– Класна, – кажу.
– Да, – гаворыць Мікалай Іванавіч... – Што класна? Ён жа, шчанюк, нават імя сваё не назваў. Я зь дзяжурства вяртаюся, а мая крычыць – сын прапаў. Уяўляеш? Добра, што яны наступнага дня ў яго ў кішэні МАЁ пасьведчаньне знайшлі.
– А чаго яны па ягоных кішэнях лазілі? – пытаюся.
– Таблетак стала шкада, я так думаю. Адным словам, наступнага дня, ужо недзе пад вечар, яны мяне знайшлі. Ну, мы разам яго і выцягнулі.
– Дык гэта ён у рэанімацыю пасьля вас ужо трапіў?
– Ты што? – насьцярожваецца Мікалай Іванавіч, – думаеш я яго біў?
– Ды не, што там.
– Я яго наагул ніколі ня біў. Мне ў падлу яго біць. У яго проста абязвожваньне арганізму, разумееш? ён жа там амаль двое сутак прасядзеў, на адных таблетках.
– Нішто сабе, – кажу.
– Да, – задумліва дадае Мікалай Іванавіч.
2.05
– Ты што – ведаеш яго?
– Так – сустракаліся калісьці.
– Ну і знаёмыя ў цябе.
– Дзякуй, што наагул адпусьціў. Сядзелі б зараз у камэры.
– Яшчэ і апошні каньяк забраў. Як мы цяпер – без каньяку?
– У цябе ўсё адно пякотка ад яго.
– Ладна, паехалі ўжо куды-небудзь. А то тут проста нейкая камэнданцкая гадзіна, – і Вася адцягвае мяне ад уваходу ў руус.
Пачакай, кажу я, мне адліць трэба, потым, нэрвуецца Вася, потым адальлеш, не магу, адказваю, адыходжу за рог шэрай будыніны, начыненай газавымі камэрамі, і яшчэ нават не пасьпяваю зрабіць сваю чорную справу, як аднекуль з-за рога выбягае Мікалай Іванавіч, некуды імчыць, але ўсё-ткі заўважае мяне, сумна качае галавой, эх, маўляў, сынок, сынок, і бяжыць кудысьці ў ноч.
2.35
Да вакзалу мы даяжджаем без прыгод, таксіст усю дарогу круціць носам і праветрывае салён, абрыганага Сабаку гэта нэрвуе, але мы яго стрымліваем, каля прыгараднага Сабака пачынае крычаць, што нічога гэтай суцы плаціць ня трэба, што ён на нас, маўляў, нядобра глядзеў усю дарогу, ага, кажу я Сабаку, сурочыў ён цябе, ладна, супакойся, кіроўца напужаны, Вася таксама супакойвае Сабаку, мы плоцім колькі там трэба і ідзем на вакзал.
3.45
Электрычка павольная-павольная, вагоны халодныя і пустыя, падлогу, відаць хтосьці толькі што памыў, уласна – не памыў, а шчодра паліў халоднай бруднай вадой, нас трасе, на вакзале мы папрасілі Сабаку зьбегаць купіць у кіёску што-небудзь пажэрці, Сабака купіў дзьве паўтаралітровыя пляшкі мінэралкі, так што ён іх цяпер і трымае, мы сядзім у пустым халодным вагоне, ні табе грыбнікоў, ні дзембеляў, нават міліцыі няма, уся міліцыя зараз выконвае плян недзе ў сваім Кіеўскім раёне, дзе яшчэ засталіся хаця б якія жывыя людзі, хоць бы нехта, каго можна зацягнуць у газавую камэру, мы перажылі сваю камэнданцкую гадзіну і ўпарта намагаемся цяпер выехаць кудысьці ў нікуды, ну, хоць куды-небудзь.
Толькі дзеці мітусяцца па вагоне, мы яшчэ толькі зайшлі, яны ўжо сядзелі ў нашым вагоне, яны прыехалі ў ім аднекуль з дэпо, нас-та з Васем яны дакладна не спужаліся б, яны, здаецца, наагул нічога не баяцца, такое ўражаньне, што яны ўжо ўсё ў сваім жыцьці перажылі, са сьмерцю ўключна, ну, але пры адным выглядзе незадаволенага абрыганага Сабакі, яны перапужаліся і зьбіліся ў зграю, вы адкуль? пытаецца Вася, і яны пачынаюць нешта распавядаць, што, маўляў, тут і жывуць, у электрычцы, начуюць па вагонах, асабліва цяпер, калі дажджы, катаюца да канцавой, потым вяртаюцца назад у горад, часам начуюць у міліцыі, але міліцыя іх звычайна адпускае, каб яны не нанесьлі ім у камэры рознай заразы, так і жывуць, нядрэнна, дарэчы, жывуць, не найгорш.
Нарэшце яны ўздымаюцца і ідуць у суседні вагон. Гэта для іх нібы перайсьці з кухні ў вітальню, акупавалі цягнік і катаюцца па адным і тым самым маршруце, як завядзёныя, або праклятыя.
Я спрабую заснуць, але мяне ўвесь час выкідае са сну, нібы няўдалага сэрфінгіста з хвалі, і я пачынаю ціха стагнаць.
– Табе што – дрэнна? – пытаецца Вася.
– Ныркі штосьці ныюць.
– Да, растрэсла цябе.
– Ага, растрэсла. канешне – растрэсла.
У тыя кароткія хвіліны, калі я ўсё ж устаю на сваю хвалю, утрымліваюся на дошцы і лячу ўніз, я сьню двух анёлаў – адзін таўсьцейшы, другі вышэйшы, яны выходзяць у калідор і пачынаюць хуячыць адзін аднаго, пер’е ляціць ва ўсе бакі, і іхныя доўгія жаночыя пазногці, якімі яны драпаюць адзін аднаму твары і пад якімі запяклася соль нябёсаў, пабліскваюць у паветры, як нажніцы ў руках спраўных краўцоў, яны б’юць адзін аднаго па твары, і ўжо іхныя кулакі перамазаныя крывёй, і раптам адзін зь іх падае, б’ецца галавой аб халодную калідорную плітку, і той – вышэйшы – які перамог, падыходзіць да яго і цалуе яго ў паўнаватыя крывавыя вусны, зь якіх пачынае выцякаць пастэрызаванае малако.
Читать дальше