А Галя так і не дакранулася больш да кнігі сваіх дэбютаў...
9 студзеня 1987 году. Нібы працягам папярэдняга запісу ўспрымаецца мне сённяшні “ЛіМ”. На другой яго старонцы традыцыйна пачэснае месца дробнай інфармацыі (?) займаюць вершы Пімена Панчанкі з ягоным сезонна актуальным партрэтам. Кінуўся ў вочы верш “Беларуская мова”. Твор з тых самых, што яшчэ ўчора цэнзура бязлітасна прэпаравала, выкідала, ампутавала.
Апяваючы гэту “старажытнейшую, самую славянскую. вобразную, вольную, пявучую” мову, аўтар з крывавым болем выкрывае тых, хто “адракаецца цяпер” ад яе. “Пакаленнем прагавітых халуёў” называе дзядзька Пімен такіх людзей. Паэт бескампрамісны ў сваёй нянавісці да сённяшніх “вялікадзяржаўнікаў, што разбэшчваюць вялікі [...] народ хлуснёй, лянотай, крадзяжом, што пасылаюць дзяцей у школы з іншай моваю”.
“Я хацеў, нашчадкі, вас праклясці,
Ды люблю сваю зямлю... і не магу”
Так завяршае народны паэт, паэт-патрыёт свой гнеўны зварот да “пакалення халуёў”, выхаванага пануючымі абставінамі.
У Панчанкаўскім творы ёсць глыбокія і нечаканыя падтэксты. І шмат іх тут! Перш за ўсё варта адзначыць два.
Шматзначным, на маю думку, з’яўляецца апошняе двухрадкоўе. Адно з гэтых значэнняў: аўтар не пракляў пакаленне адшчапенцаў, але ж і не дараваў яму здрады ягонай; ён яшчэ, адчуваем, спадзяецца, што яно выправіцца. Ну, дай Бог! А калі гэтая апошняя надзея не спраўдзіцца? Тады, як вынікае з іншага, хоць здавалася б, глыбока зашыфраванага, але ж усё-такі зыркім вокам бачнага, - вайна. Вайна супраць “сваіх” падонкаў! Вайна супраць іх натхніцеляў!
Гэты драматычна рашучы сродак, выказаны ў двух нягучных нібыта, апавя- дальных радках аўтар прыхаваў у самой сярэдзіне свайго вершу, зрабіўшы якраз іх такім чынам сэрцам свайго забалелага паэтычнага “я”.
Паглядзім уважліва на гэтыя радкі:
Пра народ мой церпялівы, працавіты Помняць партызанскія лясы.
Паспрабуй зняць з гэтых радкоў сэнс, магчыма, вымушанага абвяшчэння апош- няй вайны за родную мову і яны зусім не патрэбныя ў кантэксце твору. Не за- будзем і пра сімвалічнае шматкроп’е, што ўспрымаецца тут як сотня клічнікаў!
Калі ўжо казаць пра гэты “ЛіМ”, дык тут і на першай старонцы не палас- ны фотаздымак, як заўсёды, а дыялог Васіля Быкава з чытачамі, які адбыўся напярэдадні новага году ў галоўнай рэспубліканскай бібліятэцы.
Сярод іншых пытанняў В. Быкаў атрымаў і такое: “У чым прычына, што беларуская літаратура дрэнна чытаецца?”
- У гэтым шмат хто вінаваты, - кажа пісьменнік. - Прычынаў тут многа, прычынаў рознага характару. Тут і аб’ектыўныя прычыны, якія выкліканыя не- дальнабачнай палітыкай з боку кіраўніцтва, прычыны, якія ўзніклі самі па сабе, спантанна ў выніку пэўных адносінаў шырокіх народных мас да свае культуры. Прычыны таксама ў пэўнай частцы інтэлігенцыі, якая мяркуе, што значна падыме свой культурны ўзровень, калі адмовіцца ад нацыянальнай спадчыны. Але адмова ад спадчыны, ад каранёў ніколі і нікому не прыносіла карысці. Я ўжо не кажу пра маральны аспект гэтай з’явы.
В. Быкаў прызнаў віну і за пісьменнікамі, якія ў апошнія дзесяцігоддзі не далі сапраўдных твораў: “Мы ўсё ілюстравалі, падхоплівалі “пачыны” і пляскалі ў ладкі там, дзе трэба было цвяроза азірнуцца і ацаніць па вартасці шмат якія праблемы.”
У гэтым нумары ёсць таксама варты ўвагі рэпартаж з V з’езду Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Даўно вядома, што на Беларусі з помнікамі гісторыі размаўляюць з дапамогаю ўзрыўчаткі. Калі ўжо сорамна стала ад усяго свету, пачалі нібыта варушыцца: браць на ўлік тое, што самі ж не паспелі разбурыць. У канцы 1970-х гадоў было выраблена каля 2 тысячаў ахоўных знакаў коштам да 90 тысячаў рублёў. І што ж? Дагэтуль палова іх не прымацавана да аб’ектаў, значная частка наогул загінула. Гэта так з элементарнай арганізацыяй аховы. Ну і як захоўваюцца каштоўныя помнікі народу? Калі ласка:
У вёсцы Кунцавічы Ашмянскага раёну па дамоўленасці з мясцовымі органамі ўлады была разабраная і перанесеная на прыватны двор царква XVIII стагоддзя, з якой тут пабудавалі жылы аднасямейны дом.
У вёсцы Беніца быў самы значны помнік архітэктуры Маладзечаншчыны - сабор 1704 году. Пачалася ў 1982 годзе яго рэстаўрацыя за кошт кааператыўных сродкаў. Хутка рэспубліканская пракуратура спыніла ўсе работы і “як незаконныя” прапанавала гэтыя грошы накіраваць на хлявы для жывёлы.
У адпаведнасці з рашэннем Лагойскага райвыканкаму ў 1980 годзе ў вёсцы Ізбішча была знесеная старажытная царква. Пракуратура Мінскай вобласці палічыла гэтае варварства законным!
Читать дальше