаткова зразумеў прычыну. Ён вымушаны быў доўгі час паступаць супраць сваёй волі і свайго сумленьня. Адчуўшы мой дух, ён лёгка стаў самім сабою. Што ж, для мяне вялікае шчасьце бачыць свой добратворны ўплыў на “перавыхаваньне” чалавека, як кажуць марксісты.
18 жніўня 1985 году. На “дачы” я адчуваў сябе кепска. Гарачыня 30°С. Няма куды дзецца ад яе. Вакол дому пакуль яшчэ ніякія дрэўцы ня вырасьлі, каб можна было схавацца ў іх ценю. У доме таксама сьпёка. Ён жа не мураваны, а драўляны. А дрэва ёсьць дрэва, ды яшчэ сухое. Добрыя сонечныя промні дастануць і праз яго.
Вяртацца ў Менск у гарадскім транспарце немагчыма мне. Там ня толькі сесьці, стаць ня будзе дзе. Ёсьць дамоўленасьць з Кастусём Кірэенкам паехаць на яго машыне. Недзе каля 19-ці гадзінаў прыйшоў яго сын Саша і сказаў, што яны гатовыя да ад’езду. Праз некалькі хвілінаў я пайшоў на дарогу. За рулём сядзеў дзядзька Кастусь. На заднім сядзеньні – абодва яго сыны. Я прыемна быў зьдзіўлены іх вельмі сардэчнымі і чулымі ўзаемаадносінамі. І гэта якраз больш адчувалася з боку старога. Увесь час так і чулася ад яго: “Мішанька!.. Сашанька!.. Мішанька!..”.
У машыне хлопцы ціхенька размаўлялі, або зусім маўчалі, ветліва адказвалі на нашыя пытаньні. Я даўно не сустракаў такіх grzecznych дарослых хлопцаў. “Стаміліся вельмі мае хлопчыкі”, – сказаў Кастусь Ціханавіч. Па тым, як ён гэта вымавіў, нельга было разабрацца ці гэта сказана было мне, ці гэта было накіравана да іх пытаньне, што не патрабуе адказу, пытаньне-канстатацыя. А, можа, проста так думалася бацьку, а словы самі зьляцелі з вуснаў?
У Менску, у невядомым мне мікрараёне, машына нашая ўехала ў нейкі двор, спынілася. “Вось, Мішанька, ты і прыехаў”, – сказаў бацька. І адзін з хлопцаў пачаў выбірацца з машыны, працягнуў нам руку на разьвітаньне. Расчуленаму бацьку гэтага падалося мала: “Дай я цябе пацалую, Мішанька”, – сказаў, нібы папрасіў ён. Мне надзвычай было прыемна і чуць поўныя замілаваньня гэтыя бацькоўскія словы і бачыць, вусатага сына, што зусім, мабыць, як у далёкім сваім маленстве, нагінаецца цераз сядзеньне, каб задаволіць бацькаву просьбу, а можа, і сваё падсьвядомае, прыкрытае даросласьцю жаданьне.
“Харошы хлопец, ой які харошы хлопец…”, – ледзь не прастагнаў Кастусь Ціханавіч, калі той пакінуў ужо машыну і прыглушана размаўляў з братам. Можа, не нагаварыліся за дарогу, а можа, разьвітваюцца так? – падумалася мне.
Цяпер мы ехалі ўтрох. Час ад часу вадзіцель пытаў Сашу, як адрэагаваць на той ці іншы знак. “Правілы дарожнага руху я ўжо забыў, – сказаў да мяне Кастусь Ціханавіч, – дык вось у сваіх хлопцаў удакладняю, яны ў мяне на зубок іх ведаюць. А як водзяць, ого-о!”
Ня дзіва і маладому блытацца ў гэтых правілах: надта часта яны мяняюцца.
Неўзабаве я быў дома. З цеплынёю падумаў пра сям’ю Кірэенкаў. Можна пазайздросьціць іх адносінам адзін да аднаго. Вельмі прыгожая сям’я. Але ж пры ўсім пры гэтым, як мог сфарміравацца сам Кастусь у такога ў вышэйшай ступені “прынцыповага”, сапраўды партыйнага рэдактара? Умее, значыць, у сям’і быць мяккім, чулым, а на працы – бескампрамісна казённым. Не бяз посьпеху для сваёй кар’еры. Інакш не прабіўся б ні ў дэпутаты Вярхоўнага Савету, ні ў дэлегаты на Генеральскую асамблею ААН, ні ў асабістыя сябры галоўнага ідэолага рэспублікі.
Читать дальше