Загадкі. Загадкі... Загадка Багдановіча. Загадка Купалы. Загадка Стральцова.
Ад людзей розных даводзілася чуць — чаму Міхась Стральцоў напісаў мала? Чаму не пісаў апошнім часам?
Загадку гэтую Міхась Стральцоў панёс з сабой. Але ён збіраўся пісаць. Згадваў. Прыкідваў. Не згубіў ключы ад Сезама. Яго лісты — сведчанне таго. Яго эпісталярная проза. Хаця сумніву, самазнішчэння ў ix — хапае. I роздуму — пра творчасць, пра іншых, пра сябе...
...Неяк Міхась даслаў мне ў Каралішчавічы, у стары Дом творчасці такі ліст. Датаваны 12.08.82.
„Гм, гм!.. Каралішчавічы. Усе мы праходзілі праз ix, як праз эдэмскія вароты, у сваім паляванні па забаронна-салодкую садавіну-пладавіну, якой спакушае нас здзеклівы змій творчасці. І мы, надаткусіў, грашым, a хітры змей-спакушальнік, асляпіўшы i азяліўшы, адно падсоўвае нам яблычкі-зелянухі замест райскіх пладоў ды воўчую ягаду замест блаславёнай смоквы.
Творчага палявання я табе, вядома, вунь як жадаю, а так, у вольны час, бязлітасна спаганяю аброк з матухны-прыроды ў выглядзе звычайных грыбоў, ягад, дажджоў, вятроў i азону, прагульвай вечарам i ранкам розных там Джэры i Джульбарсаў, мо не перавяліся яшчэ? (I барані цябе бог сябраваць з літаратарамі-п'яніцамі (нават для Сцяпана Задсаравіча [Гаўрусёва] выключэння не рабі, выключэнне — для Мяне), не ўваходзь у кантакты з прыезджымі інжынерамі i забеспячэнцамі з Менскага трактарнага i аўтамабільнага, якія чамусьці маюць звычку там у гэты час адпачываць, успамінай лепш іншым часам мяне, а дзеля гэтага паглядзі, хто жыве ў 14, здаецца, пакоі з верандай (на першым паверсе) — там апошнім часам заўсёды жыў я. Але заходзіць туды не заходзь — крый божа! Духу майго там усё роўна даўно няма, таму i сцены цябе могуць не прызнаць. Не заходзь, каб там нават жыў i настойліва запрашаў Міх[аіл] Навум[авіч] Герчык, празаік — чалавек прыкладны ва ўсіх адносінах i велькі працаўнік.
У Каралішчавічах, гэтым патрыярхальным месцейку, вядома, можна i жыць-пажываць, i працаваць, як, урэшце, у любым месцы, якое не паспела апрыкраць. Мне, напрыклад, не тое што апрыкрала, a звыклася, i адзінае, чым я займаўся ў апошні наезд, гэта шастанне па лесе, а занятак гэты я люблю. Нават калі не знаходзіў грыбоў, дык знаходзіў у якім-небудзь нечаканым месцы ўспамін пра тое пра сёе. <...>
Але, сказаць праўду, калі-нікалі працавалася — ca смяшком душэўным з тых, хто гнаў кожны дзень „норму”, я самога сябе, што рашыўся-заахвоціўся, i, дасць бог, якое-небудзь апавяданнейка дагоніш да канца.
Наогул жа, — не люблю я працаваць; вось абдумваць, бывае, падабаецца, бывае, што думаецца нішто, што як бы расхінаецца на момант далеч, нешта вабіць i зырчыць, — о, гэта харошыя хвіліны! Тут пастка, эйфарыя, ці што, i небяспека палюбіць гэты працэс „парения” больш за пакутлівае „рабочае” набліжэнне да яго: a інакш, без работы, як яго ўтрымаць? Утрымаць можна ў памяці (ці надоўга?) або на паперы. Апошняе — i цяжэй, i ўдзячней, ці не так?
Аповесцейку сваю я колькі разоў губіў тым, што, загарэўшыся ёю, ужо як бы адчуўшы цалкам, не садзіўся ў час за стол — i перагараў. Вось яшчэ чаму самадысцыпліна ў працы — усё ж вялікая рэч. I справа тут нават не ў тым, можа, каб кожны дзень, як сцвярджаюць каторыя, пісаць, — па-мойму, гэта лухта. Танк, напр[ыклад], кажуць, пракламуе: страляй i галку, i варону — мо — i ў каршука ці арла патрапіш. Можа. Але качак i варон неабавязкова страляць „на паперы’ i неабавязкова ўсенародна прад'яўляць справаздачу аб гэтай стралянше сваёй. Іншая справа змарнаваць па-сапраўднаму творчую хвіліну (а як ты да яе рыхтуешся, справа твая), тут ужо нешта падобна за злачынства перад сабой i на здраду сабе. У мяне, на жаль, многа такіх здрад. Справа, канечне, непадсудная, але, ведаеш, часамі бывае прыкра. Толькі хопіць пра гэта. Пра ўсё гэта мы мала што ведаем, бо ўсё, сапраўды, у руцэ i волі божай, i нават сказаўшы слова, „нам не дано предугадать...” i г.д.
Можа, адзінае, што вартае, — старацца жыць i рабіць так, каб патрохі „расла душа”. Гэта словы, здаецца, Буніна, i сказаны яны, калі не памыляюся, пра Чэхава — пры ўсіх раўнівых па-свойму адносінах першага да другога. Карацей, варта дбаць пра „душу жыву”, i калі, скажам, слова памагае гэтаму — хвала слову! Праўда, i слова памагае не заўсёды, i слова можа быць (а яшчэ як усё, што звязана з ім) ворагам нашым, асабліва калі паверыш занадта ў сваю ўладу над ім. Крайні прыклад — графаманія. Вось яшчэ чаму я мала веру ў розныя афішкі накшталт „ні дня без радка”. Можна сказаць i па-другому (другое), i вось М.Ушакоў сказаў нешта наконт маўчання-крызісу: „чем продолжительней молчанье, тем удивительнее речь” — паводле формы i энергіі Цютчаў — спачатку i зблытаць можна, палічыўшы за цытату з „Silentium!” Можа, гэта i сапраўды адтуль — генезісам, генетычна, так сказаць. Няхай усім гэтым займаецца Саша Яскевіч, ён любіць рознае шаманства, а мы будзем думаць пра ўсё гэта „па-хатняму”, а за работу ўзяўшыся, калі не перахрысцімся на вобразы, дык на пальцы паплюем.
Читать дальше