божа, калі ты мяне чуеш за крыкамі гэтай скаціны Джонсана-і-Джонсана, калі ты наагул яшчэ не абламаўся браць ува ўсім гэтым удзел, дай мне хаця б шанец, усяго некалькі фразаў, і ўсё, я хутка ўсё табе патлумачу, галоўнае, зьвярні на мяне ўвагу, я ўсё ж такі ў боскім аркестры граю, хай я нават суцэльнае гаўно ў тваіх вачах і табе сорамна за мяне, за ўсё, што я, так бы мовіць, раблю, але не адварочвайся яшчэ хаця б некалькі сэкунд, мне херова, божа, як мне херова, хто б ведаў, і граю я херова, але ўсё адно – пашлі мне хоць бы які пробліск , калі я зразумела тлумачу, разбоўтай гэты смутак у маіх лёгкіх, у маім сэрцы і страўніку, усё гаўно, умоўна кажучы, чуеш, я прашу ўсяго толькі прасьвятленьня, мне толькі 19, магчыма, я мала чакаў, але ж я гавару толькі пра палоску сьвятла, невялічкую такую, як уночы, калі адчыняеш лядоўню, ну ты ведаеш, пра што я, каб можна было выдыхнуць усё тое, што ўдыхнуў у сябе за ўсе гэтыя 19 гадоў, хоць бы якую радасьць, божа, якуюсьці мінімальную, так каб спэцыяльна не замарочвацца, проста як-небудзь пры нагодзе, паслухай мяне, хоць бы нешта, хоць бы трошкі, ну хоць бы нешта, хоць бы якогасьці прасьвятленьня, чуеш, божа, добра? добра? ну і красоўкі, божа, красоўкі, пару красовак, ты чуеш?! ты чуеш мяне?!! ты, чуеш ты, чуеш наагул, пра што я тут гавару?!!! а??!!!!! а?!! ааааааа!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!ааааааааааааааааааааааааааааааааааа!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!
Аркестар падхоплівае гэтую хімэрную тэму, усе раптам прах а валі які клёвы чувак, гэты Малы Чак Бэры, як ён усё зьвязаў прыкольна, таму кожны намагаецца нічога не сапсаваць, Какаву даўно так не ўстаўляла, ён проста ўпаў на лаву, сядзеў забіты і слухаў, слухаў, а яны ўсё валілі і валілі, і нават калі інваліды пачалі распаўзацца і бізнэсмэны разбрыліся па тачках і прыбіральніцы рушылі зьбіраць паміж радамі пустыя пляшкі з-пад вадзяры і пакамечаныя каляндарыкі з амэрыканскім яблом прападобнага – яны і далей ніяк не маглі спыніцца. І як яны гралі! Як багі! То бок амаль не лажалі.
Уступ № 3
00.00
Мае сябры хочуць, каб зь імі лічыліся. Яны раўніва ставяцца да таго, як зь імі размаўляюць і пра што, як на іх пры гэтым глядзяць, намагаюцца зразумець, што пра іх думаюць, калі гавораць, пастаянна скандаляць, зь імі цяжка мець справу, яны нэрвуюцца ў кампаніях, калі гэта ня іхняя кампанія, іх час ад часу аднекуль выкідаюць, калі б нехта зь іх ляцеў на самалёце, яго б і з самалёта выкінулі, гэта ўжо дакладна. Я сам да такіх рэчаў раней нармальна ставіўся, але апошнім часам таксама пачынаю замарочвацца – не люблю, скажам, калі нехта забывае маё імя, вось, скажам, мы гаворым-гаворым, і раптам выяўляецца, што ніхто ня ведае як мяне завуць, навокал столькі прыдуркаў круціцца; або не цярплю, калі ў кагосьці на твары розная хуйня, ну, я маю на ўвазе не якіхсьці там цыклопаў аднавокіх, вядома, проста калі ў некага твар парэзаны пасьля галеньня, або кроў на вуснах, або іншыя рэчы – не люблю, па-мойму, гэта непавага – хадзіць з такой брыдотай на твары, ня ўмееш галіцца – сядзі дома, утыкай ў тэлевізар, або займіся чым-небудзь карысным, не – абавязкова расхуячыць сабе пысу якім-небудзь станком, перастрэне цябе на вуліцы і давай грузіць нікому не патрэбнымі рэчамі, не памятаючы, да таго ж, як цябе завуць. Або не люблю касмэтыку, жахлівая рэч – касмэтыка, агрэсыўная і дрэнна пахне, парфуму цярпець не магу, піць яшчэ ладна, але так – не разумею, розныя бранзалеткі, завушніцы, значкі – ува ўсім гэтым ёсьць непавага, ва ўсялякім разе мне так здаецца. Раней я спакойна ставіўся да такіх рэчаў, наагул – раней я шмат рэчаў проста не заўважаў, жыцьцё такая прыкольная штука – чым далей заплываеш у яго акваторыю, тым больш гаўна плавае наўкола, плавае і ня тоне, але зь іншага боку так і цікавей.
Сяброў у мяне досыць шмат, гэта нават не кампанія, хутчэй такі дружны калектыў сымулянтаў, што кідаюць усіх вербавальнікаў і працадаўцаў, мы жывем у некалькіх суседніх пакоях на адным паверсе, сьпім упокат, я нават ня ўсіх ведаю, сапраўдны сябар тут адзін – Вася Камуніст, іншыя – публіка больш-менш выпадковая, хоць яны таксама нашыя сябры, яны то зьяўляюцца, то зьнікаюць, час ад часу іх набіваецца на нашым паверсе больш як дзесяць, іншым разам я сам па некалькі сутак блукаю па калідорах, вылажу на дах і гляджу навокал. Нам усім па 18 – 19, пераважную большасьць маіх сяброў павыганялі ўжо з вучобы, яны цяпер або беспрацоўныя, або займаюцца нікому не патрэбнымі рэчамі, напрыклад, Сабака Паўлаў – я ніколі ня мог зразумець, чым ён напраўду займаецца. Бацькі ў Сабакі Паўлава габрэі, але на сябе ён гэта не пераносіць, гаворыць, што бацькі гэта бацькі, а ён – гэта ён, і больш за тое – Сабака Паўлаў гаворыць, што ён пр а вы. Адпаведна, з бацькамі ён не жыве, гаворыць, што ня можа жыць з жыдамі, тусуецца па знаёмых, часам завісае ў нас на тыдзень-другі, яшчэ ў яго ёсьць бабуля, відаць, не габрэйка, бо ў яе ён таксама іншым разам спыняецца. Час ад часу ён цягае ў бабулі з сэрвантаў розную антыкварную парцаляну і прадае яе на барахолцы, на атрыманыя грошы панакупляе ў аптэчных кіёсках каля рынку розных пігулак і ідзе да нас. Тады мы наагул не выходзім з пакою па некалькі дзён, хіба што адліць ці парыгаць, але парыгаць можна і ў пакоі. Адліць, у прынцыпе, таксама. Я люблю Сабаку Паўлава, нават ня гледзячы на ягоны антысэмітызм, мне-та што.
Читать дальше