Думка ня новая. Яе ўзрост – узрост савецкага рэжыму. І ні таму, хто яе выказаў, ні таму, хто “прапусьціў” нічога амаль не пагражае. Адэпты і цэрберы рэжыму яе могуць нават уключаць у свае даклады, каб пагуляць крыху ў лібералізм. Але пагроза ўзьнікне перад тым, хто перастане весьці хаўрус з “паўпраўдаю”, а пачне пісаць і “прабіваць” у друк на самой справе нешта праўдзівае. Найстрашнейшы вораг рэжыму – праўда. Таму і праўдапісцы не ў пашане ў рэжыму.
Стварылася такая сітуацыя, што найвялікшай грамадзянскай мужнасьцю пісьменьніка цяпер было б спыніць зусім пастаўку ў друк паўпраўды. Менавіта спыніць пастаўляць, а не спыніць пісаць. Пісьменьнік, пакуль ён жывы, пісаць не перастане.
Некаторы час рэжымаўцы не заўважылі б такой інтэлектуальнай забастоўкі, бо выходзіла б класіка, выходзілі б перакладныя творы, выходзілі б нейкія перавыданьні, на якія аўтарскі дазвол не патрэбен, бо і аўтары памерлі. Але ж рана ці позна ўлада нешта скеміла б. Пачаліся б нарады, сходы, угаворы, пагрозы. Пісьменьнікаў цягалі б і ў адны органы (партыйныя) і ў другія (кадэбэ). Вось тады нарадзілася б нешта накшталт польскай “Салідарнасьці”. (Дарэчы, у гэтыя дні споўнілася 5 гадоў ад пачатку забастовак у Польшчы, якія прывялі да легальнага ўзьнікненьня слыннай і мужнай масавай арганізацыі ў камуністычным сьвеце – “Салідарнасьці”, якую хутка абвясьцілі па-за законам. Гонар ёй і хвала.) Улады “прынялі б” пісьменьніцкі ультыматум і некаторы час друкавалі б праўдзівыя творы. Але ж толькі некаторы час. А пасьля было б тое, што і з пагадненьнем “Валэнса-Ярузельскі”.
За гэты “час вольніцы” было б надрукавана ўсё раней забароненае старых пісьменьнікаў і значная частка з напісанага ўжо цяпер “для шуфлядаў”. Хоць гэты час быў бы нядоўгі, але ён пакінуў бы уў літаратуры, у духоўным жыцьці народу глыбачэзны сьлед, сьлед ачышчальнай і жыцьцясьцьвярджальнай навальніцы.
Аднак, ведаючы “растаноўку сілаў” у Саюзе пісьменьнікаў і самыя гэтыя “сілы”, можна сказаць сьмела, што больш-менш значная група “ультыматыстаў” ня ўзьнікне – пабаяцца той другой, узброенай сілы, што ўжо ня раз дэманстравала сваё ўменьне зьнішчаць усякіх пратэстантаў.
Але зусім крыўднае і непрыемнае насоўваецца падазрэньне, што нават, калі б маўклівы і ў выніку пераможны пратэст адбыўся, калі б наступіла тая выпакутаваная вольніца, шуфляды аказаліся б… пустыя! Не было б чаго друкаваць! Ніхто не стварыў “галоўнай” сваёй кнігі! Гэта значыць, што кожны піша толькі дзеля хлеба надзённага, правіць сябе так, як яму загадаюць, сам глушыць сваю песьню і не стварае вольнай, бесцэнзурнай песьні…
…Пішу гэтыя радкі на дачы. Вельмі даўно ня быў тут, няёмка перад суседзямі. Каму скажаш, што ня любіш сюды езьдзіць? А цяпер, калі яшчэ не магу актыўна працаваць як дачнік наогул невялікая радасьць паказвацца тут.
Мала каго яшчэ сустрэў. А зрэшты і нямала! Былі ж бліжэйшыя суседзі Кастусь Тарасаў і Валянцін Тарас, Валянцін Лукша і Васіль Жуковіч, ды Фёдар Куляшоў. Гэты яшчэ хворы, пасьля інсульту дар мовы да яго не вярнуўся: некалькі разоў пачынаў з нейкага слова нейкую думку, але так ні разу не ўдалося яму выказацца. Пасьля з цяжкасьцю, з вялікай натугаю ён вымавіў:”Ня ўмею пакуль размаўляць, хоць фізічна добра адчуваю сябе”.
В. Лукша езьдзіў з сям’ёю на ўласнай машыне ў лес… па грыбы. Прывёз такіх грыбоў, што больш дасьведчаныя суседзі загадалі выкінуць іх – ядавітыя. Валянцін кажа: “А мы думалі, што абабкі”. Пахваліўся перада мною, што ўчора пазваніў яму Шышыгін. Сказаў быць гатовым да 10-хвіліннага выступленьня на нейкай нарадзе ў Маскве пасьля ММКВ-85 па пытаньнях “Міжкнігі”, а таксама даць дзьве старонкі тэксту ў даклад Пастухову. Расьце Лукша. А гэтым часам людзі ад яго ўцякаюць. Лепшыя!.. Вось, як, скажам, гэты сімпатычны Вася Жуковіч, што спыніўся каля нас, ідучы некуды з тэрмасам па ваду.
Цёплы кантакт атрымаўся ў нас з другім Валянцінам – Тарасам. У яго цяпер гасьцюе родная сястра з Познані, любай мне яшчэ з маленства.
Доўга мы праседзелі з Кастусём Тарасавым. “Выйшлі” таксама і на забароненую мне “службовую” тэму. Высока ацаніўшы веды, літаратурны густ і такт новага загадчыка рэдакцыі прозы Міколы Кусянкова, Кастусь тым ня менш зьдзівіўся, як ён трапіў на гэтую пасаду.
Так, для добрага густу трэба мець яшчэ і сьмеласьць. Тады гэты густ можна будзе і ўкараніць недзе. А сказаць: “Яно то ня блага, але ня будзем дражніць Дзяльца і іншых…”, усё роўна, што ахаяць добрае.
Читать дальше