Пра маю ўяўную чытацкую дасведчанасць ты, здаецца, трохі перамяніла думку,бо сапраўды — якое тут у мяне было чытанне? Канечне, я не чытаў тут, як не чытаю наогул, розную выпадковасць, лухту. Тое-сёе цікавае для сябе я i тут прачытаў, але вось навінкі?! A навінкі ўсе ў цябе, ды яшчэ вунь якія! Якраз усё тое, што трэба мне. Я чытаў з таго, што ты згадваеш, толькі Ресэ — i „Воўка”, i „Гульню ў бісер”.
Фільмы, вядома, не бачыў. „Амаркорд” асабліва хацеў бы паглядзець. Феліні чамусьці мой любімы рэжысёр. „Хрысціянскі” пачатак у ім цаню, адсутнасць бяздумнай жорсткасці i чалавечнасць i адухоўленасць сімволікі. Наіў, можа, пры гэтым. Наогул наіў у мастацтве люблю — гэта нешта накшталт супермастацтва, ці што.
Але — даволі. Бібліятэку я перадаю, але — марудна, ты пакуль мне пішы. Зразумела? Калі прыйдзе час „закругляцца” — вестку падам.
Не журыся, а я буду думаць пра сустрэчу.
Міхась.
27.ІХ.82”.
З Веранікай мы сустрэліся пазней. А той парой яна акуратна патэлефанавала мне, сціпла-інтэлігентным голасам спытала пра здароўе. Але бацьку — як згадвала пазней яна сама — паспавядала добра. І ён тлумачыў нашы стасункі: мы сябры, „маю права на такую раскошу”. Вераніка паказвала мне гэты ліст бацькі ў першы дзень нараджэння Міхася Лявонцьевіча пасля яго смерці, 14 лютага 1988 года. Пасля могілак мы з Веранікай паехалі да мяне i доўга гаварылі. Пра яе, пра яе бацьку...
A пазнаёміліся мы ў тых жа Каралішчавічах. Быў семінар маладых. У 1984 годзе. У снежні. У Веранікі з'явілася некалькі цікавых рэцэнзій у друку. На семінары ix высока ацаніў такі сур'ёзны літаратуразнаўца, як Алесь Яскевіч. Прыемна было сказаць сваё слова i мне. І не таму, што пра гэта прасіў некалі бацька. Таму што сапраўды падаваў надзею тонкі крытык — крытык паэзіі. Вершаў сваіх на семінар яна не давала. Вельмі прыгожая — класічная, арыстакратычная прыгажосць — яна трымалася з годнасцю, трошкі адстаронена. Я таксама не стала парушаць „дэмаркацыйнай лініі”.
Сапраўднае наша знаёмства адбылося, калі я прыйшла рабіць у „Нёман”. У тое цяжкое лета 1987 года, у бараўлянскія, апошнія тры месяцы Міхася Стральцова, мы часта сустракаліся, тэлефанавалі адна да адной — i ўранку, i ўвечары... Захавалі добрыя адносіны, i калі яго не стала. „Дамы-патранэсы” з мяне, праўда, не атрымалася. Па розных прычынах. Ды, мабыць, апекаванне — не мая роля. Я заўсёды не хацела быць назолай. Не любіла i не ўмела настойваць на нейкіх сваіх высновах. Заказвала Вераніцы некалькі рэцэнзій, як прыйшла ў „Нёман”. На кнігу Веры Вярбы яна зрабіла прафесійны, з настроем, матэрыял. Нешта не напісала. Часта заходзіла да бацькі — мы рабілі разам з ім ca снежня 1986 года да таго, як ён лёг у канцы мая 1987-га ў шпіталь. Тады i пазначыліся нейкія прыязныя нашы адносіны з ёю. Пры жыцці Міхася Лявонцьевіча — i калі яго ўжо не было побач з намі. Натура тонкая, выбуховая — Вераніка то з'явіцца нечакана ў навагоднюю ноч, як снягурка, з вялізным пакункам апельсінаў, то дашле на дзень нараджэння мілую, натхнёную тэлеграму...
А тым часам, у 1982 годзе, было яшчэ некалькі лістоў, у якіх Міхась, упадабаўшы ролю рамантычнага скептыка, дакараў маю сумотную шэрасць i папракаў у квакерстве, фарысействе i розных іншых смяротных грахах. Можа, i не варта было б цытаваць адзін з яго апошніх лістоў, але ж у ім так відаць той самы „талант общения”, які ён сам у сябе адмаўляе. Талент, так бы мовіць, маналагічнага дыялогу. Toe, чаго няма ў яго творах, i тое, што, можа, не заўсёды было заўважнае ў жыцці — ён быў негаваркі, больш моўчкі назіраў, пасміхаўся, даваў раптам нечаканую характарыстыку.
„Даражэнькая! Ала!
Сіберны твой скразнячок прасвістаў маю істоту навылёт. Bo i цяпер нешта казыча пад лапаткамі, але я абтросся ад дрыжыкаў i мушу ўсё ж сказаць, што нешта не падабаешся ты мне сёння, даражэнькая! Дарэчы, вось я заўважыў, што i „даражэнькім” ты мяне хрысціш, як не ў гуморы. Буду плаціць табе тым жа i я, даражэнькая.
А цяпер скажы, на якое ліха мне Ar. (добра хоць не У.), навошта S.S. — нават ён, душу i розум якога я сапраўды цаню, — навошта мне яны, калі мне трэба нешта, што абарочвалася б табой, крупінкай тваёй увагі ды нейкай няхай прыхамацінкай, бо няўжо ты не зразумела, што я стаў тут капрызлівы — не на чытанне, — не, не на яго, а на чалавечае слова i жэст, i мне сапраўды крыўдна, калі ты адмерваеш нейкую „дыстанцыю”, якая табе магла прымроіцца толькі тады, калі ты пра сябе ці пра мяне падумала блага — а можа, i пра абодвух. Не падабаецца мне, што ты рядишься в этакую просвирню или сваху от
Читать дальше