Сабак ідэйна не працуе, лічыць, западло, гаворыць: «Мне западло працаваць на іх», ён наагул лічыць, што ў нашай рэспубліцы адбыўся пераварот і да ўлады прыйшлі габрэі, жыды – кажа ён, – паўсюль жыды; я ў прынцыпе лічу, што ён дарэмна так гаворыць, але працаваць таксама не хачу. Ня так даўно, праўда, нашы сябры – рэкламнікі Вова і Валодзя – уладкавалі Сабаку да сябе ў газэту, у аддзел рэкламы, кур’ерам, Сабака доўга вагаўся, прыходзіў да нас на паверх, блукаў па кухні, называў Вову і Валодзю жыдамі і вагаўся. Нарэшце адважыўся і пайшоў працаваць. Прапрацаваў дзён дзесяць. Некалькі дзён таму зьнік разам зь нейкай карэспандэнцыяй, Вова і Валодзя прыяжджалі да нас, але мы нічога ня ведалі, тэлефанавалі бацькам, тыя таксама ня чулі пра свайго сына-Сабаку паўтары гады, здаецца, гэта іх задавальняла, нават да бабулі паехалі, бабуля іх не пусьціла, глядзела праз напаўадчыненыя дзьверы і не разумела, што ад яе хочуць, здаецца, Сабака да рэшты замардаваў старую, паспрабуйце, пажывіце з унукам, які на сьняданак спажывае спачатку вадзяру, а потым ужо ўсё іншае. Адным словам, Сабака зьнік і нашы сябры-рэкламнікі пагражалі зрабіць зь ім штосьці страшнае ў тым выпадку, калі ён знойдзецца: «Так і перадайце Сабаку, – казалі яны нам, – яйцы адарвем». Я сумняваўся, што такім спосабам можна было заманіць Сабаку назад у рэдакцыю, але абяцаў перадаць. Мне ня цяжка. Вову і Валодзю мы не далюблівалі, але цярпелі, яны вучыліся на гістарычным, і як большасьць выдатнікаў з гістарычнага, супрацоўнічалі з кдб; кдб, я думаю, моцна пацярпела ад прысутнасьці ў сваіх шэрагах двух даўнаў – Вовы і Валодзі, але парадак ёсьць парадак, я так думаю, інакш для чаго б іх трымалі ў штаце. Вова і Валодзя, вядома па пратэкцыі кдб, ужо на першым курсе ўладкаваліся ў рэклямны аддзел адной зь першых харкаўскіх незалежных газэт, газэта іхняя працавала ад нейкага фонду дэмакратычнага разьвіцця, рэдактар – підар-праныра – выбіў з амэрыкосаў салідны грант, і яны запусьцілі ў сьвет сваю незалежную газэту, аднымі зь першых пачалі друкаваць на вокладцы голых цётак, а ў сярэдзіне – шырокія праграмы тэлеперадач. Акрамя гэтага, пастаянна гналі на савок, можна сказаць, што за грошы амэрыкосаў палівалі гаўном нашу савецкую бацькаўшчыну, нашу маладосьць, можна сказаць, я не любіў гэтую газэту, хаця цёткі на вокладцы мне падабаліся. Вова і Валодзя працавалі, як я ўжо сказаў, у рэкламным аддзеле, ня ведаю, як яны там працавалі, напэўна, дрэнна, бо традыцыйна раз ці двойчы на тыдзень яны заяжджалі да нас, напіваліся вадзяры і біліся між сабой. Наагул яны сябравалі, а як напіваліся, выходзілі незаўважна ў калідор і пачыналі мачыць адзін аднаго, прычым па-сапраўнаму, бяз дурняў, з выбітымі зубамі, з саплямі і сьлязамі на фэйсах. Так што якія зь іх маглі быць кадэбісты – ня ведаю. Мы іх спачатку разводзілі, а потым глядзім – ну, хулі, б’юцца пацаны і няхай сабе. Можа, у іх, у гісторыкаў, так прынята, можа, ім кдб за гэта даплочвае, чаго лезьці.
Яшчэ з намі на паверсе жыве Ваха. Ваха – грузін, хоць Сабака яго таксама называе жыдом. У Вахі свой бізнэс – каля кальцавой, на самым выездзе з гораду, зусім блізка ад нас, у яго стаіць некалькі кіёскаў, у якіх працуе некалькі наложнікаў. Наложнікі жывуць ў адным з кіёскаў, зьбіраюцца там на ноч, узімку распальваюць вогнішча, аднаго разу ледзь не спалілі кіёск, добра, што ён быў жалезны, проста паапякаліся, але выжылі. Ваха мае цэлых два пакоі – у адным ён жыве, а ў іншым трымае кантрабанду, розныя там чакалядкі, колу, гераін і чупа-чупсы. Мянтуры ён плоціць, вахцёрам таксама, нас не чапае, так што Ваха – пазытыўны герой, дакладна пазытыўны, інакш ня скажаш. Нам ён прадае непалёную вадзяру, хоць і ня робіць зьніжак. Сабаку Ваха баіцца, і калі той прыходзіць да нас, зачыняецца ў адным са сваіх пакояў, я сабе ўяўляю, як ён у гэты час пералічвае пацёртыя банкноты і заглытвае залатыя манеты, каб габрэй-антысэміт Сабака Паўлаў не адабраў у яго чаго-небудзь.
Далей па калідоры, недзе ў яго нетрах, жыве Какава – данбаскі інтэлігент. То бок, яго мама працуе ў бібліятэцы на нейкай шахце. Какава тоўсты, і мы яго ня любім, ён, наадварот, цягнецца да нас, ну, у яго і выйсьця, па вялікім рахунку, іншага няма, хто стане вадзіцца з данбаскім інтэлігентам. Хаця ў яго ёсьць яшчэ нейкія знаёмыя ў горадзе, акрамя нас, нейкія музыканты, вядома ж такія самыя піжоны, як і Какава, калі ён зь імі сустракаецца, то прыпаўзае дадому на рагах, накачаны партвейнамі, і завальваецца спаць. У Какавы ёсьць пясочны касьцюм, у якім ён падобны да сапраўднага мудака, ён яго амаль ніколі не здымае, ледзь ня ў душ у ім ходзіць, калі накачваецца партвейнамі і прыпаўзае дадому, завальваецца ў ложак проста ў гэтым касьцюме, шматфункцыянальная штука выходзіць – касьцюм данбаскага інтэлігента. Прычнуўшыся, Какава выходзіць на кухню і назірае, хто там што сабе гатуе, нюхае паўфабрыкаты і размаўляе на ўсялякія адцягненыя тэмы – неапахмелены, тоўсты, у мятым піжонскім касьцюме.
Читать дальше