А ў Лодзі Сам Пантыфікат гаварыў пра гэтую маю Святую Настаўніцу. Ён гаварыў яшчэ і пра цудоўную жанчыну Ванду Мальчэўскую, партрэцік якой з маленства захоўваю ў сябе з часоў шчаслівай блізкасці з Незабыўнай Матухнай Марыяй Уршуляй.
15 чэрвеня 1987 году. У адным з красавіцкіх нумароў “ТгуЬипу ludu” нядаўна я прачытаў, што цяпер адзначаецца 75-я гадавіна сербска-лужыцкай “Дамавіны”.
Пасля таго, як я пазнаёміўся з паэзіяй гэтага невялічкага славянскага народу, што спрадвеку жыве ў Германіі, пасля знаёмства з некаторымі яго прадстаўнікамі, мне ўжо ён не быў абыякавы. Хоць з некаторым спазненнем, я ўсё-такі паслаў сёння віншаванне ў Будышын - дырэктару выдавецтва “Domovina” Мэрціну Бэнадзе, цудоўнаму чалавеку, выдатнаму выдаўцу.
Дзякуючы днямі сказаным цёплым бацькоўскім словам Яна Паўла II у адрас кашубаў, я адразу ж прыгадаў лужычанаў, калегу Мэрціна, іх знамя- нальную гадавіну. I ў выніку паслаў туды ліст. Хацеў было так і напісаць, чаму нарадзілася ў мяне такая ідэя. Аднак падумаў, што, не ведаючы рэлігіі Мэрціна, не варта пакуль спасылацца на гэтага найвышэйшага іерарха Каталіцкай Царк- вы, каб не выклікаць, не дай Бог, непатрэбнай рэакцыі. Мэрцін жа можа быць і некатолік.
18 чэрвеня 1987 году. 75-годдзе Пятра Бітэля. Віншаваць яго ад СП ездзілі толькі Вячаслаў Рагойша і я. Ды фотакарэспандэнт Каляда.
Вёска, некалі мястэчка, Вішнева. Тут многія гады жыве юбіляр, тут яму і наладзілі свята. Наладзіў перш за ўсё райкам партыі - той якраз “дабрадзей”, які ў свой час люта цкаваў яго.Столькі было прамоваў і ніхто і слова не вымавіў пра тое шматгадовае цкаванне. Толькі адна маладая жанчына сказала, што “А магло б быць кніг у Пятра !ванавіча і больш”. Затое ўсе без выключэння дакучліва прыгадвалі ягоны ўзрост, не саромеючыся рабілі акцэнт на тым, што “ззаду засталося ўсё жыццё, наперадзе - трошачкі”. Адзін нават нечага пажадаў “на тыя дні, што яшчэ адпушчаны” яму.
Можна здагадацца, што ў гэтыя хвіліны тварылася на душы ў юбіляра, якія карціны прасоўваліся перад яго вачамі. Ён не мог не бачыць сярод іх і абразкоў, як мучыўся і “хітраваў” ён у лагеры, каб нелегальна займацца літаратурнымі словамі, як 30 гадоў не можа выдаць добры свой пераклад на беларускую мову шэдэўра Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, як наогул яго адмаўляліся друкаваць, як не давалі яму магчымасці працаваць згодна з атрыманай прафесіяй, як пакаралі яго амаль пажыццёвым забыццём. Колькі ж мінула юбілеяў, якіх “не заўважалі”. А гэта вось першы толькі. Горкі гэта юбілей! Мы сядзелі побач - ён і я. Так захацеў ён: “Каб не вы, не было б і гэтага майго юбілею”, - сказаў ён. “Каб вы былі, быў бы надрукаваны і “мой” “Пан Тадэвуш”, - дадаў, перавёўшы дыханне.
Рассталіся мы сумна.
Мне захацелася сустрэцца з айцом Уладзіславам Чарняўскім, адзіным на Беларусі беларускім ксяндзом. Вячаслаў жа не далей як сёння прачытаў у энцыклапедыі пра унікальныя роспісы Вішнеўскага касцёла і захацеў паглядзець на іх. I мы папрасілі юбіляра, добрага прыяцеля айца Уладзіслава, арганізаваць нам гэтую экскурсію.
Сёння свята Цела Божага і таму, нягледзячы на позні час - каля васьмі гадзінаў вечару - мы заспелі яшчэ ў касцёле імшу. Я заняў свабоднае месца на першай лаўцы. Мае спадарожнікі засталіся тоўпіцца на праходзе ледзь не на парозе. Праўда, пасля, мабыць, пазайздросціўшы мне, зрабілі тое, што і я. Так мы дачакаліся заканчэння набажэнства і прыходу да нас ксяндза Чарняўскага.
Я так доўга імкнуўся да гэтага чалавека, а сустрэўшыся з ім - расчараваўся. Не ўзрост яго мяне збянтэжыў - я ведаю даўно гэты ўзрост. Айцец Уладзіслаў проста бравіраваў перад намі сваёй антыпольскасцю. А я ж чатыры дні як мысленна пакінуў яе, маю дарагую Польшчу, дзе дух мой цэлы тыдзень лунаў каля майго любімага Папы! I духу майму было прыемна і ўтульна там сярод гэтага духоўна ўзвышанага і прыгожага народу, побач з яго вялікім сынам.
Ці мае рацыю а. Уладзіслаў? Мне нават цяжка ўявіць такое: “усе, як ён сцвярджае, апалячаныя прэлаты, дэканы і ксяндзы літаральна пераследуюць кс. Чарняўскага якраз за беларускасць. Затое яны патрабуюць ад сваіх парафіянаў, каб тыя “самі вучыліся польскай мове і вучылі ёй сваіх дзяцей”, бо ва ўсіх жа касцёлах гучыць толькі польская мова!
Вялебны айцец сказаў таксама, што ён падрыхтаваў некалькі маладых ксяндзоў-беларусаў, але ж і іх напаткаў ягоны лёс(!).
Я патрымаў у сваіх руках усе беларускія пераклады літургічных кніг, ажыцёўленыя айцом Уладзіславам на беларускую мову. На адным з іх стаяў дазвол “Nihil obsad” за подпісам ватыканскага прэлата ксяндза Кулака. Але ж гэта былі не кнігі, а рукапісы. Кнігамі так і ненаканавана было ім стаць. I тым не менш усе набажэнствы ідуць тут менавіта па гэтых тэкстах.
Читать дальше